Улас, які жыў у Валожыне, 111 гадоў таму не вельмі добра пісаў пра маю вёску Дубіну. Ён падкрэсліў, што там жывуць кепскія людзі. Сёння нашчадкі захацелі расказаць праўду пра сваіх бацькоў і дзядоў.

Адукаваныя і таленавітыя дубінцы

Больш як сорак дубінцоў атрымалі вышэйшую адукацыю, не менш чалавек закончылі сярэднія спецыяльныя ўстановы. А колькі вырасла ў Дубіне будаўнікоў, хлебаробаў, працавітых, сумленных i адказных людзей.

Многія выпускнікі Дубінской школы сталі настаўнікамі. Дырэктарам усё сваё жыццё працаваў Васіль Антонавіч Рамановіч. Гэта быў інтэлігентны чалавек, выхаваў трох дочак, якія атрымалі вышэйшую адукацыю. А яго брат Мікалай стаў доктарам i даў пачатак доктарскай дынастыі.

Усё сваё жыццё выкладала нам беларускую мову i літаратуру Антаніна Аляксандраўна Вяршыцкая (Навумава). Цяпер яе сын працуе дырэктарам школы ў Маладзечне. Настаўніцай матэматыкі ў Дубінской школе працавала таксама наша зямлячка Галіна Міхайлаўна Нахай.

Дастаткова многа дубінцоў заваявалі прызнанне ў Валожыне. Галіна Антонаўна Іванчык працавала там настаўніцай пачатковых класаў. Усе бацькі, калі адпраўлялі дзяцей у першы клас, малілі, хто дырэктара, а хто Бога, каб яго нашчадка вучыла наша зямлячка.

Паважаны Улас, напэўна, здзівіўся б, калі б даведаўся, што Валожынскую школу №1 узначальвала Ніна Уладзіміраўна Вайцяховіч. Уладзімір Піліпавіч Вашкевіч доўгі час працаваў на Валожыншчыне намеснікам кіраўніка калгаса. У ліку галоўных спецыялістаў у Валожыне працавалі: Міхаіл Міхайлавіч Нахай (галоўны інжынер раённага вузла электрасувязі), Міхаіл Сяргеевіч Мучынскі (начальнік вузла сувязі), Аляксандр Iосіфавіч Вайцяховіч (дырэктар хлебазавода, а потым галоўны энергетык ДРБУ Валожына), а яго брат Міхаіл быў начальнікам цэха на заводзе «Спадарожнік» i дырэктарам прадпрыемства «Гарант» у Маладзечне.

Не магу не напісаць пра Міхаіла Лазаравiча Рамановiча, якi скончыў Сасаўскае лётнае вучылішча ў Разанскай вобласці i працаваў лётчыкам. Ён быў у ліку тых, хто лятаў на Чарнобыльскую АЭС у часы аварыi. Цяпер Міхаіл пенсіянер i жыве ў Мазыры.

Але гэта не ўвесь спіс, бо ўсіх пералічыць немагчыма, кожны заслугоўвае цёплых слоў.

Наша зямлячка Алімпіяда Іванаўна Зайкоўская за сваю адданую працу настаўніцай атрымала гранд Сораса. Яе заўважылі не толькі ў раёне, але i ў рэспубліцы, i запрасілі на працу ў Мінскі абласны інстытут павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў. Яе ўлюблёнасць у працу не перашкодзіла выхаваць вельмі кемліваю дачку, якая абараніла кандыдацкую ступень i працуе загадчыцай аддзела ў лечкамiсii.

Нельга не адзначыць Івана Уладзіміравіча Вяршыцкага. Ён атрымаў вышэйшую адукацыю i працаваў дырэктарам завода ў Смаргоні. Вырас у Дубіне i закончыў мясцовую школу i Аляксандр Уладзіміравіч Мучынскі. Калі ён хадзіў у сёмы клас, то ў Валожыне была арганізаваная выстава яго малюнкаў. Малюнкі Аляксандра размяшчаў часопіс «Бярозка», а газета «Піянер Беларусі» ўзнагародзіла яго пуцёўкай ва ўсесаюзны піянерскі лагер «Артэк» за перамогу ў конкурсе «Вось як мы малюем». Пасля заканчэння Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі працаваў намеснікам старшыні калгаса ў Палачанах, атрымаў кандыдацкую ступень. За працу ўзнагародзілі ордэнамі «Знак пашаны» i Працоўнага Чырвонага Сцяга. У апошні час Мучынскі працаваў прарэктарам БГАТУ на кафедры эканомікі i арганізацыі прадпрыемстваў АПК. Цяпер ён на пенсіі, але, будучы дацэнтам, працягвае чытаць лекцыі для студэнтаў.

Дубінцы не па нараджэнні, але ўсё ж свае

Былі людзі, якія прыехалі да нас на працу па размеркаванні i ўсім сэрцам палюбілі нашу вёску i яе вяскоўцаў, знайшлі тут сваю палавінку i сталі дубінцамі. Напрыклад, Вера Лявонцьеўна Кароль працавала ў Дубінской школе настаўніцай хіміі i біялогіі, з Дайнавы да нас усё сваё жыццё прыязджаў выкладаць матэматыку i фізіку Іван Мікалаевіч Ліштван. І вось, на здзіўленне Уласу, іх не палохалі дубінцы. Дзякуючы іх самаадданасці многія з нас атрымалі вышэйшую ці сярэднюю спецыяльную адукацыю.

Я ведаю па сабе, калі вучылася ў педвучылішчы, то па арыфметыцы i прыродазнаўстве падручнікі магла не чытаць, дастаткова было ўспомніць урокі сваіх дубінскiх настаўнікаў, за што вялікі ім дзякуй.

Па размеркаванні прыехала да нас працаваць i Тамара Уладзіміраўна Каляда, а цяпер яна наша, дубiнская. Гэта вельмі творчы чалавек. Яе ў вёсцы ўсе называюць «пчолкай», некаторыя гавораць, што гэта таму, што яна працавала пчаляром. Пчаляроў у нас было многа, а назвалі так толькі яе. Думаю, таму, што яна, як тая пчолка, заўжды чымсьці займаецца, да чагосьці імкнецца. Разам з ёй дубінскія сталыя жанчынкі памаладзелі на гадоў дваццаць. Яна заснавала ў вёсцы музей, каб захаваць для нашчадкаў дубінскую спадчыну, арганізавала клуб «Бацькаўшчына». Была адным з арганізатараў жартоўнага калектыву «Дубінскія фанабэры», які запрашаюць на розныя фестывалі. А моладзь сама прыязджае ў госці паслухаць, як яны спяваюць. Дык хіба пасля гэтага яна прыезджая, яна ж каранямі прырасла да Дубіны.

Леаніда Ільінічна Зайкоўская вядзе фоталетапіс пра Дубiну, дзе адзначае ўсе цікавыя падзеі, якія адбываюцца ў вёсцы. На падвор’і Наталлі Васільеўны Мучынскай у вас разбягуцца вочы ад убачаных творчых знаходак і прыдумак.

Калі я бываю ў вёсцы, я люблю гуляць па гасцінцы i разглядаць падвор’і моладзі, дызайн якіх вельмі радуе вока. З гонарам адзначаю, што ў Дубіне жыве многа творчых, таленавітых i ўлюбёных у сваю вёску людзей.

Калі зачытвала ўрыўкі з апавяданняў пра нашых дзядоў людзям, якія нічога не ведалі пра Дубіну, яны здзіўляліся i не маглі паверыць, што ў адной вёсцы сабралася столькі цікавых i самабытных людзей. Я ім з упэўненасцю адказвала, што гэта так, i больш таго, гэтыя таленты пакінулі пасля сябе не менш таленавітых нашчадкаў.

Энтузіясты вырашылі напісаць кнігу пра Дубіну і дубінцоў. Мы запрашаем усіх, хто мае што паведаміць пра нашу вёску, далучыцца да нас. Мучынская Марыя 8-029-107-28-11.