Фонд «Белы Бусел» 22 лютага наведаўся да выхаванцаў Вілейскага інтэрната. У пачатку сустрэчы ўдзельнікі павучыліся і папрацавалі на майстар-класах.

Дзяўчынкі-прынцэсы заняліся ўрокамі прыгажосці з Алёнай Раманавай. Яны даведаліся пра правілы догляду за тварам на практыцы. Фонд «Белы Бусел» і Алёна падарылі для дзяўчынак асноўныя сродкі па догляду за маладой скурай, лакі для пазногцяў і касметыку для старэйшых дзяўчынак.

Хлапчукі рыхтуюцца да дарослага самастойнага жыцця. Разетку паправіць, лямпачку памяняць зараз змогуць самі без праблем дзякуючы майстар-класу валанцёра Дзмітрыя Мінчыка, які пазнаёміў з асновамі электрыкі і распавёў, як можна абысціся ўласнымі сіламі.

Лялькі-анёлы, лялькі абярэгі. Нашы продкі нямала ведалі аб іх прызначэнні і беражліва захоўвалі. І на сёння яны могуць яшчэ паслужыць нам і нашым дзеткам. Дзеці разам з пастаянным валанцёрам псіхолагам Галінай Янкоўскай самастойна зрабілі лялек-анёлаў у славянскіх традыцыях. Лялькатэрапія – метад псіхалагічнай дапамогі дзецям, падлеткам і іх сем’ям, які заключаецца ў карэкцыі паводзін пры дапамозе лялечнага тэатра.

Тэатр, сцэна, пераўвасабленне! Усе дзеці валодаюць бязмежнай фантазіяй і могуць без складанасцяў, падчас гульняў, стаць прынцэсай або чалавекам-павуком. Але як стаць акцёрам і сыграць сапраўдныя ролі? Дапамаглі дзецям разабрацца падчас майстар-класа псіхолаг Аляксандра Дылеўская і актрыса-аматар Любоў Стрыга. Дзеці зразумелі, што прымераць маскі эмоцый недастаткова. Каб стаць прафесіяналам, трэба яшчэ доўга і шмат трэніравацца, рэпеціраваць і працаваць.

Кожны з выхаванцаў перад Новым годам прасіў добрага чараўніка выканаць жаданне. Нехта хацеў планшэт, ляльку, танк, спартыўны касцюм, красоўкі, новыя канькі, клюшку, а хтосьці саначкі. Фонд «Белы Бусел» прывёз для ўсіх дзяцей імянныя падарункі.

• Текст доступен на языке: Русский