Міхаіл Жабінскі ў адным са шматлікіх вобразаў. Фота з архіва нашчадкаў Міхаіла Жабінскага.

Днямі мы пісалі пра Міхаіла Жабінскага – мастака, ураджэнца Смаргоні і жыхара Маладзечна, які сам шыў сабе жаночыя ўборы і фатаграфаваўся ў іх.

Пасля публікацыі ў рэдакцыю патэлефанавала маладзечанка Ніна Ягораўна. Жанчына падзякавала нам за памяць пра гэтага яркага чалавека і паведаміла, што ў 1990 годзе яна працавала ў Міхаіла як сацыяльны работнік.

– У верасні 1990 года я прыходзіла ў кватэру да Міхаіла. Бачыла тое падзячнае пісьмо ад прэзідэнта Польшчы Ігнація Масціцкага, пра які прыгадвалі ў ранейшым артыкуле. Бачыла і яго твор – тройку коней, – прыгадала суразмоўца.

Тую тройку Міхаіл прапаноўваў у падарунак маленькай дачцэ Ніны Ягораўны. Аднак жанчына палічыла, што забраць твор мастака было б нязручна.

Самаробная люстра і вялізны альбом

Па ўспамінах Ніны Ягораўны, Міхаіл Жабінскі жыў у Маладзечне ў шматкватэрным доме недалёка ад былога магазіна «Дзіцячы свет». У яго кватэры было шмат цікавостак. Напрыклад, шыкоўная люстра, якую мастак зрабіў сам. На люстры былі паўкаштоўныя камяні і шмат прыгожых пацерак. Дзевяцігадовая дачка Ніны Ягораўны, што разам з ёй хадзіла да Міхаіла, запомніла гэту люстру на ўсё жыццё. Калі ўжо дарослай яна атрымала кватэру, вельмі хацела сабе такую ж.

Яшчэ з цікавых рэчаў – вялізны альбом, прыкладна метр у вышыню і паўметра – у шырыню. Альбом мастак зрабіў з аркушаў ватмана. Уклейваў туды фотаздымкі і біяграфіі акцёраў з моднага тады часопіса «Савецкі экран».

Паказваў Міхаіл Ніне Ягораўне і ўласны макет Палаца моладзі з паркам, вадаёмамі і мосцікамі вакол.

Сваімі рэчамі Міхаіл вельмі даражыў. Дакументы захоўваў у скрыні ў круглым стале. Вельмі хваляваўся, калі раптам не мог знайсці нейкага фотаздымка або паперы.

Ці быў звязаны Жабінскі з аркай і настаўніцкай семінарыяй

Падзялілася Ніна Ягораўна і здагадкамі пра тое, што Міхаіл Жабінскі як мастак і архітэктар мог мець нейкае дачыненне да стварэння трыумфальнай аркі ў Гелянове. Нагадаем, што арку ўзвялі ў 1929 годзе. А па словах стрыечнай унучкі Міхаіла, той з’ехаў у Варшаву з Маладзечна толькі ў пачатку 1930-х. А гэта значыць, сапраўды мог мець такое дачыненне. А яшчэ ёсць меркаванні, што Міхаіл мог выкладаць або вучыцца ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі.

Гарэў творчасцю

Ніна Ягораўна пацвердзіла, што яе падапечны вельмі добра гатаваў. Пару разоў на тыдзень сацработнік прыносіла з крам прадукты, а гаспадар рабіў з іх смачныя мясныя стравы і печыва. Фотаздымкі, на якіх Міхаіл у жаночых строях, Ніна Ягораўна бачыла. А вось саміх убранняў, на жаль, не.

– Чалавек быў вельмі яркі. Ён проста гарэў творчасцю, – падсумавала Ніна Ягораўна свой расповед пра Міхаіла.

• Текст доступен на языке: Русский