Фота vk.com/fcmolodechno.

ФК «Маладзечна» апублікаваў афіцыйны каментар з нагоды інфармацыі, якая з’явілася ў СМІ аб магчымым аб’яднанні з ФК «Андэрдог».

«Хочам заявіць, што на сённяшні дзень у нашага футбольнага клуба ўжо на 90% сфарміраваны бюджэт на сезон у Першай лізе за кошт спонсарскіх дамоваў і іншай фінансавай дапамогі, пры гэтым праца па пошуку пазабюджэтнага фінансавання клуба працягваецца, аднак сітуацыя, якая склалася з будучыняй каманды, ставіць усе нашы перамовы на паўзу, выклікаючы зразумелы недавер з боку патэнцыйных інвестараў.

Таксама па плане праходзіць і трэніравачны працэс нашай каманды, намечаны чарговыя спарынгі, падчас якіх, у тым ліку, праглядаюцца новыя футбалісты з мэтай узмацнення і амаладжэння асноўнага складу.

Акрамя гэтага з боку ФК «Маладзечна» практычна завершана падрыхтоўка дакументаў для атрымання ліцэнзіі, неабходнай для ўдзелу ў Першай лізе. Завяршыць жа дадзеную працэдуру ўсё так ж перашкаджае жаданне аддзела спорту і турызму Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта сілком стварыць новы клуб на нашай базе, у той час, як ФК «Маладзечна» на падставе вышэйпададзенага з’яўляецца самадастатковай юрыдычнай асобай, здольная самастойна вырашыць пытанне аб удзеле ў Першай лізе без якіх-небудзь рэарганізацый».

Нагадаем, што некалькі дзён таму з’явілася інфармацыя, што маладзечанскі клуб расфарміруюць. У аддзеле спорту і турызму карэспандэнты «РГ» атрымалі каментарый Рамана Кузняцова, які ўзначальвае дадзены аддзел. Ён распавёў, што плануюць аб’яднаць ФК «Маладзечна» і ФК «Андэрдог».