У гарадской бібліятэцы-філіяле №1 у Маладзечне працуе фотавыстава маладзечанца Аляксандра Салагуба пра шахты і шахцёраў. «РГ» распавядае, што можна там пабачыць і чаму туды трэба схадзіць.

Аляксандр Салагуб нарадзіўся ў Францыі, дзе пражыў 12 год. Яго бацька працаваў у французскім горадзе Алес на шахце. Пасля Другой сусветнай вайны сям’я Салагубаў пераехала ў Савецкі Саюз. Бацька Аляксандра працаваў 10 год на шахтах Данбаса. Малодшы Салагуб таксама пайшоў па шляху бацькі – стаў шахцёрам.

Захапленнем Аляксандра была фатаграфія. Ён займаўся здымкай з дзяцінства і папаўняў сямейныя альбомы новымі фота. У 1974 годзе ўваходзіць у клуб фотааматараў «Гарызонт», якім кіраваў Аляксей Фяцісаў. Салагуб супрацоўнічаў з маладзечанскай газетай «Святло камунізму».

Фота Настассі УТКІНАЙ.

Пра шахту і шахцёраў

Усяго Аляксандр Салагуб правёў 10 фотавыстаў. Тая, што ён праводзіць у гарадской бібліятэцы-філіяле №1 у Маладзечне, асаблівая. Усе фотаздымкі з часоў, калі Салагуб сам працаваў на шахце ў Данбасе.

У экспазіцыі 45 чорна-белых здымкаў. На іх ёсць і сам Аляксандр, яго жонка з сынам і сябры, з якімі ён працаваў на данбаскай шахце. Аўтар работ называе экспазіцыю фотарэпартажам уласнага жыцця падчас працы ў шахце Данбаса ў 1982-1983 гадах. На здымках ёсць розныя сюжэты: як працавалі шахцёры ў забоі, сямейныя і сяброўскія фота, выявы шахт і іншыя.

Фота Настассі УТКІНАЙ.

«Усе чорныя ад пылу, усе аднолькавыя»

Самыя запамінальныя здымкі былі з жонкай і сынам, калі яны прыязджалі наведаць Аляксандра з Беларусі ў Данбас. Салагуб распавядае, што жонка спачатку не пазнала яго, калі ён да яе выйшаў з шахты.

– Стаяў увесь чорны. Мы ўсе былі чорныя ад вугальнага пылу, усе былі аднолькавыя. А жонка стаяла з апельсінам у руках, глядзела і не пазнавала мяне.

Аляксандр распавядае, што разам з сынам потым пазіравалі для фота: хто больш загарэлы. Пазіравалі і з жонкай – як штурхаюць ваганеткі, на фоне шахты ў касках. Здымаў сям’ю Салагубаў напарнік Аляксандра па забоі Пятро. У Салагуба на выставе засталіся здымкі Пятра, з ім ён дагэтуль падтрымлівае сувязь.

Калі сын Аляксандра ўпершыню пабываў на Данбасе, яго сфатаграфавалі ў шахцёрскай касцы. Гэты здымак пасля Салагуб выкарыстаў і зрабіў калаж пра цяжкую працу шахцёраў: «Хачу быць шахцёрам – не хачу быць шахцёрам». Па словах фатографа, сын зразумеў толькі, калі падрос, наколькі складана было працаваць бацьку ў забоі.

Фота Настассі УТКІНАЙ.

Сувязь з Францыяй і адзіны здымак 1949 года

Бацькі Салагуба пражылі значную частку жыцця ў Францыі. Бацька Аляксандра працаваў у французскай шахце 18 гадоў. У Алесе ў 2014 годзе таксама выставілі здымкі шахцёрскага жыцця Аляксандра Салагуба на Данбасе. Аднак ён адзначае, што французы ўзялі толькі 22 здымкі, але большага памеру.

Усе здымкі датуюцца 1980-мі гадамі, але ёсць і здымак 1949 года з Данбаса. На ім бацька Аляксандра Салагуба перад спускам у шахту.

– Бацька мусіў працаваць 10 год, каб зарабіць на пенсію. Гады, што працаваў на шахце ў Францыі, не лічыліся, таму што гэта работа не на СССР.

На здымку разам з шахцёрамі-мужчынамі былі і жанчыны. Аказваецца, што ў той час усе працавалі на роўных умовах у забоі, дзе непасрэдна здабываюць вугаль. Але ад 1956 года іх вывелі з шахты, не дазвалялі працаваць з-за шкоды для здароўя.