Фота pressball.by.

У рэдакцыю pressball.by звярнуўся Алег Страхановіч, якога адмыслова прадстаўляць не трэба. Вопытны 40-гадовы футбаліст маладзечанскай каманды пажадаў выказаць сваё мерквананне на ўсё, што адбываецца — і яно аказалася рэзка негатыўным.

— Тое, што цяпер робіцца з нашай камандай, — яскравы прыклад, як можна пахаваць беларускі футбол. За два гады ФК «Маладзечна-2018», створаны фактычна з нуля на энтузіязме Аляксея Вяргеенка, дамогся права выступаць у Першай лізе. І за гэта клуб хочуць знішчыць? За добрую справу? Я вось заўсёды разумеў: здзейсніў дрэнны ўчынак — цябе пакаралі. Лагічна. Але, на жаль, у жыцці ёсць і парадоксы: робіш добрую справу — і ўсё роўна вінаваты! Прыкладна такая сітуацыя ў нас. А якія матывы ў тых, хто ўсё гэта задумаў, хай народ разбіраецца. Але я тут не бачу ні маралі, ні сумлення, ні гонару — нічога. Вось працягваем трэніравацца, і ў нас па сорак футбалістаў на праглядзе, з розных куткоў краіны. І моладзі сярод іх хапае. Мы што, набіраем, каго папала?

— У начальніка аддзела Маладзечанскага спорткамітэта Рамана Кузняцова іншае меркаванне. Ён лічыць, што гуляць трэба сваімі — і развіваць моладзь, а фарміравацца за кошт прыезджых футбалістаў няма сэнсу: атрымліваюцца каманды-аднадзёнкі…

— А чым падмацаваныя такія выказванні? У мяне тады адно пытанне: дзе вы былі дваццаць гадоў з такой пазіцыяй?

— Пры чым Кузняцоў да таго, што адбывалася ў маладзечанскім футболе ў тыя гады?

— Добра, тады іншае пытанне: ён да гэтага шмат наразвіваў у сваіх Стоўбцах? Зараз чатыры гульца «Нёмана-Агра» замяшаныя ў дамоўных матчах, каманда пазбаўленая ачкоў… А потым спадар Кузняцоў ставіць нам у прыклад Стоўбцы, разважаючы пра «Маладзечна». Такое адчуванне, што ён дзесьці вычытаў падобныя думкі і проста ператварыў у свае словы. Трэба ведаць футбольную кухню і пагатавацца ў ёй, а не зыходзіць з голай тэорыі. Ёсць практыка, пра якую ў кніжках не напісана і яе нічым не заменіш. Хай прагучыць нясціпла, але Страхановіч, Сяргей Крот, Алег Шкабара — паважаныя людзі ў беларускім футболе. Напэўна, 29-гадовы Кузняцоў трохі забыўся пра гэта. Ці, можа, у яго ёсць крыўда, што «Нёман-Агра» прайграў у першым крузе «Маладзечна» з лікам 1:11. А ў другім — з усімі нашымі «старымі» і «няправільнай пазіцыяй» — 0: 8. Мне было шкада стаўбцоўскіх дзецюкоў, але мы не вінаватыя, што яны апускалі рукі пасля трох прапушчаных галоў. А чаму? Развіццё маладых будзе толькі тады, калі побач з імі ёсць і «дзядзькі», якія завядуць.

А мы здзейснілі суперрэактыўны ўзлёт, літаральна за год выйшаўшы ў Першую лігу без усялякіх там вялікіх фінансавых уліванняў. І вось зараз быццам адмыслова заходзіць гаворка пра каманды-аднадзёнкі, калі ў «Маладзечна» усе мы разам хочам ісці вышэй — і развіваць мясцовы футбол далей. У мінулым годзе ў клубе было 17 чалавек з Маладзечна. І маладых сярод іх было не два і не тры. Так, можа, не так шмат, як хацелася б. Так яны не вінаватыя, што ў 18 гадоў не могуць правільна нагу разгарнуць і аддаць нармальны пас нізам унутраным бокам ступні. Гэта плады дваццацігадовага «развіцця» футбола ў горадзе. А у нас ёсць мэта і мара, каб маладыя гульцы «Маладзечна» паверылі, што ў будучыні яны могуць абараняць колеры зборнай. Як раней Вяжэвіч, Макоўскі, Карыцька, Андрэй Мілеўскі, з якім я сам выступаў за зборную.

— Аднак ты задаў планку – зборная…

— Добра, іншы прыклад. Узялі ў свой час у «Славію» з Другой лігі Дзяніса Кавалеўскага ў апошні дзень заяўкі — і ён адыграў увесь сезон у Мазыры ў аснове. Хіба не паказчык для астатніх, што такое сапраўды магчыма? «Маладзечна-2018» у гэтым плане рабіла толькі першыя крокі. Да прыкладу, хай малады Сямён Хаткевіч не крыўдзіцца, але ў яго два гады таму рукі ляцелі ў адзін бок, а ногі беглі ў іншую — каардынацыя пакутавала. Але чалавек бязмерна закаханы ў футбол, яму проста патрабаваліся падтрымка і веды. Або дзесяцікласнік Глеб Гулецкі. Я бачу, што ён будзе гуляць. Ён прыходзіць на трэніроўку з адкрытым ротам — даем яму больш упэўненасці ў сабе. А на поле маладыя у каго могуць пераняць досвед?

Проста расчараваны тым, што цяпер адбываецца з клубам з 70-гадовай гісторыяй. Па іроніі лёсу, у 1998 годзе забіў яму першы гол у Вышэйшай лізе, калі выступаў за брэсцкае «Дынама». І вось аказаўся ў «Маладзечна» на заходзе кар’еры. Ды яна ўжо, можна сказаць, і скончылася. Але ніколі не буду мучыць сябе і іншых. Перад тым, як прыйсці сюды, спытаў у Вяргеенкі: я дакладна вельмі патрэбны? Ён адказаў: так, ва ўсіх выявах — на поле і па-за ім. На дадзены момант не спраўлюся толькі моладдзю, у тым ліку,каб і прасоўваць свае ідэі развіцця клуба. А мы аднадумцы, за кошт чаго выйшлі ў Першую лігу. Але, аказваецца, усё роўна дрэнныя — і ідзем не тым шляхам! І наогул, на якой падставе вось так вырашаецца лёс «Маладзечна»?

— Наколькі я зразумеў, спартаддзелам райвыканкама ўсе ўзгадняецца — з усімі належнымі інстанцыямі. Будзе аб’яднанне «Маладзечна» і «Андэрдога», ніхто нікога не хавае. Дык чым дрэнная ідэя інтэграцыі двух клубаў і стварэння ў Маладзечне на гэтай базе магутнай футбольнай структуры?

— Тады давайце прадставім, пры ўсёй умоўнасці параўнанняў, што аб’ядналіся мадрыдскі «Рэал» і «Атлетыка». Лонданскія «Арсенал» і «Чэлсі». «Ліверпуль» і «Эвертан». І што атрымаем? Або паглынанне слабейшага мацнейшым матэрыяльна, або незразуметы сімбіёз — асабліва для заўзятараў. У «Маладзечна» ёсць свая аўдыторыя, ад малога да вялікага. Як і мы, яна таксама марыць аб новых рубяжах і развіцці менавіта гэтага клуба. Прывяду толькі адзін прыклад. Сямігадовы хлопчык Пеця Мароз не прапусціў ніводнай хатняй гульні. Ён малюе ілюстрацыі да кожнага матчу, загадзя піша на ім рахунак у нашу карысць і практычна заўсёды адгадвае! Ён улюблёны ў сваю каманду і верыць у яе. А цяпер у што ён будзе павінен паверыць? У ўмоўны «Моланд» ці «Молдог»? Так, у «Андердога» з’явіліся фінансы — падобна, ён тут заказвае музыку. Але не ведаю: вось з’явяцца грошы на сур’ёзных гульцоў па мерках Першай лігі, і ці захочуць яны важдацца з моладдзю, як мы?

— Пра гэта і гаворыцца: стаўка на сваіх — і развіццё моладзі, хай нават у шкоду выніку на стартавым этапе.

— Вы верыце ў гэта? А чаму так раней не рабілі? А тут Вяргеенка зрабіў шакаладку з простай карамелькі. Пазбіваў каманду, дзе людзі гулялі чыста за любоў да футбола. Або вось яшчэ. Той жа Сямён Хаткевіч працуе дзіцячым трэнерам у ДЮСШ-4. Да каго ён прыходзіць, каб спытаць плойму саветаў? Да нас — ці да Кузняцова?

Фота fcslavia.by.

— Ён і не павінен адказваць на такія пытанні. З чаго б?

— Тады чаму ён разважае пра нас выключна ў негатыўным ключы? Дарэчы, ёсць яшчэ адзін спадар — Аляксей Ярамчук, прадстаўнік кампаніі «Тэсла». Як я зразумеў, гэтая кампанія мае намер тут быць галоўным інвестарам. Дык вось Ярамчук заявіў, што на гульні з «Арсеналам» у Дзяржынску трэнер «Маладзечна» быў п’яны, а ў суддзяў ляцелі нейкія буцы і наогул стаяў мат-перамат… Пры гэтым не называе прозвішча трэнера, хто і што кідаў, хто лаяўся — напэўна, юрыдычна граматны. На якой падставе ён абвінавачвае? Давайце тады спытаем у міліцыі, якая працавала на матчы. Або паглядзім запісы суддзяў у пратаколе. Іх няма і быць не можа — усё гэта хлусня і нізкі ўчынак. Але які тады матыў у Ярамчука? Жалезны: запудрыць людзям мазгі, якое «Маладзечна» дрэннае.

Што ж не казаў пра гэта адразу — у верасні, калі такое ўбачыў? Чаму менавіта цяпер? А таму, што хтосьці, лічу, пераследуе асабістыя інтарэсы. Мне ў такіх выпадках хочацца вярнуцца да дваранства, калі выклікалі на дуэль. І прапанаваць, напрыклад, бой на баксёрскіх пальчатках. Бо калі ў нас нецвярозы трэнер на гульні — значыць, і каманда абы што. А мы практычна не прапускалі галоў, у другім крузе наогул ні разу не прайгралі — гэта паказчык на любым узроўні. Зноў жа тут гаворыцца пра гульню з «Арсеналам» з яго структурай, складам, фінансавымі ўкладаннямі. І тут прыехала каманда ў такім стане, і згуляла ўнічыю 2:2 з лідарам лігі?

А што трэба Ярамчуку ў Маладзечне? Горад? Стадыён? Не ведаю, што яны там задумалі. Але думка знішчыць «Маладзечна» відавочна была ў іх яшчэ тады, калі мы сустракаліся з «Арсеналам». Гэта значыць як атрымліваецца: вы сабе пакуль гуляйце, а мы вас потым усё роўна ўбяром, зыходзячы з свайго статусу і становішча? А так ўзьвесьці паклёп на нас — гэта, паўтаруся, нізка і подла. Абараняцца ж мы будзем заўсёды. Напэўна, сёй-той забыўся адзін нюанс: мы даўно ўсталі з каленяў. Так, нас могуць ударыць і мы можам зваліцца, але на калені ўжо не станем.

— Карацей кажучы, паўнавартаснай часткай праект «Маладзечна», які намячаецца, ты не бачыш.

— Яго там абсалютна не будзе. А яны, напэўна, думаюць, што вялікая акула з’ела маленькую рыбку. Ну, тады давайце вернемся да спартыўнага складніка. Мы двойчы абыгралі той жа «Андэрдог». Дома 2:0. У Чысці ў першым крузе выйшаў «нікому не патрэбны стары» Сяргей Крот і зрабіў лік 2:1 на 93-й хвіліне. А сябрамі з футбалістамі «Андэрдога» мы як былі, так і застанемся. І наогул, навошта пазбаўляць каманды такой спрэчкі? Упэўнены, хлопцы з «Андэрдога» хочуць даказаць, што яны могуць быць лепш «Маладзечна». А мы — што наш поспех і выхад у Першую лігу невыпадковы. Замест гэтага збіраюцца нешта нібыта аб’ядноўваць…

Хоць казаць можна, што заўгодна — значна цяжэй зрабіць. Паўтаруся, Вяргеенка у 2018 годзе стварыў каманду з нічога. Матываваць футбалістаў, зарадзіць іх адной ідэяй фактычна на пустым месцы вельмі няпроста. У нас спачатку на левым флангу гуляў адміністратар, а на правым начальнік каманды. Аднойчы дайшло да таго, што кіроўцу хацелі выпусціць. Але ў выніку мы выйшлі ў Першую лігу. А тое, што зараз дэкларуюць Кузняцоў і Ярамчук… Думаю, усё будзе толькі на словах і на паперы. Гэтыя заявы — пыл у вочы простым людзям, каб яны падумалі: трэба аб’яднаць клубы, і ўсё будзе выдатна! Бо «Маладзечна» каманда-аднадзёнка, без ніякага развіцця, што з яе толку? Наогул, пры жаданні можна прыдумаць шмат гісторый. Вось я скажу, што вы скралі ў мяне 10 тысяч далараў, і вы будзеце сядзець у судзе. І дзівіцца: а чаму я тут аказаўся?

— Да чаго ты гэта?

— Да таго, што любога чалавека і любую каманду можна ачарніць. Але «Маладзечна» усё ім даруе. Мы вышэй за гэта. Проста ў нас ёсць гонар, сумленне і годнасць, пра якія яны чамусьці забыліся.