А вось так пагрэцца можна толькі ля печкі. Фота забяспечанае аўтарам.

Некалькі дзён таму стала вядома, што Расія будзе пастаўляць Беларусі газ па старой цане – 127 долараў за тысячу кубаметраў. Хаця пэўны час меркавалася, што цэны на газ вырастуць. Чым лепш, танней і зручней ацяпляць дом і ці трэба будзе ў бліжэйшыя гады жыхарам прыватных дамоў у рэгіёне ўспамінаць пра печку?

Ацяпленне газам – суцэльныя плюсы

Сям’я Сапачоў жыве ў прыватным доме на Маладзечаншчыне. Газам ацяпляюцца каля дзесяці гадоў. Каб пайшло цяпло, трэба толькі націснуць на кнопку. Тэмпературу можна рэгуляваць самім.

– Раней, да газу, мы выкарыстоўвалі дровы і торф. На маю думку, у параўнанні з імі газ мае адны толькі перавагі. Не трэба нарыхтоўваць паліва, паліць два разы на дзень, выносіць попел. У доме ўвесь дзень пастаянная тэмпература. Заўсёды цёплая вада, яе таксама грэюць газам. Можна дом пакінуць на некалькі дзён, не баючыся, што размерзнецца сістэма, – пералічвае плюсы газавага ацяплення мая суразмоўца Ларыса і жартуе: – І яшчэ мужык не патрэбны ў доме.

Мінус хіба ў тым, што газавае абсталяванне каштуе дорага. І з афармленнем дакументацыі было шмат цяганіны.

Праект газаправода вяскоўцы рабілі за ўласны кошт. Дзяржава адразу аплаціла 30 працэнтаў, астатнія 70 пачала вяртаць праз год.

Плошча дома, дзе жыве сям’я Сапачоў, – крыху большая за 90 квадратных метраў. Каб у доме было цёпла зімой, гаспадары плацяць 40-50 рублёў у месяц. Больш канкрэтная сума залежыць ад надвор’я, ад таго, наколькі халодная зіма. Суразмоўца адзначае, што іх дом стаіць на такім месцы, дзе пастаянныя вятры, таму паліць трэба больш. Калі б забудова была больш шчыльная, было б менш выдаткаў. Але затое ў доме ніколі не бывае горача.

Па назіраннях спадарыні Ларысы, усе знаёмыя вяскоўцы задаволеныя газавым ацяпленнем. А хто быў супраць адразу, то падключаліся пасля.

А пра газавыя супярэчнасці з Расіяй няма часу задумвацца, падсумавала суразмоўца.

Ацяпленне дровамі – па грашах столькі ж, але нязручнасцяў больш

Сям’я Дуровічаў – з Вілейшчыны. У іх вёсцы газ не праведзены. Людзі ацяпляюцца дровамі. У нашых герояў дом плошчай каля ста квадратаў. Ацяпляюцца катлом, які працуе на дровах. Расход дроў залежыць ад надвор’я. Але ў сярэднім – два-тры кубаметры ў месяц.

У лясгасах рэгіёна адзін кубаметр дроў з дастаўкай каштуе ў межах 25 рублёў. Выходзяць прыкладна тыя ж самыя 50 рублёў на месяц, якія плаціць сям’я, што ацяпляецца газам.

Але, на думку гаспадароў, да іх матэрыяльных затрат, варта дадаць яшчэ і фізічныя:

– Замоўленыя дровы трэба скласці, некаторыя перад гэтым пасекчы. Пасля штодзень іх трэба прыносіць да катла. Калі зіма снежная, падвозім на старых дзіцячых санках. Калі ж – як цяпер, то носім ахапкамі. Стараемся ўсё рабіць акуратна, але як толькі ацяпляльны сезон – кара і пілавінне не толькі ў кацельні, а па ўсім доме. Раз на некалькі дзён трэба чысціць кацёл і выносіць попел, – расказвае пра ацяпленне дровамі гаспадыня Ірына.

Калі б была магчымасць падключыць газ у нашай вёсцы, зрабілі б гэта за любыя грошы, кажа Ірына.

Эксперт: Пра печку пакуль думаць не варта

Дамова пра 127 долараў за тысячу кубаметраў газу – часовая, а як там складзецца далей, пакуль сказаць цяжка. І ўсё ж пра печкі жыхарам прыватнага сектара ўспамінаць пакуль не варта, лічыць эксперт у нафтавай і газавай галінах Таццяна Манёнак.

– Улічваючы апошнія тэндэнцыі на газавым рынку, Беларусь мяркуе знізіць кошт на расійскі газ са 127 долараў за тысячу кубаметраў да 70-75. Па такім кошце газ купляе Смаленск. І ўвогуле кошт газу зніжаецца ва ўсім свеце, – расказала Таццяна.

На яе думку, Расіі не выгадна завышаць цэны для Беларусі – другога спажыўца расійскага газу пасля Германіі. Да таго ж праз Беларусь праходзяць дзве трубы «Газпрама». Таму ў газавым пытанні Расія таксама крыху залежыць ад Беларусі. Расія разумее гэту залежнасць. І калі цэны істотна павысяцца, Лукашэнка абяцаў, што будзе шукаць альтэрнатыўных пастаўшчыкоў газу.

А вось на прапановы Беларусі плаціць за газ не доларамі, а расійскімі рублямі Расія пакуль не пагаджаецца.

– Такім чынам, добра, што цэны на газ пакуль хаця б не павышаюцца. Але кепска тое, што ў пытаннях з расійскім газам і нафтай па-ранейшаму нявызначанасць, – падсумавала Таццяна.

• Текст доступен на языке: Русский