Фота ria.ru.

Легендарны разведчык Аляксей Бацян, які кіраваў аперацыяй па выратаванні польскага горада Кракава ў студзені 1945 года, памёр на 104-м годзе жыцця. Аб гэтым паведамляе ria.ru. са спасылкай на прэс-бюро Службы знешняй разведкі Расіі.

У мінулы панядзелак яму споўнілася 103 гады. Бацян нарадзіўся 10 лютага 1917 года ў Чартавічах Віленскай губерні. Цяпер гэта вёска ў Валожынскім раёне.

Чытайце яшчэ: Легендарны савецкі разведчык Аляксей Бацян наведаў малую радзіму – вёску Чартавічы на Валожыншчыне

Аляксей Бацян ваяваў у польскім войску ў складзе зенітнага разліку. У 1939 ён стаў грамадзянінам ужо Савецкага Саюза. З пачаткам Вялікай айчыннай вайны Бацяна залічылі ў выведвальную школу, дзе ён прайшоў падрыхтоўку да закiду на акупаваную нацыстамі тэрыторыю. Вучыўся паўтара года, у якасці практычных заняткаў у перыяд бітвы за Маскву праходзіў баявую практыку, удзельнічаючы ў рэйдах па тылах праціўніка ў Падмаскоўі.

Ваяваў на тэрыторыі Украіны, дзе падарваў 80 афіцэраў Оўручскага гебітскамісарыята. У 1945 годзе група Бацяна падарвала склад з боепрыпасамі ў Ягелонскім замку, што ў Польшчы. Такім чынам, немцы не змаглі знішчыць плаціну вадасховішча на рацэ Дунаец.

Аляксей Бацян стаў прататыпам галоўнага героя кнігі Юліяна Сямёнава і аднайменнага фільма «Маёр Віхр», якія прысвечаныя  праведзенай у 1945 годзе аперацыі па выратаванні ад знішчэння нацыстамі КРАКАВА.

Пасля вайны працаваў у цэнтральным апараце Першага галоўнага ўпраўлення КДБ СССР, удзельнічаў у стварэнні групы спецыяльнага прызначэння КДБ СССР «Вымпел». А пасля адстаўкі ўжо як грамадзянскі спецыяліст яшчэ шэсць гадоў дапамагаў рыхтаваць «маладых спецыялістаў».

Ён узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і Айчыннай вайны I ступені, высокімі польскімі і чэхаславацкімі ўзнагародамі. У постсавецкай Расіі яго ўзнагародзілі ордэнам Мужнасці, а ў 2007 годзе ён стаў Героем Расіі.

У Беларусі ў Бацяна засталіся родныя і блізкія. Яго пляменніца, Марыя Бераснева, працуе ў “Рэгіянальнай газеце”. Калегі выказваюць ёй шчырыя спачуванні з прычыны смерці любімага дзядзькі.

• Текст доступен на языке: Русский