Фота prakard.com.

У іншых членаў сям’і хваробы няма. Мама дзяўчынкі схіляецца да версіі, што яе дзіця маглі заразіць ў бальніцы, піша «Брэсцкая газета».

Святлана з Пінска нарадзіла дачку ў лютым мінулага года. Па словах жанчыны, падчас родаў малой зламалі ключыцу. З радзільні дзіцяці перавялі ў дзіцячую бальніцу: Святлану разам з дачкой не паклалі з-за таго, што яна жыве ў Пінску і можа наведваць яе ўвесь час. Жанчына хадзіла да дачкі праз дзень – акрамя нованароджанай, у яе ёсць і іншыя дзеці.

«Грудным малаком я яе не карміла, таму што па стане здароўя мне забаранілі», – распавядае жанчына.

Праз некалькі тыдняў малую выпісалі дадому. А ў жніўні мінулага года дзяўчынку зноў паклалі ў шпіталь – на гэты раз з сыпам. Да выпіскі аналізы былі добрыя, гемаглабін у норме.

«А ў кастрычніку мы трапілі ў бальніцу. У яе гемаглабін ўпаў, а СОЭ паднялося. Вось з гэтага моманту мы ўсе лечымся і лечымся. Потым нас адправілі на Брэст да гематолога. Аналізы паказалі тое самае – гемаглабін нізкі, СОЭ высокае. Мы вазілі яе на ўколы, праз дзень ёй калолі ўколы, каб падняць гемаглабін. Гемаглабін не паднялі. Потым мы былі дома. Здарыўся прыступ – сутарагі. Хуткая забрала нас у бальніцу. У Брэсце кардыёлаг даў накіраванне на аналізы платныя і бясплатныя здаць. Здалі платныя. На наступны дзень нам тэлефануе інфекцыяніст і кажа, каб мы пад’ехалі з дзіцем», – распавядае Святлана.

Вось тады бацькі і даведаліся, што ў іх дзіцяці – ВІЧ. Натуральна, усю сям’ю, у тым ліку і астатніх дзяцей, адправілі на аналізы.