Фота belta.by.

Заўтра, 20 лютага, супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС наведаюць школьныя ўстановы, арганізацыі і аб’екты падвышанай небяспекі, каб у чарговы раз нагадаць грамадзянам пра элементарныя правіла бяспечных паводзінаў.

У першую чаргу, міліцыянеры нададуць увагу школьнікам. Яны падрыхтавалі некалькі займальных інтэрактываў і акцый, накіраваных на папярэджанне надзвычайных сітуацый і правапарушэнняў. Пройдуць яны на тэрыторыі вёскі Краснае ад 7:30
раніцы. Паблізу школы будуць дзяжурыць супрацоўнікі ДАІ, затым яны сумесна з супрацоўнікамі ІСН правядуць «Урок бяспекі» з дэманстрацыяй відэаролікаў
прафілактычнага характару.

Запланавана правядзенне экскурсіі на чыгуначную станцыю. Удзельнікам мерапрыемстваў будуць раздаваць улёткі і флікеры.

Маладзечанскія праваахоўнікі прадугледзелі фармат прафілактычнай работы з людзьмі рознага ўзросту. Супрацоўнікі РАУС наведаюць працоўныя калектывы, адпрацуюць чыгуначныя станцыі «Уша» і «Аляхновічы». У цэнтры ўвагі — пешаходы ў навушніках і з тэлефонамі ў руках, а таксама веласіпедысты.