Вось і ўвайшоў у гісторыю дзень 1 лютага 2020 года, дзень сустрэчы з аднакласнікамі. Мы – былыя вучні 10 «В» класа маладзечанскай школы №8. Вельмі хваляваліся, таму што амаль паўвека прайшло з таго часу, як пакінулі сваю альма-матар.

Вельмі цяжка было развітвацца са сваімі сябрамі, настаўнікамі. Кожны з нас уступаў у новае жыццё, пра якое яшчэ нічога не ведаў. У той час мы былі дзецьмі, а цяпер нам па 67 год.

Вечар шчымлівых успамінаў

Але да новага жыцця нас вельмі добра падрыхтавала наш класны кіраўнік Людміла Аляксандраўна Трутнева. На класнай гадзіне яна казала:

– Не ўсё ў гэтым свеце так хораша і ўтульна. Давядзецца вам сутыкнуцца і з падманам, і са здрадай, і з іншымі жыццёвымі перашкодамі.

У гэты дзень, 1 лютага, мы сустрэліся на парозе нашай восьмай школы. Усе такія ўсхваляваныя, прайшло ж амаль 50 год з таго часу, як мы класам фатаграфаваліся на гэтым самым месцы. Слёзы радасці, прывітанні, успаміны.

Прыгадвалі нашых настаўнікаў, якія ўжо сышлі ў іншы свет. Гэта дырэктары Уладзімір Каралькоў, Ілля Салавейчык, намеснік дырэктара Уладзімір Нічыпаровіч.

Вельмі прыемна было сустрэцца з настаўніцай Таццянай Маркелавай. А наша любімая класная Людміла Трутнева – тая, што нас аб’ядноўвае, з якой мы сябруем ужо паўстагоддзя.

Часта збіраемся разам, абмяркоўваем падзеі, распавядаем пра жыццё, святкуем дні нараджэння і памінаем тых аднакласнікаў, якіх з намі не стала. Але яны назаўсёды застануцца ў нашых сэрцах.

Нас запрасілі ў актавую залу, дзе вітальнае слова сказаў цяперашні дырэктар школы Аляксей Шарамет. Ён уручыў граматы Людміле Трутневай і Таццяне Маркелавай. А мы ўручылі былым настаўнікам ружы. Толькі чаму былым, яны назаўсёды будуць заставацца нашымі настаўнікамі.

Вельмі спадабаўся канцэрт, відэаролік, у якім паказалі здымкі ўсіх выпускнікоў, самі настаўнікі выступілі з песнямі. Ад імя нашага класа выступіла Паліна Грышаева – прыгадала настаўнікаў, праспявала песню.

Калі яшчэ мы так сустрэнемся ў школе, якая дала падмурак ведаў. Каб кожны з нас далей пайшоў сваёй дарогай. І сталі мы хто рабочым, хто доктарам, хто інжынерам, хто педагогам. Гэта месца, дзе мы навучыліся любіць, кахаць і сябраваць.

Некаторых аднакласнікаў ужо няма

Раскажу пра тое, як склаўся лёс маіх аднакласнікаў. Пачну з тых, каго з намі ўжо няма. Першым сярод нас трагічна памёр Уладзімір Савельеў. Вучыўся ва ўніверсітэце Томска. Генадзь Кукель скончыў універсітэт, працаваў навукоўцам. Памёр ад апраменьвання.

Сяргей Купцоў скончыў Маладзечанскае радыёвучылішча, атрымаў смяротныя траўмы падчас працы на будоўлі. Быў душой нашага класа. Яраслаў Сушко працаваў на чыгунцы, таксама на заводзе парашковай металургіі.

Верхні рад злева направа: Віктар Якубовіч, Міхаіл Шніпман, Мікалай Сафронаў, Надзея Кукель, Святлана Бійко, Валянціна Цадко. Ніжні рад злева направа: Зоя з паралельнага класа, настаўніца фізікі Таццяна Пятроўна Маркелава, Валянцін Сушко, Антаніна Кукель, Паліна Грышаева, Людміла Аляксандраўна Трутнева, Ларыса Гулевіч.

Кім сталі мае аднакласнікі

Цяпер раскажу пра тых, хто сустрэў юбілей выпуску. Нашы дзяўчаты, якія сталі настаўнікамі і вучылі дзетак музыцы і замежным мовам – Паліна Грышаева, Надзя Кукель, Ларыса Гулевіч. Валянціна Цадко скончыла тэхнікум, працавала загадчыкам магазіна, была камсоргам. Святлана Бійко – касір-прадавец, з мужам-ваеннаслужачым аб’ехала ўвесь свет. Антаніна Кукель працавала доктарам-педыятрам, жыве ў Кіеве.

Аляксандр Лысенка – ваенны доктар, падпалкоўнік. У Маладзечне загадваў “хуткай дапамогай”, працуе і сёння ў гэтай галіне. Мікалай Сяргей і Міша Шнітман сталі педагогамі. Віктар Якубовіч – інжынер халадзільных установак. Мікалай Сафронаў – інжынер па сувязі. Яраслаў Чарнецкі – інжынер-радыётэхнік. Я, Валянцін Сушко, працаваў станочнікам-мэбельшчыкам з агульным стажам 43 гады.

Вельмі рады нашай сустрэчы і пішу ўспамін ад усяго сэрца. Жадаю ўсім сваім аднакласнікам здароўя!

• Текст доступен на языке: Русский