Прапаноў было больш, чым шукальнікаў. Фота аўтара.

Сёння ў фае Цэнтра занятасці зладзілі чарговы кірмаш вакансій. Працу прапаноўвалі дзевяць прадпрыемстваў. Прыблізна столькі ж за гадзіну, адведзеную на мерапрыемства, прыйшло і шукальнікаў.

Аўтобусны парк №5 шукаў кіроўцаў з катэгорыямі Д і Е. Ездзіць трэба па горадзе, прыгарадзе і міжгорадзе.

Па словах спецыяліста, для працы кіроўцы важны досвед. Але ж можна стажыравацца і адразу на прадпрыемстве. Заробак абяцаюць у межах 700 рублёў.

Яшчэ больш зможа атрымаць той, хто пойдзе працаваць слесарам па рамонце аўтамабіляў. І абавязкова, каб спецыяліст умеў працаваць з электраабсталяваннем. Калі новы чалавек будзе добрым майстрам, тут абяцаюць высокі заробак. Вышэйшы, чым у кіроўцаў.

У фае. Фота аўтара.

Яшчэ адна вакансія ад аўтапарка – інжынер на станцыю тэхабслугоўвання. Тут абавязковая вышэйшая інжынерная адукацыя.

Віляйчук Сяргей мае вышэйшую тэхнічную адукацыю. Працаваў у будаўнічых арганізацыях.

А цяпер, кажа, ні аб’ектаў, ні заробку. Можа працаваць механікам, майстрам.

Прадстаўнікі аўтапарка пазначаюць кантакты шукальніка.

ДРСУ-162 у кірмашы вакансій удзельнічае ўпершыню. Спадзяецца знайсці кіроўцу на пагрузчык. Адзначаюць, што патрэбныя правы трактарыста. Заробак 500-600 рублёў.

Работнікаў у летнік «Лясная казка» ўжо пачынае шукаць упраўленне адукацыі, спорту і турызму Вілейскага райвыканкама. У летнік патрэбныя павары, выхавальнікі, рабочыя. А ў сам аддзел гатовыя ўзяць намесніка галоўнага бухгалтара.

Свае вакансіі прапаноўвалі таксама  «Садружнасць», райспажыўтаварыства, Вілейскае ЖКГ, ДСУ №13.

Беспрацоўных – 52, вакансій – 420

Ваканісй было значна больш, чым шукальнікаў. Чаму так не актыўна вілейчукі шукаюць працу, мы распыталі ў начальніка аддзела занятасці Таццяны Цітуленкі.

– Цяжка сказаць, чаму так. Усіх, хто стаіць у нас на ўліку, мы папярэдзілі. Магчыма, людзей не задавальняюць умовы працы, заробак. Бо ўсе гэтыя вакансіі ёсць на нашым сайце. Інфармацыйную працу мы правялі дастатковую, лічыць Таццяна Чаславаўна.

На 1 лютага на Вілейшчыне зарэгістравалі 52 беспрацоўных. А вакансій у раёне – 420.

Па назіраннях суразмоўцы, цяпер рынак працы стаў мабільным. Чалавек не прывязаны да месца. Вілейчукі ездзяць на працу ў Маладзечна, маладзечанцы – у Мінск.

– Дзіўна, што людзі не актыўна карыстаюцца магчымасцю перавучыцца ад аддзела занятасці, – кажа Таццяна Цітуленка. – Мы ж можам накіраваць вучыцца практычна на любую спецыяльнасць.

Да  таго ж будзем аплачваць вучобу, праезд і пражыванне.

Гэта добрая магчымасць. Нават калі табе за 50 і вышэйшая адукацыя, атрыманая дзесяцігоддзі таму ўжо не актуальная, трэба вучыцца, а не ставіць на сабе крыж.

Днямі якраз набралі групу на курс «Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці». Курсы працуюць на базе Вілейскага дзяржаўнага каледжа. Навучаюцца 12 чалавек. Магчыма, гэтыя людзі пачнуць сваю справу і атрымаюць субсідыю на яе.

 

 

• Текст доступен на языке: Русский