Фота belarusfilm.by.

Аляксандр Лукашэнка ўжо паглядзеў фільм «Янка Купала». Таксама карціну бачылі «ўсе вышэйшыя дзяржчыноўнікі, у тым ліку з КДБ». Пра гэта на сайце «Будзьма» напісаў кінакрытык Тарас Тарналіцкі, які ўжо паглядзеў карціну разам з рэжысёрам Уладзімірам Янкоўскім.

— Адусюль прыйшлі станоўчыя водгукі адносна фільма, — піша кінакрытык.

Раней, у снежні 2019 года Уладзімір Янкоўскі прызнаваўся, што «фільм адаслалі прэзідэнту».

Стваральнікі карціны забаранілі публікаваць водгукі і рэцэнзіі на карціну. Таму Тарналіцкі падзяліўся толькі некалькімі падрабязнасцямі.

Першапачаткова бюджэт карціны складаў 1 ​​млн далараў, затым студыя дадала яшчэ 500 тысяч для завяршэння работ. Усяго вытворчы бюджэт склаў 1,5 млн долараў. Гэтую ж суму называе на сваёй старонцы ў фэйсбуку Сяргей Філімонаў, аўтар і вядучы праграмы «Відаць-нябачна».

— Гэта як раз той выпадак, калі фільм, на вытворчасць якога затрацілі крыху больш за 1,5 мільёна даляраў, выглядае так, быццам бюджэт быў мінімум 40 мільёнаў, — піша Філімонаў, які разам з Тарналіцкім глядзеў канчатковую версію фільма ў гасцях у Янкоўскага.

Як піша Тарналіцкі, масавы пракат карціны перанеслі на лістапад 2020 года.

— Каб фільм паспеў трапіць на міжнародныя фестывалі і каб не правакаваць нападкі з боку крамлёўскай прапаганды. Нагадаем, што прэзідэнцкія выбары ў нас пройдуць у канцы лета гэтага года. Высновы рабіце самастойна, — піша Тарналіцкі.

Здымкі фільма пачаліся ў ліпені 2019 года. Карціну здымалі ў Беларусі, Расіі і Літве. Галоўную ролю — самога Янкі Купалы — згуляў латвійскі акцёр з беларускімі каранямі Мікалай Шастак.

У кінатэатрах фільм, як і планавалася, пакажуць у 2020 годзе. Затым будзе зроблены чатырохсерыйны фільм для тэлебачання.