Пра існаванне кінатэатра «Камсамолец» ў Маладзечне я да 2020 года нават не ведаў. Але на пачатку года маладзечанскі краязнаўца Валеры Трацяк расказаў пра пажар у тым кінатэатры. А затым фатограф Яўген Стэльмах алічбаваў плёнкі Трацяка, на якіх і быў засняты той пажар. Я дадаткова пашукаў у сваіх архівах і аказалася, што пра кінатэатр можна сказаць трохі больш чым тое, што ён быў і што ён згарэў.

Адлікам гісторыі кінатэатра можна, бадай, што лічыць генеральны план разбудовы абласнога горада Маладзечна, складзены ў 1947 годзе. На ім у раёне вуліц Савецкай і Куйбышава (сучасныя Віленская і Местачковая) ёсць праектуемы будынак пазначаны лічбай «36».  У тлумачэннях да генплана гэтая пабудова апісана як «летні тэатр», што ў прынцыпе адпавядае нашаму кінатэатру, бо ў гэтых летніх тэатрах, звычайна зробленых з дрэва, у савецкія часы маглі ладзіцца музычныя канцэры, тэатральныя пастаноўкі і паказы фільмаў. Магчыма, з часам функцыі летняга тэатра звузіліся толькі да кіно — так і з’явіўся «Камсамолец».

Фрагмент генплана 1947 года (крыніца: БДАНТД).

Гэтае месца на сучаснай мапе — прыкладнае месца кінатэатра пазначана чырвоным:

Першая фотавыява будынка знайшлася ў альбоме 1958 года, які захоўваецца ў музеі ў горадзе Находка (быў дасланы як падарунак экіпажу танкера «Маладзечна»). На ім кінатэатр бачны на фоне – доўгая драўляная пабудова. Само фота зроблена з двара дома па сучасным адрасе Віленская 56А, у якім тады размяшчаўся гарадскі дом піянераў.

Фота з фондаў МВЦ горада Находка.

Далей ідуць фотаздымкі з архіва Валерыя Трацяка:

Пажар у драўляным кінатэатры ў маладзечне. Фота Валерыя Трацяка.
Рэшткі кінатэатра пасля пажару.
Пабудова новага корпуса СШ №3 (цяпер гімназія №3) на месцы, дзе стаяў кінатэатр (на фоне бачны былы дом піянераў), 1988 год.

Калі ў чытачоў ёсць якія-небудзь яшчэ звесткі пра кінатэтр ці яго фотаздымкі, калі ласка пішыце ў каментары сюды.

• Текст доступен на языке: Русский