Маладзечна

Герб: у блакітным полі іспанскага шчыта на сярэбраным воблаку Багародзіца ў залатой кароне, у блакітных і залатых строях, залатой мантыі з чырвоным падбоем, якая трымае ў руках белае покрыва.

21 снежня 1999 года герб Маладзечна зацвердзілі рашэннем №23 Маладзечанскага гарадскога Савета дэпутатаў.

У XIX стагоддзі Маладзечна было даволі буйным мястэчкам з развітой інфраструктурай. У 1811 годзе тут адкрылі дваранскае павятовае вучылішча, у 1864-м – Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. У 1873 годзе праз Маладзечна праклалі Лібава-Роменскую чыгунку, якая садзейнічала эканамічнаму росту. У горадзе працавалі прадпрыемствы па перапрацоўцы мясцовай сыравіны, паштовая станцыя, бровар, штотыдзень адбываліся кірмашы.

У 1867-1871 гадах у Маладзечне ўзвялі Пакроўскую царкву. Да гэтага на тым месцы была ўніяцкая. У Пакроўскай царкве самы стары абраз – гэта Багародзіца з пакровамі. Таму вырашылі зрабіць маладзечанскі герб менавіта такім. Хрысціянскія святыя захаваныя на некалькіх гербах Мінскай вобласці, у тым ліку і на гербе Маладзечна.

Вілейка

Герб: у чырвоным полі французскага шчыта – сярэбраная рака, па ёй плыве ўніз судна, нагружанае двума сярэбранымі звязанымі цюкамі з залатым жытнім коласам.

Герб Вілейкі зацверджаны 10 красавіка 2001 года рашэннем №40 Вілейскага райвыканкама.

Вілейка атрымлівала гербы ад расійскіх манархаў двойчы: у 1796 годзе ад Кацярыны II і ў 1845 годзе ад Мікалая I. Тлумачыцца гэта рознай тэрытарыяльна-адміністрацыйнай прыналежнасцю Вілейкі. Спачатку горад знаходзіўся ў Мінскім намесніцтве, пазней – у Віленскай губерні, што і знайшло сваё адлюстраванне ў верхняй частцы гербаў.

На больш раннім – герб Мінскі: двухгаловы арол, на грудзях якога шчыт з выявай Дзевы Марыі. На іншым – герб Вільні: узброены вершнік на белым кані, у правай руцэ якога паднятая дагары шабля, а ў левай – сярэбраны шчыт, на якім намаляваны залаты васьміканцовы крыж.

Развіццю Вілейкі спрыяла гандлёвае суднаходства. Па рацэ Віліі ў Заходнюю Еўропу вывозілі лес, лён, пяньку, збожжа, воск. У горадзе штогод праводзіліся чатыры кірмашы. Нагружаная таварамі барка ў гербе, як адзначаецца ў фон Вінклера, паказвае, што «на той рацэ будуюць судны і адпраўляюць на іх з розных месцаў тавары і прадукты».

Валожын

Герб: у чырвоным полі варажскага шчыта залатая літара «W» з чорнымі палоскамі.

Герб Валожына зацверджаны рашэннем №78 Валожынскага райвыканкама 22 чэрвеня 1998 года.

У пісьмовых крыніцах Валожын вядомы з XIV-XV стагоддзяў. Горадам валодалі князі Валожынскія. Доктар гістарычных навук Расадзін мяркуе, што гэты род валодаў гербам «Абданк» – дзве сярэбраныя кроквы са зрэзанымі донцамі, звернутыя вяршынямі ўніз і злучаныя паміж сабой накшталт літары W.

У далейшым Валожын як прыватнае валоданне паслядоўна, на працягу цэлага шэрагу стагоддзяў належаў шляхетным і ўплывовым людзям ВКЛ. На аснове радавой геральдычнай эмблемы князёў Валожынскіх, адных з першых уладальнікаў мястэчка, быў створаны сучасны герб Валожына. У адрозненне ад «Абданка» ў гарадскім гербе не сярэбраныя кроквы, а залатыя, і ўнутры іх чорныя касыя лініі.

Геральдычная фігура ў гербе Валожына можа нагадваць пакладзеныя побач дзве кнігі. Сімвал друкаванай кнігі на Валожынскім гербе не выпадковы. У Лоску, непадалёк ад Валожына, Ян Кішка заснаваў друкарню, у якой выдаваліся кнігі на польскай і лацінскай мовах. Сымон Будны, беларускі гуманіст і асветнік, выдаў у гэтай друкарні Новы Запавет – першую ў сусветнай літаратуры спробу радыкальнай рацыяналістычнай крытыкі евангельскіх кніг.

Смаргонь

Герб: у сярэбраным полі іспанскага шчыта на чырвонай рашотцы стаіць на задніх лапах чорны мядзведзь, у пярэдніх лапах якога герб Радзівілаў – у блакітным полі тры чорныя паляўнічыя ражкі, злучаныя ў цэнтры муштукамі.

Герб Смаргоні зацверджаны 1 снежня 2004 года Указам Прэзідэнта Беларусі.

З першай паловы XVII стагоддзя Смаргонню валодалі князі Радзівілы і Пшэздзецкія. Радзівілы заснавалі школу дрэсіроўкі мядзведзяў – «Смаргонскую акадэмію». Мядзведзяў дрэсіравалі недалёка ад горада, на так званых «французскіх узгорках». Маладых мядзведзяў саджалі ў клетку з металічным дном, ставілі зверху выкапанай ямы, на дне якой раскладвалі вогнішча. На гарачай рашотцы мядзведзь, стаўшы на заднія лапы, пачынаў «танцаваць», і ў гэты час чуўся ўдар бубна, свістка і гэтак далей.

Менавіта гэты гістарычны факт з гісторыі горада быў узяты ў аснову гербавага сюжэту Смаргоні. Прыналежнасць населенага пункта князям Радзівілам адлюстраваная і ў гербе, які трымае мядзведзь.

Ашмяны

Герб: французскі шчыт, які мае перакулена-вілападобнае дзяленне. У правым чырвоным полі намаляваная рука, якая трымала залатыя шалі, у левым блакітным – залаты шчыт, у ніжнім сярэбраным – чырвонае цяля.

Герб заснаваны Указам Прэзідэнта Беларусі ад 17 ліпеня 2006 года.

Горад Ашмяны вядомы па пісьмовых крыніцах з 1340 года як населены пункт Віленскага княства і замак вялікіх князёў літоўскіх. У пачатку XVI стагоддзя Ашмяны атрымалі магдэбургскае права, у гэты час горад меў статус цэнтра Ашмянскага павета.

22 мая 1792 года Станіслаў Аўгуст пацвердзіў права на самакіраванне і даў герб. Ён уяўляў сабой сярэбраны трохчастковы шчыт з выявай у адпаведных палях рукі з вагамі, шчыта і прыватнага герба роду Панятоўскіх – «Цяля», у ніжняй частцы якога размяшчаецца надпіс «Memoria Stanislai Augusti. 1792».

У 1845 годзе зацвердзілі новы герб Ашмянаў і Ашмянскага павета. Герб уяўляў перасечаны шчыт, у верхняй частцы якога герб Віленскай губерні (у чырвоным полі сярэбраны вершнік з узнятым мячом і шчытом), у ніжняй частцы – у блакітным полі мядзведзь (мясцовыя жыхары займаліся паляванням на мядзведзяў). Сучасны герб спалучае ў сабе два гербы, якія з’яўляліся сімваламі горада.

Астравец

Герб: варажскі шчыт, перасечаны хвалістым поясам зялёнага колеру, у верхнім сярэбраным полі якога намаляваны дуб натуральнага колеру з зялёным лісцем, у ніжнім блакітным – сярэбраная стронга, звернутая ў правы бок.

Герб і сцяг зацверджаныя Указам Прэзідэнта Беларусі ад 14 чэрвеня 2007 года.

Пры стварэнні герба ўлічаныя гістарычныя падзеі і геаграфічнае размяшчэнне Астраўца, якім валодалі прадстаўнікі родаў Гаштольдаў, Карыцкіх, Корсакаў. Дуб – гэта моц, цягавітасць, даўгалецце, вера і слава. Рыба на гербе Астраўца – стронга, з’яўляецца раннехрысціянскім сімвалам, звязаным з урадлівасцю, выкананнем жаданняў і справядлівасцю. Стронга на тэрыторыі Беларусі водзіцца толькі на Астравеччыне.

Мядзель

Герб: у блакітным полі іспанскага шчыта на зялёным ускрайку сярэбраны замак з трыма вежамі, на якіх вымпелы з крыжамі Святога Георгія.

Герб горада Мядзел зарэгістраваны 21 красавіка 2001 года.

Да пачатку XX стагоддзя горад дзяліўся на Стары і Новы з-за чумы. Стары Мядзел згадваецца ў пісьмовых крыніцах каля 1454 года. Кашталян Саковіч пабудаваў тут касцёл, які знішчылі падчас вайны 1500-1503 гадоў паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай.

Аб Новым Мядзеле ёсць звесткі 1557 і 1569 гадоў. Гэта частка горада злучалася пры дапамозе моста з востравам, на якім быў пабудаваны каралеўскі замак. Цяпер захаваліся руіны абароннага комплексу. Яго складалі каменныя вежы і палац, якія былі акружаныя земляным валам з бастыёнамі і ровам, які запаўняўся вадой з возера.

Беларускі доктар гістарычных навук Ткачоў пісаў:

– Мядзельскі замак – прыклад злучэння асаблівасцяў заходнееўрапейскай фартыфікацыі з мясцовымі абарончымі элементамі. У час ваеннай небяспекі замак служыў надзейным сховішчам для жыхароў Мядзела і ваколіцаў. Яго разбурылі падчас Паўночнай вайны 1700-1721 гадоў.

Стылізаваную выяву гэтага помніка архітэктурнага і абарончага мастацтва можна ўбачыць у сучасным гербе Мядзела