Фота mahazyn_pink.

Здарэнне адбылося познім вечарам. Невядомыя трапілі ў магазін адзення і абутку па вуліцы Прытыцкага. Напалі на работніка магазіна, распылілі газ і скралі з сейфа ўсю выручку.

На месца здарэння выехала следча-аператыўная група. Праваахоўнікі апрасілі пацярпелага і вывучылі запісы з камер відэаназірання.

Устанавілі, што двое зламыснікаў трапілі ў магазін праз незамкнёныя службовыя дзверы з тарца будынка. Пырснулі невядомым газам у твар 21-гадоваму работніку. Яны скралі з сейфа 3 250 рублёў, пасля чаго збеглі.

Магчыма, для таго, каб навесці на непраўдзівы след, сказалі пацярпеламу перадаць дырэктару «прывітанне ад таджыкаў».

На вышук злачынцаў накіравалі ўсіх супрацоўнікаў і нарады міліцыі, якія нясуць службу. Адпрацавалі меркаваныя шляхі адыходу рабаўнікоў і бліжэйшыя тэрыторыі, аднак затрымаць зламыснікаў па гарачых слядах не ўдалося. Па дадзеным факце ўзбудзілі крымінальную справу па артыкуле «Рабаванне», санкцыя якой прадугледжвае да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку знайшлі меркаваных рабаўнікоў. Адным з іх аказаўся беспрацоўны жыхар Маладзечна, 26-гадовы грамадзянін Узбекістана. Як высветлілася, мужчына быў добра знаёмы з дырэктарам крамы і не раз бываў у яго. Добра арыентаваўся ў памяшканні, ведаў, дзе сейф і ключы ад яго, а таксама якая сума звычайна ў ім захоўваецца. Таму спланаваць злачынства для яго аказалася справай нескладанай, у памочнікі абраў сабе 21-гадовага беспрацоўнага жыхара Маладзечаншчыны. У абодвух фігурантаў гэта першы крымінальны выпадак у біяграфіі.

Аператыўнікі затрымалі абодвух падазраваных. Фігуранты не сталі адмаўляцца і прызналіся ў зробленым. Ідэальны, з іх пункту гледжання, план яны выношвалі некалькі дзён, пільна сачылі за работнікамі крамы па вечарах. На злачынства, па словах падазроных, іх штурхнуў недахоп грошай. Верагодна, паўплывала і магчымасць адным махам сарваць куш у некалькі дзясяткаў тысяч рублёў.

Аднак змоўшчыкам ў той дзень не пашанцавала – у сейфе было крыху больш за 3 000 рублёў. Як распавялі самі саўдзельнікі, здабычу яны падзялілі і накіраваліся «баляваць» у сталіцу. Частку скрадзенага канфіскавалі ў грамадзяніна Узбекістана, астатнія яны ўжо паспелі патраціць.

Асноўны фігурант арыштаваны, у дачыненні да яго саўдзельніка абралі меру стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.

• Текст доступен на языке: Русский