Пра зборнік навуковых артыкулаў «Крэва: Гісторыя, археалогія, культурная спадчына» карэспандэнту распавёў навуковец, нязменны кіраўнік раскопак у Крэве, укладальнік зборніка Алег Дзярновіч.
– Гістарычнае мястэчка Крэва стала прыцягваць ўвагу навукоўцаў яшчэ ў 19 стагоддзі. У публікацыях Дзяменція Плаўскага і Часлава Янкоўскага, на класічных ужо фотаздымках Яна Булгака і Станіслава Філіберта Флёры, на карцінах Яна Рушчыца, у міжваеннай беларускай і польскай прэсе паўстае легендарная гісторыя Крэва, яго замка і наваколляў, – кажа Алег. – Другая палова 20 стагоддзя дае нам таксама краязнаўчую традыцыю – у самім Крэве жылі і жывуць людзі, якія імкнуліся збіраць гістарычныя звесткі пра сваю малую Радзіму.

Па словах навукоўца, правядзенне ў чэрвені 2016 года першых «Крэўскіх чытанняў» мела на мэце стварыць пляцоўку для рэгулярных абмеркаванняў даследчыкаў, якія зацікаўленыя археалогіяй, гісторыяй і культурнай спадчынай Крэва. Чытанні далі свой плён у выглядзе зборніка.
Матэрыялы размешчаны ў раздзелах:
- Крэва як адзін з цэнтраў Lithuania propria (Літвы летапіснай) і праблема балта-славянскіх кантактаў у канцы 1 – пачатку 1 тысячагоддзя нашай эры
- Крэўскі замак: ля вытокаў мураванага абарончага дойлідства Вялікага Княства Літоўскага
- Крэва і ВКЛ у перыяд позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу (15—18 стагоддзі)
- На лініі фронту: Першая сусветная вайна і Крэва
- Крэва ў міжваенны час (беларускае мястэчка ў складзе Польскай дзяржавы)

– Асобна трэба сказаць пра матэрыялы нашых калег з Пскова, – адзначае Алег Дзярновіч. – 2016 год у гэтым старажытным горадзе адзначаўся як «Год Даўмонта». Гэты князь у выніку унутрыпалітычнай барацьбы вымушаны быў пакінуць Літву ў скіравацца ў Пскоў, князем якога ён стаў у 1266 годзе. У праваслаўнай традыцыі Даўмонт вядомы як святы Цімафей. Гэта вельмі заслужаная для Пскова гістарычная фігура. У летапісах Даўмонт прыгадваецца як нальшчанскі князь. Дакладная лакалізацыя Нальшчанаў, як адной з земляў гістарычнай Літвы, выклікае праблемы. Вядома, што гэтая зямля знаходзілася паміж уладаннямі Лівонскага ордэна і уласна Літвой. У нямецкіх жа крыніцах мы можам сустрэць прыгадку пра Крэва як пра сталіцу Нальшчанаў. Вось чаму нашыя пскоўскія калегі зацікавіліся магчымасцю ўдзелу ў канферэнцыі на зямлі іх слаўнага князя.
У зборніку навуковых артыкулаў прадстаўлена багатая гістарычная, археалагічная, культурная спадчына Крэва. Змешчаныя матэрыялы тычацца праблем балта-славянскіх кантактаў, гісторыі Крэўскага замка, а таксама мястэчка позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу, падзей Першай сусветнай вайны ў Крэве, гісторыі мястэчка ў міжваенны перыяд; асобна прадстаўлены матэрыялы, звязаныя з князем Даўмонтам.
Выданне зацікавіць навукоўцаў, краязнаўцаў, навучэнцаў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыка-культурнай спадчынай Беларусі.
• Текст доступен на языке: Русский