Дзяўчаты распавядаюць «РГ» пра свае самыя няўдалыя спатканні.

Тры гісторыі беларускі з-за замежжа і адна з Маладзечна

Першая будзе з Японіі. Там сябравала з індусам, а ў яго быў рэстаран. Я да яго прыходзіла ў госці – смачна паесці і папіць. Рэстаран быў далёка ад майго дома, таму ездзіла на таксі, якое каштавала 40 долараў у адзін бок, але ён грошы мне аддаваў. Я здагадалася, пачала ездзіць на метро за 1 долар, потым трэба было яшчэ пешшу прайсці. А ён па-ранейшаму даваў мне на таксі 100 $ – тыпу, туды-назад.

Былі на востраве ў Грэцыі з сяброўкай. Аднойчы пайшлі на спатканне з «Ціндэра» з чуваком. Востраў невялікі, у яго была “тачка” і ён павёз нас на іншы бераг. Там мы зайшлі ў кафэ, нешта замовілі, пагаварылі. Ён пасля кажа: я паехаў, а вы самі тады дадому едзьце. І зваліў. Нам давялося ўвесь вечар шукаць, як заехаць назад, на іншы бераг вострава.

Апошняя гісторыя з Італіі. Мне было сумна, вырашыла сустрэцца з хлопцамі, каб яны павазілі па гарадах. З адным паехалі ў бліжэйшы горад. Ён паставіў машыну на платную стаянку. Пайшлі ў цэнтр, які абышлі кругамі два разы вельмі хуткім крокам. І ён кажа такі: «Ну, паехалі назад». А прайшло хвілін 20. Нічога не прапанаваў увогуле: ні кавы, ні гарбаты. Падыходзім да машыны: «Ой, мы былі менш за 30 хвілін, таму плаціць за паркоўку не трэба». Прывёз дадому, лезе цалавацца! Карацей, была ў шоку.

І вось пра Маладзечна. Яшчэ ў гадоў 15 мы з сяброўкамі друкавалі запіскі, на якіх была мая фотка. Ніжэй пісалі маё імя, узрост і подпіс кшталту: «Ты мне вельмі падабаешся, вось мой нумар». І хадзілі па горадзе раздавалі. А потым сяброўкі мяне адпраўлялі сустракацца незразумела з кім. Хаця асабліва ніхто і не званіў.

Ганна.

Сяргей, якому падабаюцца рыжыя і беларускамоўныя

Іду па Мінску, рыжая і беларускамоўная – гэта важна. На плячы – торба з надпісам па-польску. Падыходзіць да мяне хлопец і пытаецца пра надпіс на торбе. Расказвае, што жыў у Польшчы, ведае польскую. Слова за слова, хлопец прыемны, і я даю яму свой нумар тэлефона.

Праз пару дзён пайшлі з ім на каву. Хлопец аказаўся вельмі цікавы – мае досвед жыцця за мяжой, кнігі чытае, пачуццё гумару мае, гаворыць прыгожа. Ён да мяне па-руску, я да яго – па-беларуску. З выгляду таксама сімпатычны. Але нешта было ў ім такое, што мяне напружвала. Не магу патлумачыць, што канкрэтна. Таму калі ён запрасіў да сябе ў госці, то не пайшла. Мы яшчэ пару разоў хадзілі на каву, але мяне не пакінула адчуванне таго, што нешта не так.

Праз нейкі час сустрэлася са сваёй сяброўкай. Таксама рыжай і беларускамоўнай. Кажу – прыкінь, сустрэла такога прынца, усё быццам добра, а нешта ўнутры кепскія прадчуванні. Што я за чалавек такі загонны! Паныла ёй троху, расказала пра таго хлопца. А яна пытаецца – а яго не Сяргей завуць? Я кажу – Сяргей. Ён не бялявы такі? Бялявы. Яна пакапалася ў тэлефоне і паказвае мне фота ў сацсетках – ён?

Я ўся ў шоку – адкуль ты ведаеш?

Яна кажа – ён пару месяцаў таму да яе на вуліцы падышоў пазнаёміцца. Пагаварылі, і яна пайшла да яго дамоў. У яго пакоі ўсё было ў нейкіх духмянасцях і індыйскіх штучках, у суседнім – яго бацькі глядзелі целік. Ён адразу пачаў прыставаць, і яна хутка сышла. Пабегла да сяброўкі расказаць, якога дзівака сустрэла. Сяброўка была адгадайце якая? Ага, рыжая і беларускамоўная. Выслухала маю сяброўку і задала ёй тыя ж пытанні, што і яна мне. Сяргей? Бялявы? Аказалася, што ланцужок гэты не мае канца і краю.

Аляксандра.

Сустракаць світанак пад гукі піяніна і віно

У мінулым годзе быў такі складаны графік, што на рамантычныя сустрэчы проста не хапала часу. Аднаго дня пасля працы зайшла ў гандлёвы цэнтр і там сустрэла хлопца, з якім вучылася ва ўніверсітэце. Мы паразмаўлялі, выйшлі на вуліцу, я збіралася пайсці на прыпынак, а ён прапанаваў мяне падвезці.

Едзем па сталічным праспекце да мяне дадому, вельмі міла ўспамінаем універ. Гутарым аб нечым неабавязковым, што тады здавалася вельмі важным. Я і не заўважыла, што мы амаль гадзіну ўжо як прыехалі. Збіраюся пайсці, а ён – заставайся. Дастаў нейкія шакаладныя цукеркі і шампанскае з багажніка. Яшчэ падумала, чаму яны там увогуле ляжалі. Я папіла шампанскага, паела цукерак і зноў збіраюся пайсці.

А ён – паехалі да мяне. Гутарка была цікавая, кампанія мне падабалася, таму я паехала з ім. Прыехалі да яго ў кватэру. Ён музычны хлопец, таму мы разам спявалі, а ён іграў на піяніна. Пілі віно, распавядалі адзін аднаму пра свае планы на будучыню. У яго яшчэ такі від з акна на Мінск на досвітку быў! Рамантыка. Карацей, прагутарылі ўсю ноч пад віно і музыку. Раніцай ён адвёз мяне дадому, таму што трэба было ісці на працу.

І самае галоўнае – больш ён мне ніколі не тэлефанаваў і мы не сустракаліся. Так і не зразумела, што пайшло не так.

Анастасія.

• Текст доступен на языке: Русский