У Маладзечне ў студзені зладзілі аматарскі турнір па валейболе. Пра яго «РГ» распавёў Валер Лях, які арганізаваў спаборніцтвы, а таксама падзяліўся гісторыяй пра развіццё аматарскага валейбола.
Як нарадзілася ідэя аматарскіх турніраў
Валер – непрафесійны валейбаліст, пачаў займацца з дзяцінства. Ён пражыў 13 гадоў у Мінску, а калі вярнуўся ў 2013-м, то ўзнікла ідэя аб спаборніцтвах у Маладзечне.
– У нас нічога на аматарскім узроўні такога масштабу не праводзілі, але ўся інфраструктура ёсць. Маладзечанскія каманды запрашаюць у Смаргонь, Ашмяны альбо Вілейку, а мы – не запрашаем. Так і нарадзілася ідэя ладзіць турніры.
Валер кажа, што валейбольныя спаборніцтвы пачалі праводзіць у 2015 годзе. Ён займаецца масавым аматарскім валейболам. Зладзіць турнір у горадзе па пляжным або класічным валейболе, паказаць Маладзечна на рэгіянальных, рэспубліканскіх або міжнародных ветэранскіх турнірах – гэта ўсё да яго.
– Валейболам цікавіцца ўсё больш людзей. Раней была праблема сабраць на трэніроўку дзве каманды, а вось тыдзень таму набралася па 20 і больш чалавек – гэта тры каманды.
Зімовы маладзечанскі турнір-2020
Спаборніцтвы праходзілі ад панядзелка да пятніцы ў спартыўных залах Маладзечна – ад 20 да 24 студзеня. У гэтым годзе ў турніры прынялі ўдзел дзесяць камандаў, адна з іх была з Ашмянаў. Па словах Валера, галоўнае было – зрабіць каманды роўнымі па сілах.
– Праца перад турнірам пачынаецца за тыдзень. І яе вельмі шмат. Ты думаеш, каб не было праблем, праколаў, – падзяліўся Валер.
10 камандаў падзялялі на дзве групы. Валейбольныя калектывы гулялі групавыя матчы, а потым так званыя «крыжы» з камандамі з іншай групы. Першае месца заняла каманда Энергазбыту, другімі сталі валейбалісты вайсковай часці, трэцяе месца занялі прадстаўнікі Маладзечанскіх электрычных сетак.
Валер распавядае, што турнір быў мужчынскі, але ў дзвюх камандах гулялі дзяўчаты.
– Калі нехта хацеў уключыць у сваю каманду дзяўчыну, то пытанняў ніякіх не ўзнікала.
Матчы судзілі суддзі з Маладзечна – Аляксандр Галавач, Цімафей Каўбасюк і сам Валер Лях.
Залы прадстаўлялі каманды, дзе яны трэніруюцца. А фінал прайшоў у спарткомплексе «МЭС».
Пляжны валейбол таксама бывае аматарскім
У бліжэйшы час аматарскіх спаборніцтваў па валейболе ў Маладзечне не плануецца. Летам збіраюцца правесці турнір па пляжным валейболе на пляцоўцы ў парку. Валер распавядае, што каманды збірае праз інтэрнэт у вялікай суполцы ў сацсетцы.
– Нікому не адмаўляю. Хто хоча прыехаць і гуляць – заўсёды чакаем. Калі прыязджаюць гульцы прафесійныя, то гэта будуць матчы з гандыкапам. Напрыклад, матч пачынаецца з лікам 10:0, значыць, мы ўраўноўваем сілы.
Валер лічыць, што выбіраць паміж пляжным валейболам і класікай – справа густу. Калі ў пляжным 50% поспеху ці віны залежыць ад цябе, то ў класічным валейболе ты можаш разлічваць на іншых пяць гульцоў.
– Яшчэ ж прырода, пясок і сонца. Мне пляжны валейбол падабаецца гэтым больш.