Беларуская мова — сродак камунікацыі, а не толькі гістарычны сімвал беларусаў. Магчыма, вы не ведалі, але магчымасць пісаць тэкст па-беларуску ёсць на кожным камп’ютары або ноўтбуку і на абсалютнай большасці смартфонаў. А яшчэ беларускамоўны інтэрфейс прысутнічае на значнай колькасці папулярных сайтаў! Спецыяльна для вас склалі гайд, як з мінімальнымі высілкамі дадаць крыху больш беларускай мовы ў ваша жыццё.

Будзем лічыць, што вы карыстаецеся рускамоўнымі інтэрфейсамі. Калі на іншых мовах, то парадак дзеянняў будзе такім жа, толькі назвы пунктаў – на адпаведных мовах.

Камп’ютар

Калі вы — з той большасці, у каго ўстаноўленая Windows, то каб дадаць беларускамоўную раскладку клавіятуры, спатрэбіцца літаральна хвіліна.

Windows 7. Націсніце, каб паглядзець падрабязнасці

Windows 7

  1. Націснуць правай кнопкай мышкі на значок, які адлюстроўвае назву мовы раскладкі. Звычайна ён знаходзіцца непадалёку ад гадзінніка.
  2. Выбраць «Параметры…»
  3. Ва ўкладцы «Общие» націснуць кнопку «Добавить…».
  4. Знайсці ў спісе «Белорусская (Беларусь)», націснуць на кнопку з «плюсікам» і выбраць «Белорусская» (по умолчанию).
  5. Націснуць «ОК» у гэтым і наступным вокнах.

Існуе таксама аматарскі, але ад таго не меней якасны пераклад на беларускую мову інтэрфейсу Windows 7. Трымайце спасылку: http://мова.бел/old_win7/win7bel.exe

Windows 10. Націсніце, каб паглядзець падрабязнасці

Windows 10

А пры распрацоўцы «дзясяткі» (і Windows 8, дарэчы) кампанія Microsoft падумала пра беларускамоўных карыстальнікаў! Дадаць беларускую мову інтэрфейсу і беларускую раскладку можна рознымі шляхамі. Вось адзін з іх:

  1. Націснуць значок апавяшчэнняў справа ўнізе, ля гадзінніка, і выбраць «Все параметры».
  2. Выбраць пункт «Время и язык», перайсці на ўкладку «Язык».
  3. Націснуць «Добавить язык интерфейса Windows в Microsoft Store».
  4. Выбраць «Пакет лакалізацыі беларускай мовы». Калі не можаце знайсці гэты пункт, скарыстайце пошук – кнопка Search уверсе справа.
  5. Націснуць «Get», адзначыць «птушачкамі» пункты «Установить в качестве языка интерфейса» і «Установить языковой пакет», націснуць «Установить».

На жаль, у рэдакцыі не знайшлося камп’ютара, які б працаваў пад Linux і Mac OS, таму мы не змаглі падзяліцца з вамі падрабязнымі алгарытмамі. Але прынцып той жа: знайсці ў наладах моўны раздзел і абраць беларускую мову для набору тэксту і адлюстравання інтэрфейсу.

Смартфон

Android. Націсніце, каб паглядзець падрабязнасці

Android

У большасці Android-смартфонаў і планшэтаў можна дадаць беларускую раскладку ў «родную» клавіятуру. Таксама, дарэчы, можна выбраць у стандартных наладах і беларускамоўны інтэрфейс.

Але існуюць і староннія клавіятуры, часта больш зручныя з убудаваных. Адна з іх – SwiftKey (https://play.google.com/store/apps/details?id=com.touchtype.swiftkey&hl=ru), дарэчы, па змоўчанні ўсталяваная на звышпапулярных у беларусаў смартфонах Xiaomi. На іх прыкладзе раскажам, як актываваць беларускую раскладку.

  1. Зайсці ў налады, абраць «Расширенные настройки» і націснуць «Язык и ввод».
  2. У першым пункце – «Языки» – можна выбраць мову, на якой будзе адлюстроўвацца інтэрфейс вашага тэлефона. А каб дадаць раскладку, трэба выбраць пункт «Управление клавиатурами» – «Клавиатура SwiftKey» – «Настройки».
  3. Самы першы пункт у плітцы – «Многоязычная». Націскаем і бачым спіс даступных моў. Калі ў пункце «Предложенные языки» беларуская мова адсутнічае, пракруціце ўніз, націсніце «Все языки» і знайдзіце ў спісе беларускую мову. Націсніце на назву мовы, затым націсніце «Загрузить».
  4. Будзе спампаваны моўны пакет. Раскладка будзе аўтаматычна актываваная, вам застанецца націснуць на вялікую кнопку з «птушачкай».
iOS. Націсніце, каб паглядзець падрабязнасці

iOS

Калі ў вас iPhone, то, пачынаючы ад iOS 11, ёсць магчымасць уключыць беларускую раскладку.

  1. У наладах выберыце «Основные», затым «Клавиатура».
  2. Націсніце на «Клавиатуры», выберыце «Новые клавиатуры…».
  3. У спісе моў знайдзіце «Белорусская».

Усё гатова! Гэты спосаб, дарэчы, справядлівы і для iPad.

Сайты

Tut.by. Націсніце, каб паглядзець падрабязнасці

Tut.by

Пракруціце старонку да самага нізу, злева ўбачыце пункт «Па-беларуску. Націсніце, і інтэрфейс партала стане беларускамоўным! А можаце проста скарыстацца спасылкай: https://www.tut.by/route/lang/bel/?l=https%3A%2F%2Fwww.tut.by%2F.

Яндэкс. Націсніце, каб паглядзець падрабязнасці

Яндэкс: Yandex.by

Беларускамоўны інтэрфейс ёсць і ў «Яндэкса», самы час яго актываваць.

Уверсе справа, побач з паштовым блокам, ёсць кнопка з кароткай назвай актыўнай мовы. Націскайце і выбірайце «Bel». Таксама можна змяніць мову ў наладах, вось прамая спасылка: https://yandex.by/tune/lang.

RH.by. Націсніце, каб паглядзець падрабязнасці

RH.by

Наш сайт мае дзве паўнавартасныя версіі: беларуска- і рускамоўную. Канешне, беларускамоўная версія адчыняецца ў наведнікаў па змаўчанні. Але можна ўключыць рускамоўны інтэрфейс і чытаць нашы матэрыялы па-руску (хоць мы вельмі раім заставацца на арыгінальнай версіі сайта!). Для гэтага ў верхнім меню справа націсніце кнопку «RU». Або вось прамая спасылка: https://rh.by/ru/.

Сацыяльныя сеткі

УКантакце. Націсніце, каб паглядзець падрабязнасці

УКантакце: Vk.com

Унізе меню, што адлюстроўваецца злева, знайдзіце пункт «Ещё». Навядзіце на яго курсор — з’явіцца спіс пунктаў, унізе якога ўбачыце «Язык: русский». Націсніце на гэты пункт, і ўбачыце спіс моў. Выбірайце «Беларуская» або «Беларуская (тарашкевіца)» – якая больш падабаецца 🙂

Можна таксама абраць мову ў наладах вашага профілю, вось прамая спасылка: https://vk.com/settings.

Аднакласнікі. Націсніце, каб паглядзець падрабязнасці

Аднакласнікі: OK.ru

Уверсе справа знайдзіце значок глобуса і назву актыўнай мовы. Націсніце і выберыце «Беларуская». Дарэчы, беларускамоўны інтэрфейс для «Аднакласнікаў» з’явіўся толькі летась.

Facebook. Націсніце, каб паглядзець падрабязнасці

Facebook: FB.com

Націсніце на значок «птушачкі», які месціцца ў верхняй панэлі справа. Абярыце «Настройки», у левай калонцы – «Язык и регион». Або вось спасылка: https://www.facebook.com/settings?tab=language. У раздзезе «Язык Facebook» націсніце «Редактировать» і ў меню выберыце «Беларуская». Націсніце «Сохранить изменения».

Дарэчы, у гэтым раздзеле яшчэ шмат моўных наладаў, кшталту аўтаперакладу допісаў, фармату дат і гэтак далей.

Мэсанджары

Viber. Націсніце, каб паглядзець падрабязнасці

Viber

Сёлета распрацоўнікі Viber таксама дадалі магчымасць актываваць беларускамоўны інтэрфейс. Што праўда, толькі для мабільнага дадатку, але абяцаюць беларусізаваць і праграму для камп’ютараў.

Ітак, націсніце ў Viber кнопку «Ещё» – яна месціцца ўнізе справа. Абярыце «Настройки», затым «Общие», пасля «Язык» і выберыце ў спісе «Беларуская». Каб захаваць налады, націсніце значок «птушачкі» справа ўверсе.

Telegram. Націсніце, каб паглядзець падрабязнасці

Telegram

Афіцыйны пераклад на беларускую мову для Telegram пакуль у распрацоўцы, але ўжо сёння можна ім карыстацца: пераклад выкананы на 100%. Проста перайдзіце па спасылцы: https://t.me/setlanguage/be-beta. Магчыма, спатрэбіцца націснуць «Set language», але ў большасці выпадкаў праграма запусціцца самастойна, і вам толькі застанецца націснуць кнопку «Изменить».

Што яшчэ можна беларусізаваць?

На сайце Беларускага N-корпусу (https://bnkorpus.info/download.html) можна спампаваць, прыкладам, праверку арфаграфіі для Microsoft Office. Заяўляецца падтрымка версій 2007/2010/2013, але ў 2003 і 2016 версіях таксама працуе – мы правяралі.

Карысныя спасылкі

Праграма для пераводу кірылічнага тэксту ў лацінічны па правілах беларускай лацінкі: https://www.zedlik.com/pragramy/kir2lac/ (ёсць і анлайн-версія: https://www.zedlik.com/pragramy/kir2lac-online/).

Электронныя руска-беларускі, беларуска-рускі і тлумачальны слоўнікі: https://www.skarnik.by/.

Беларускія слоўнікі і энцыклапедыі: http://www.slounik.org/

Вялікая колькасць бясплатных сервісаў па апрацоўцы тэксту, маўлення і іншых дадзеных: https://corpus.by/

***

Распрацоўнікі праграм і сайтаў збіраюць статыстыку па выкарыстанні той ці іншай мовы. І чым больш карыстальнікаў абярэ беларускую мову, тым больш матывацыі ў распрацоўнікаў будзе падтрымліваць і пашыраць яе выкарыстанне ў сваіх сэрвісах.

То – наперад! 🙂

• Текст доступен на языке: Русский