Кожны год да святкавання Дня роднай мовы ў нашай беларускамоўнай групе мы падыходзім адказна і крэатыўна.

Сёлета, улічваючы ўзрост выхаванцаў, якім толькі тры-чатыры гады, бацькі разам з выхавальнікам стварылі прадметнае асяроддзе для хаткі лялек. Зрабілі гэта, каб паказваць дзецям побыт нашых продкаў – беларусаў. Адметнасцю ўнутранага ўбранства хаткі сталі маляваны дыван, зроблены па ўзору маляванак Ніны Бохан, і вязаныя кручком дыван і ходнік.

Ля выставы малюнкаў.

Акрамя таго, у гардэробе групы стварылі сапраўдную мастацкую выставу малюнкаў маляваных дываноў Ніны Бохан. Бацькі і дзеці пазнаёміліся з працамі мастачкі, якая некаторы час жыла і працавала на Смаргоншчыне, і павінна заняць сваё пачэснае месца сярод славутых людзей рэгіёна. Малюнкі дываноў стварыла маці аднаго з выхаванцаў нашай групы. Да кожнага малюнка прыдумалі казачныя гісторыі, якія адлюстроўваюць светапогляд нашых продкаў, іх філасофію жыцця.

За стварэннем дыванкоў.

Усе гісторыі надрукавалі ў невялікай кнізе з прыгожымі карцінкамі. Пры складанні тэматычных казак-гісторый улічваўся слоўнікавы і паняційны запас маленькіх слухачоў. А, каб замацаваць пачутае і ўбачанае, з копіяў маляванак для дзяцей зрабілі гульнявыя пазлы.

У групе.

Трэба сказаць, што малыя і самі з задавальненнем спрабавалі зрабіць маляваныя дыванкі для любімых мамачак з дапамогай штампікаў, набытых у краме.

Святкаванне Дня роднай мовы для нашай групы стала нагодай не толькі ўшанаваць беларускую мову, але і культуру сваёй малой радзімы, а таксама бліжэй пазнаёміцца з мастацтвам Ніны Бохан.

На занятках.

Фота аўтара.