Галіна Сарочык (першая справа) з сябраі і аднадумцамі ва Украіне. Фота са старонкі гераіні ў фэйсбуку.

21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы. Мы пагутарылі з людзьмі, якія жывуць далёка ад сваёй радзімы, але родную мову не забыліся.

Леанід Лысакабылка: рускія дзяўчаты прасілі чытаць байкі па-ўкраінску

Украінец Леанід Лысакабылка ў Маладзечне жыве ад 1979 года. Доўгі час ён узначальваў маладзечанскае аб’яднанне ўкраінцаў «Краяны». І цяпер, перадаўшы кіраванне Ясеніі Мікуліч, ён актыўна ўдзельнічае ў працы аб’яднання.

Леанід Лысакабылка. Фота забяспечанае героем публікацыі.

Спадар Леанід нарадзіўся ва Украіне ў сяле Лігаўка Харкаўскай вобласці. Кажа, дома размаўлялі толькі па-ўкраінску.

– Я ўжо дарослым хлопцам у 1959 годзе паехаў падымаць цаліну. І тады рускай мовы не ведаў зусім. Затое рускія дзяўчаты ў нашай моладзевай кампаніі заўсёды вельмі прасілі, каб я чытаў ім украінскія байкі.

Гэта цяпер да ўкраінскай мовы рускія па-рознаму ставяцца, – дзеліцца Леанід Міхайлавіч.

Сёння наш суразмоўца не траціць сувязі з Украінай, роднай мовай і культурай. Ва Украіне жывуць яго родныя браты і сястра. У родную Лігаўку Леанід Лысакабылка ездзіў на 50-гадовы юбілей заканчэння школы.

Па-ўкраінску мужчына размаўляе дома з жонкай. Яна – беларуска, філолаг па адукацыі. Добра ведае нямецкую і французскую мову, разумее і ўкраінскую. Некаторыя словы з заходняй Украіны яна нават мне перакладае, бо я не ўсё разумею, кажа спадар Леанід.

Мужчына наведвае курсы ўкраінскай мовы, што ладзяць у Маладзечне, мае вялікую калекцыю кніг на роднай мове. А на канцэртах «Краянаў» у яго выкананні гучаць украінскія байкі.

Галіна Сарочык: украінцы вельмі любяць беларускую мову

Наступная суразмоўца, Галіна Сарочык, – беларуска. Яна нарадзілася ў Ашмянах, шмат год працавала доктарам у Валожыне, а потым – у Мінску.

Ва Украіну спадарыня Галіна з’ехала восем гадоў таму. Кажа, і сёння адчувае сябе тут вельмі ўтульна. У Кіеве з сябрамі размаўляе выключна па-беларуску. Удзельнічала ў арганізацыі аб’яднання «Сябры», дзе згуртаваліся беларусы Кіева.

– Каб я не валодала беларускай мовай, мне б цяжэй было авалодаць украінскай. А так я нават не вучыла яе адмыслова, – кажа жанчына.

Украінскую мову мая субяседніца чула з дзяцінства, бо яе тата з Гомельшчыны. І бабуля, якая там жыла, размаўляла больш па-ўкраінску.

Спадарыня Галіна кажа, што ўкраінцы не толькі разумеюць беларускую мову, але і любяць яе. Просяць, каб Галіна Васільеўна размаўляла не па-ўкраінску, а па-беларуску. Таму яна час ад часу ўжывае толькі асобныя ўкраінскія словы. Ніякага прыцяснення беларускай мовы ва Украіне наша суразмоўца не адчувае. Украінская мова таксама вельмі падабаецца спадарыні Галіне.

Тут жа існуе размоўны беларускі клуб. Яго наведваюць украінцы, якія маюць цікавасць да беларускай мовы, гісторыі і культуры.

• Текст доступен на языке: Русский