10 лютага клуб «Цікавыя сустрэчы», што дзейнічае на базе музеяў «Вілейшчына літаратурная» і «Ільянскія далягляды» ў Ільянскай сярэдняй школе імя Грымаця сустракаў народны аматарскі калектыў аўтарскай песні «Імпэт» пад кіраўніцтвам Галіны Кутас.

Сустрэча адметная тым, што сёлета калектыву спаўняецца 20 год. У красавіку 2003 года «Імпэт» атрымаў найменне «народны». І кожныя тры гады калектыў яго паспяхова пацвярджае.

Асновай творчасці сталі вершы-песні Галіны Кутас. Аўтарамі слоў многіх песень з’яўляюцца Мікола і Генрых Кутасы. У рэпертуары калектыву 70 песень, з іх дзесяць беларускамоўных – для дзяцей.

Галіна Кутас – нязменны кіраўнік «Імпэту» – таленавітая, творчая, няўрымслівая. Нарадзілася яна на Валожыншчыне. Скончыла Гарадоцкую сярэднюю школу Маладзечанскага раёна з сярэбраным медалём, Мінскі педагагічны інстытут – з чырвоным дыпломам. Працавала настаўніцай у школах Вілейскага раёна, загадчыкам прафсаюзнага клуба Ільянскага саўгаса-тэхнікума, старшынёй Ільянскага сельскага Савета. Сёлета Галіна Віктараўна святкуе два юбілеі: 20-годдзе аматарскага калектыву “Імпэт” і сваё 70-годдзе.

– Самая лепшая аўдыторыя – гэта школьная, – пачала сваю размову са слухачамі былая настаўніца. – Мы вельмі рады сустрэчы з вамі, і таму выступленне пройдзе пад назвай «Радасць новых сустрэч». Сёння будзем спяваць пра каханне, якое бывае гарачым, шчаслівым, а нярэдка прыносіць боль і смутак.

Песню «Снег растане» на словы і музыку Галіны Кутас выканала салістка калектыву Марына Шэрая – музыкант, загадчык філіяла Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў. Яна падзялілася ўспамінамі пра сваіх былых вучняў, расказала пра іх шматлікія высокія дасягненні.

З радасцю віталі вучні былую настаўніцу замежнай мовы Святлану Міхалькевіч. У яе выкананні прагучалі песні на словы і музыку Галіны Кутас «Ноч» і «Не пытайся».

Антаніна Галубовіч выканала песню на словы Генрыха Кутаса і музыку Галіны Кутас «Хто даруе за ўсё». Антаніна – выпускніца ільянскай школы. Яна закончыла Маладзечанскі музычны каледж імя Агінскага, потым Мінскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Танка па спецыяльнасці музыка і рытміка, працуе мастацкім кіраўніком Чысцінскага ДК.

“Імпэт” – на сцэне Ільянскай школы.Фота забяспечанае аўтарам.

Госці не толькі спявалі песні, а таксама дзяліліся ўспамінамі, гаварылі пра жыццё. Са словамі наказу і пажаданнямі звярнуліся да вучняў удзельнікі калектыву Галіна Кажура і Юры Амілаўскі.

Сваю канцэртную праграму народны калектыў «Імпэт» завяршыў песняй на словы Яўгеніі Янішчыц і музыку Галіны Кутас «Пачынаецца ўсё з любові».

Выступленне артыстаў дазволіла вучням яшчэ раз адчуць прыгажосць роднага беларускага слова.

Шчыра віншуем народны аматарскі калектыў аўтарскай песні «Імпэт» і асабіста Галіну Віктараўну з юбілеем і жадаем здароўя і творчага даўгалецця.

• Текст доступен на языке: Русский