25 лютага «Прэсбол» паведаміў, што аб’яднаную каманду «Маладзечна» і «Андэрдога», магчыма, узначаліць расійскі спецыяліст Сяргей Бойка. Таксама спартыўны партал паведаміў, што аб’яднаны клуб згуляе ў Першай лізе.

Сяргей Бойка нарадзіўся 14 верасня 1971 года ў Кіеве ва Украіне. Аднак вырас у Расіі, гуляў у горадзе Уладзімір. Сяргей з’яўляецца выхаванцам уладзімірскіх маладзёжных камандаў «Матор» і «Тарпеда». Амплуа — паўабаронца.

Гульнявая кар’ера

У 1990-1991 годы гуляў за лідскую каманду «Абутнік». Пасля ад 1993-га да 1997 года выступаў за расійскія клубы ў першым і другім дывізіёнах («Лада», «Носта», «Індустрыя»). За чатыры гады ў расійскім футболе адзначыўся пяццю галамі.

У 1997 годзе пераходзіць у чэмпіянат Беларусі ў «Тарпеда». Згуляў за мінскую каманду 19 гульняў і адначыўся двума забітамі мячамі. У 1998-м выступаў за «Славію». Ад 2000 да 2003 года гуляў за аматарскія расійскія футбольныя каманды — «Падолле», «Каломна», «Обнінск», «Нара-Дзесна».

Фота omsk.bezformata.com.

Трэнерская кар’ера: ад аматараў у Расіі да прафесіяналаў ў Арменіі

Пачаў працаваць трэнерам у 2004 годзе ў «Нара-Дзесне», за якую апошні раз гуляў падчас сваёй кар’еры футбаліста. Там ён адпрацаваў да 2006-га, а потым трэніраваў два гады «Тарпеда-РГ».

У 2009 годзе становіцца галоўным трэнерам «Хіміка», які з’яўляецца другім па велічыне клубам Ніжагародскай вобласці. Аднак у тым жа годзе сыходзіць трэніраваць «Знамя Труда» з Арэхава-Зуева. Мяркуючы па інтэрв’ю Бойка, з заробкамі ў падмаскоўным клубе было цяжка:

— У ліпені на паядынак у Старым Асколе было 12 футбалістаў, прычым брамнік выходзіў на пазіцыі абаронцы. Узімку клуб не плаціць футбалістам зарплату: у нас няма вучэбна-трэніровачных збораў. Зразумела, у пачатку чэмпіянату гульцы не натрэнірованыя. Я прыехаў — не знайшоў ні адной касеты з матчамі чэмпіянату. Ніхто нічога не здымаў! Макет у пылу, яго нават не даставалі. Фішкі і зусім адсутнічалі — свае прывёз. Многія мячы былі ў форме дыні. Новыя праз «Сатурн» даставаў. Ямо ў кафэ «Агульнахарч» на вакзале, мясцовыя — дома. Чым футбаліст займаецца ўвечары, ноччу, пракантраляваць немагчыма. Можа, ён не еў нічога ўчора. У нас тут і ў прытомнасць падалі на трэніроўках. Аб прафесіяналізме гаворкі не ішло. Але самалюбства, жаданне прагрэсаваць у гульцоў я ўбачыў.

У 2011-м працаваў з «Зенітам-Іжэўск», пра сыход з якога казаў так:

— Першая прычына — добрая гульня каманды, якую адзначалі і праціўнікі, і суддзі, але поўная адсутнасць ачкоў, што адлюстроўваецца ў турнірнай табліцы. А на наступны дзень у Іжэўску даведаўся, што за маёй спіной ўжо ішлі пошукі новага галоўнага трэнера і ў горадзе ўжо знайшлі кандыдата.

У 2011 годзе таксама працаваў і з «Падоллем».

Восенню 2013-м узначальвае «Волагду», якую адвёў з апошняга месца ў турнірнай табліцы «Захад».

Варта адзначыць, што Бойка не адпрацаваў амаль ні ў адным клубе да «Іртыша» цэлы сезон.

Фота armeniasputnik.am.

У 2014 годзе сыходзіць у «Іртыш». За два сезона (2014/15 і 2015/16 гадоў) пад кіраўніцтвам Бойка омская каманда правяла 48 матчаў, у якіх атрымала 19 перамог пры 17 нічыіх і 12 паразах. У сезоне-2014/15 «Іртышом» былі заваяваны сярэбраныя медалі першынства Расіі сярод калектываў другога дывізіёна зоны «Усход».

Падчас інтэрв’ю з омскімі журналістамі распавёў пра свае трэнерскія арыентыры:

— Калі казаць аб тэарэтычнай падрыхтоўцы, то назаву дырэктара вышэйшай школы трэнераў Андрэя Уладзіміравіча Лексакава і Руперта Рупертавіча Согасці, на жаль цяпер нябожчыка. Гэтыя два чалавекі далі мне вельмі шмат — вялікае ім дзякуй. Працаваў у Беларусі з даволі вядомым Аляксандрам Бубновым, Уладзімірам Юрыным. Як і любы іншы трэнер, я адусюль браў патроху. Калі казаць пра больш высокія матэрыі, то выклікае павагу Жазэ Маўрынью. Куды ён ні прыйдзе — у любым клубе ёсць вынік. Да каго б я з’ездзіў на стажыроўку, дык гэта да Маўрынью!

У 2017 годзе працаваў з «Мурамам», з якога сышоў з-за нездавальняючага выступлення каманды. Бойка казаў, што сыходзіць і таму, што кіраўніцтва клуба хутка вызначылася з новым кандадатам на пасаду галоўнага трэнера.

Гісторыя пра «Арарат»

Напрыканцы ліпеня 2019 годзе стаў трэніраваць ерэванскі «Арарат». Каманда згуляла шэсць матчаў — усе завяршыліся перамогамі.

10 верасня 2019 года ў інтэрв’ю Бойка параўнаў узровень чэмпіянату Арменіі з ФНЛ (другі па сіле, значнасці і папулярнасці дывізіён прафесійнага футбола Расіі). Таксама галоўны трэнер распавёў, што для каманды план-мінімум — трапіць у еўракубкі, а максімум — стаць чэмпіёнамі Арменіі.

16 верасня 2019-га прэс-служба «Арарата» заявіла, што Сяргей Бойка падаў у адстаўку. Рашэнне прынялі па ўзаемнай згодзе: Бойка напісаў заяву, якую прыняло кіраўніцтва клуба.

Сяргей Бойка. Фота youtube.ru.

Вышэйшая школа трэнераў, стажыроўкі ў Іспаніі і Расіі

Сяргей Бойка скончыў з адзнакай ВШТ ў 2006 годзе. У 2009-м годзе прайшоў курсы па ліцэнзаванню трэнераў пад эгідай УЕФА. У 2010 годзе прайшоў курсы павышэння трэнерскага майстэрства пры РФС і ВШТ ў Маскве. Мае ліцэнзію трэнера UEFA «PRO».

Бойка праходзіў стажыроўку ў мадрыдскім «Рэале», «Рэал Сасьедад» і ЦСКА:

— Усе гэтыя клубы рознай накіраванасці, і адпаведна ў іх адрозніваюцца задачы. У Сан-Себасцьяне правёў дзевяць дзён, то бок поўны тыднёвы цыкл з двума гульнямі чэмпіянату. Больш за ўсё здзівіла і парадавала інфраструктура. Зразумела, што «Рэал Сосьедад» не адносіцца да грандаў еўрапейскага футбола, але тым не менш у іх на базе сем палёў рознага памеру і пакрыцця. Там жа ёсць стадыёнчык з трыбунай на тры тысячы гледачоў, дзе праводзяцца кантрольныя матчы. Шмат спецыялізаваных памяшканняў для тэставання футбалістаў.

У мадрыдскім «Рэале» усё зусім інакш. Гэта гранд сусветнага футбола — пафасу там больш чым дастаткова. Няма ніякай мітусні: кожны работнік клуба ў любой галіне займаецца сваёй справай, няхай гэта будзе клубны музей, магазін атрыбутыкі або спартыўная школа.Все разумеюць, дзе яны працуюць, і гэтая самавітасць адчуваецца з першага кроку.

Сяргей Бойка праходзіў стажыроўку ў ЦСКА, калі каманду трэніраваў Леанід Слуцкі. Бойка кажа пра Слуцкага шмат прыемнага:

— ЦСКА — гранд расійскага футбола. На мой погляд, у гэтым клубе працуе наймацнейшы расійскі трэнер Леанід Слуцкі, з якім мы знаёмыя. У яго ёсць чаму павучыцца, у тым ліку і ў плане адносін з футбалістамі.

Бойка тлумачыў некалькі гадоў таму, што для яго вельмі важна меркаванне заўзятараў — казаў, што каментарыі ў інтэрнэце не чытае.

У 2017 годзе Сяргей Бойка казаў пра сваё футбольнае жыццё:

— А як ад футбола адпачнеш? Нават калі здараюцца гадзіны спакою, то ўсё роўна глядзіш тэлетрансляцыі, тэлефануеш сябрам і знаёмым — даведацца, як згулялі… Ад футбола нікуды не сойдзеш! Гэта ўжо не праца, а само жыццё.