Фота narachanka.by.

У пачатку студзеня ў аграгарадку Будслаў адбыўся пажар — гарэў будынак дзевяностагадовай пенсіянеркі. Цяпер вяскоўцы арганізавалі збор сродкаў на набыццё ёй новага дома.

Жанчыну выратавалі відавочцы здарэння Алег Бізуновіч і Пётр Ласіца.

Выратавальнікі прыбылі хутка, патушылі полымя. Але дом моцна пашкодзіў пажар, і жыць у ім ужо немагчыма.

Людзі спачувалі і прапаноўвалі дапамогу. Пробашч Будслаўскага касцёла ксёндз Дзмітры заклікаў прыхаджан ахвяраваць грошы на набыццё новага жылля для пагарэліцы. Тэрэза Вайнілка прапанавала арганізаваць збор сродкаў па вуліцах аграгарадка, каб кожны змог далучыцца да гэтай высакароднай дабрачыннай акцыі.

Аднавяскоўцы не адмахнуліся ад бяды, якая напаткала пенсіянерку. Хто колькі мог, уносіў свой грашовы ўклад у гэту справу.