Фота republicdomain.com.

Караць змогуць таксама за «дыскрымінацыю інстытуту сямʼі». Унесьці змены плануюць у новай рэдакцыі Крымінальнага кодэксу.

У рэдакцыю «Радыё Свабоды» трапіў адказ Міністэрства аховы здароўя на калектыўны зварот грамадзян пра супрацьстаянне хатняму гвалту. Ліст падпісаны першым намеснікам міністра Дзмітрыем Піневічам.

Фота svaboda.org.

У ім гаворыцца, што Міністэрства аховы здароўя «выступае за прапаганду традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і падтрымала наступныя прапановы ў межах праекту закону „Аб зменах кодэксаў у пытаннях адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці“, у тым ліку ўвядзенне крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюджванне інфармацыі, якая дыскрэдытуе інстытут сямʼі і шлюбна-сямейныя адносіны. А таксама выступае за падвышэнне ад 16 да 18 гадоў узросту, да наступлення якога палавыя зносіны і іншыя дзеянні сэксуальнага характару з непаўналетнім таго ж полу караюцца ў адпаведнасьці з крымінальным заканадаўствам (артыкул 168)».

Пра тое, што ў Беларусі плануюцца змены ў Адміністрацыйны і Крымінальны кодэксы, стала вядома на пачатку лютага. Перагледзець асобныя іх нормы Палаце прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі даручыў асабіста Аляксандр Лукашэнка.

«Радыё Свабоды» звярнулася па камэнтар у Міністэрства аховы здароўя. Там папрасілі даслаць афіцыйны запыт і паабяцалі адказаць на яго ў кароткі тэрмін.

Праваабаронца: гэта не сфера дзейнасці Міністэрства аховы здароўя

«Я спадзяюся, што ў нас да такога не дойдзе, — пракамэнтаваў «Свабодзе» магчымыя перамены крымінальнага заканадаўства старшыня Беларускага Хэльсінскага камітэту Алег Гулак. — Калі Мінздароўя пачынае апекавацца нейкімі каштоўнасцямі, увогуле нейкімі каштоўнасцямі, акрамя каштоўнасці здароўя, то ўзнікае пытаньне, ці на сваім месцы гэтыя людзі? Чым яны займаюцца і за што яны атрымліваюць заробкі?

Пытанне крыміналізацыі, з якога ўзросту і за што, гэта не сфэра дзейнасці Мінздароўя. Яны маглі б выказацца пра навуковыя даследаванні. Пра тое, у якім узросце чалавек адказны за свае ўчынкі, калі ад яго можна чакаць такой адказнасці. Не бачачы гэтых прапановаў цалкам, дастаткова складана камэнтаваць. Асабліва ў кантэксце сувязі з традыцыйнымі каштоўнасцямі. Тут, я думаю, той выпадак, калі ўлады лічаць, што калі нешта забараніць, то яно знікне. Гэта нейкая дзіцячая наіўнасць, памножаная на адсутнасць прававой логікі, і ўпэўненасць у сваёй уладзе».

Фота pixabay.com.

У прэс-службе міністэрства пацвердзілі TUT.BY сапраўднасць дакумента, аднак не змаглі патлумачыць, якую інфармацыю варта лічыць той, што дыскрэдытуе інстытут сям’і, як за гэта будуць караць і чаму ўзрост сэксуальнай згоды варта павысіць толькі для аднаполых адносін.

Па дадзеных Следчага камітэта, па арт. 168 КК у большасці выпадкаў пацярпелыя — дзяўчаты (каля 80%). У 2017 годзе было 126 такіх выпадкаў, у 2018 — 233 чалавекі, за першыя тры месяцы 2019-га  — 60.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць, што, калі ў Беларусі будуць прынятыя такога роду папраўкі, наступствы для краіны будуць значныя:

– I беларускія, і міжнародныя праваабаронцы адназначна будуць крытыкаваць падобную дыскрымінацыю, у тым ліку на ўзроўні ААН. Гэта будзе яшчэ адзін аргумент аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. З дакумента незразумела, чым кіруецца Міністэрства аховы здароўя, ці праводзілі яны даследаванні, на падставе якіх прапаноўваюць зрабіць выключэнне толькі для аднаполых сэксуальных адносін. Выходзіць, што гетэрасэксуальныя адносіны падлеткаў пры тых жа абставiнах Міністэрства не турбуюць. Таксама выглядае неадназначным заклік караць за інфармацыю, якая дыскрэдытуе інстытут сям’і. Што пад гэтым разумеецца? Калі чалавек распавядае, што ён жыве адзін, не плануе ажаніцца і заводзіць дзяцей, яго за гэта пакараюць? А што будуць рабіць з людзьмі, якія жывуць у незарэгістраваным шлюбе, гэта таксама шкодзіць інстытуту сям’і і іх варта пакараць? А як абыдуцца з тымі, у каго ёсць жонка і адносіны на баку, дзяржава і тут ўмяшаецца і пакарае? Відавочна, што дзяржорганы спрабуюць умяшацца ў прыватнае жыццё грамадзян. Хачу нагадаць, што Беларусь — гэта свецкая дзяржава, у нас не могуць быць прыняты законы, заснаваныя на перакананнях рэлігійна настроеных грамадзян. Дыскрымінацыя па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі — гэта парушэнне правоў чалавека.

Вядома, што звароты рэлігійных арганізацый і грамадзян, занепакоеных так званай ЛГБТ-прапагандай, раней паступалі ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў. Намеснік дырэктара Валеры Гайдучонак тлумачыў TUT.BY, што Цэнтр запытваў меркаванне дзяржорганаў, прадстаўнікоў навуковай супольнасці, Беларускую калегію адвакатаў па гэтым пытанні.

— Ніякага праекта закона (аб забароне «ЛГБТ-прапаганды») у прыродзе няма, такое рашэнне не прымалася, — заявіў Гайдучонак. — Магу сказаць, што пераважная большасць дзяржорганаў адказалі, што дзеючае нарматыўна-прававое рэгуляванне з’яўляецца дастатковым для забеспячэння правоў дзіця і сям’і.

Такі адказ відавочна не задаволіў заяўнікаў, таму яны працягнулі збіраць подпісы па ўсёй краіне ў падтрымку сваёй ідэі. У Адміністрацыю прэзідэнта яны абяцалі накіраваць 55 тысяч подпісаў.

— Закон патрэбны, каб педафілы не лезлі да маіх дзецям, — заяўляў TUT.BY дырэктар установы «Бацькоўства» Аляксандр Вялічка, які падтрымлівае ідэю прыняць закон супраць «ЛГБТ-прапаганды». — У нас больш за 2% дзяцей вядуць нетрадыцыйны сэксуальны лад жыцця, пачынаючы з 16 гадоў. Гэта дадзеныя Міністэрства адукацыі (у Міністэрстве адукацыі заявілі, што такіх дадзеных у ведамства няма. — Заўвага. TUT.BY).

У адказ на заявы рэлігійных грамадзян у інтэрнэце пачаўся збор подпісаў пад петыцыяй «супраць спробы забараніць інфармацыю аб ЛГБТ».

— Збор подпісаў супраць ЛГБТ мы лічым несправядлівым і супярэчным каштоўнасцям свецкага грамадства. Мы існуем ў дзяржаве, дзе плюралізм меркаванняў і свабода яго выразаў прызнаюцца каштоўнасцю і ніякая сацыяльная група не можа мець прывілеяў у агучванні сваёй пазіцыі і прасоўванні сваіх каштоўнасцяў. Хрысціяне і атэісты, а таксама ўсе іншыя групы людзей павінны мець роўныя правы для выказвання свайго меркавання і аповяду пра свой жыццёвы вопыт, і ніякае меркаванне, якое не заклікае да дыскрымінацыі або гвалту над іншымі, не можа быць забаронена да распаўсюду — паказваюць аўтары петыцыі.

Што такое ўзрост сэксуальнай згоды

Паняцце ўзросту сэксуальнай згоды выходзіць з крымінальнага права і вызначаецца ў большасьці краін свету. Яно азначае ўзрост асобы, з якога яна здольная даць асэнсаваную згоду на сэксуальны кантакт з іншым чалавекам. У Беларусі, як і ў пераважнай большасці краін свету, узрост сэксуальнай згоды пачынаецца з 16 гадоў. У значнай колькасці краін, у тым ліку краін Еўразвязу, ён пачынаецца з 14 гадоў. Сярод іх Германія, Італія, Сербія, Кітай. Ад 15 гадоў пачынаецца ўзрост згоды ў Польшчы, Чэхіі, Францыі. Найменшы прадугледжаны ў Емене (9 гадоў), найбольшы — у Тунісе (20).

Сесія Палаты прадстаўнікоў, на якой могуць прагаласаваць за будучыя змены ў Крымінальны і Адміністрацыйны кодэксы, пачнецца ў красавіку.