Сярод аматараў зімовых відаў спорту вёска Баяры ў Маладзечанскім раёне была любімым месцам адпачынку цягам дзесяцігоддзяў. Распавядаем пра тое, якім быў курорт і што засталося ў памяці лыжнікаў 1980-1990-х гадоў.

Фотаздымкі таго часу мы знайшлі ў архіве доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара, загадчыка кафедры тэарэтычных асноў радыётэхнікі БДУІР Віталя Дашанкова. Ён шмат падарожнічаў з фотакамерай і пакінуў пасля сябе вялізны архіў фотаздымкаў і негатываў.

Курорт на энтузіязме

Віталь Дашанкоў падарожнічаў па розных кутках Беларусі. Сярод яго здымкаў – краявіды падзеленага між Латвіяй і Беларуссю возера Рычы, ускраіны і будоўля метро ў Мінску, зімовыя забавы ў Баярах.

У яго падборцы адлюстравана, якім быў гарналыжны курорт больш за 35 гадоў таму ў Маладзечанскім раёне.

Вёска Баяры на Маладзечаншчыне і яе пакручастыя горы доўгі час былі адным з самых любімых месцаў зімовага адпачынку для жыхароў сталіцы і іншых аматараў лыжаў. У той час не было вядомых сёння зімовых курортаў. Сілічы пачалі працаваць у 2000-х. Раўбічы былі падладжаныя збольшага для скачкоў з трамплінаў і напачатку там не было звычайных спускаў.

Спачатку нічога не было і ў Баярах. Толькі прыгожыя мясціны і энтузіязм спартсменаў. Энтузіязм і стаў падмуркам, на якім паўстала гэта культавая пляцоўка. Інжынеры і кіроўцы, студэнты і спартсмены рабілі гэты курорт самі. Прыдумалі сістэму, якая спрыяла хуткаму пад’ёму на гару, даглядалі мясцовасць.

Лыжы па блаце

За савецкім часам не кожны мог сабе дазволіць знайсці дэфіцытныя горныя лыжы, тым больш імпартныя, з пластыкавым абуткам і зайздроснымі характарыстыкамі. Гэта быў прадмет асаблівай зайздрасці і гонару.

Пра тое, як знаходзілі экіпіроўку, распавядае адзін з наведнікаў баярскага курорта Алег Бялюцін:

– У той час усё было ў дэфіцыце. У каго была магчымасць, прывозіў з-за мяжы. Астатняе даставалі, як было прынята, па блаце. Часам нешта можна было набыць у магазіне або ў спартсменаў. Свой першы прыезд у Баяры не помню, мінула шмат год. А больш за ўсё запомніліся карнавалы, якія мы ладзілі з удзелам нашых дзяцей.

Другі вагон

Бялюцін напісаў успаміны пра баярскі лыжны курорт, урыўкі з якога прапануем вашай увазе:

«Яр каля вёскі Баяры быў удалым месцам, недалёка ад электрычкі. Усё пачыналася на чыгуначным вакзале ў Мінску, дзе трэба было паспець на дзевяцігадзінную электрычку ў бок Маладзечна.

Важна было прыйсці крыху раней, каб заняць месцы сабе і сябрам. Звычайна садзіліся ў другі вагон. Чаму менавіта ў другі, цяпер ужо і не ўспомніць.

Дарога спачатку займала 50 хвілін, але па меры з’яўлення новых дачных пасёлкаў, рынку ў Ждановічах, з’яўляліся новыя станцыі, і ў апошнія гады ехаць ужо трэба было гадзіну з лішнім. Язда ў электрычках – занятак не з прыемных, асабліва ўзімку, калі ў вагоне бывала холадна і няўтульна. Але паступова прывыклі, і чыгуначная частка выезду ў «баярскія горы» стала неад’емным атрыбутам гарналыжнага абраду ў выхадныя. За гадзіну можна было абмеркаваць тыднёвыя навіны, пачытаць газеты, сфатаграфавацца.

Ад чыгуначнай станцыі да яра ісці пешшу паўтара кіламетра. Дарог туды зімой не было, пратоптвалі сцежку самі і ішлі па снезе ланцужком. У добрае надвор’е і ў свята набіралася некалькі соцень гарналыжнікаў. Выцягваліся на некалькі соцень метраў, і такое шэсце ўяўляла сабой незвычайную карціну. Гэта нагадвала хрэсны ход, дзе замест абразоў у кожнага былі лыжы.

Як абуваліся і елі ссабойкі

Па прыбыцці на гару ўсе дружна абувалі чаравікі, што для неазнаёмленых, напэўна, ні пра што не кажа. Але для тых, хто хоць раз абуваў гарналыжны чаравік у мароз на снезе, добра ўяўляе, як гэта на практыцы. За час пераходу ад станцыі да гары пластык замярзаў і даводзілася ўсоўваць нагу ў застылы і нягнуткі чаравік, з цяжкасцю зашпільваць кліпсы.

Ногі спачатку мерзлі, але хутка адаграваліся, таму што пад’ёмнікаў на гару не было, падымацца даводзілася на лыжах лесвічкай, адначасова ўтоптваючы снег замест машыны для падрыхтоўкі трас.

Катанне было прывязанае да раскладу электрычак. Пасля прыбыцця на станцыю Баяры, пешага пераходу на гару і пераапранання першы спуск удавалася зрабіць у 11 гадзін. Большасць каталася да 13:30, каб з’ехаць назад у 14:14. Пасля з’яўлення побач дачнага пасёлка з’явілася нейкае падабенства дарогі, па якой часам атрымоўвалася прыехаць на гару на машыне.

Але суседства з дачнікамі прыносіла больш праблем, чым карысці. Аднойчы энтузіясты пабудавалі пад’ёмнік, які дазволіў катацца цэлы сезон у нармальных умовах. Але ўжо летам усё, што ўяўляла цікавасць для дачнікаў, скралі. Пастаянна рабілі спробы далучыць наш яр да дачнага таварыства, што пазбавіла б нас адзінага месца для катання на горных лыжах у наваколлі Мінска. На шчасце, гэтага не адбылося.

Непасрэдна спускаў на лыжах з гары было няшмат, таму што вялікую частку часу займаў уздым наверх на лыжах лесвічкай або пешшу з лыжамі ў руках. Праграма знаходжання на гары абавязкова ўключала абед на снезе.

У кожнага з нас былі ссабойкі, якія распакоўвалі і раскладвалі на імправізаваных сталах – на лыжах, перавернутых слізгальнай паверхняй уверх і складзеных разам на снезе. Часта распальвалі вогнішча, тады абед ператвараўся ў зімовае барбекю.

Раз у сезон, як правіла, на 8 сакавіка, ладзілі гарналыжнае свята з карнавалам. Усё гэта рабілі з абавязковым удзелам нашых дзяцей, якія паступова вучыліся катацца ў Баярах і папаўнялі нашы шэрагі.

Завяршэннем баярскага перыяду можна лічыць 2003 год. З наступнага сезона пачаў працаваць гарналыжны комплекс у Курасоўшчыне, затым з’явіўся цэнтр у Лагойску, а ў 2005 годзе – у Сілічах».

• Текст доступен на языке: Русский