Джэксан выдрала валасы Лэслі на Алімпійскіх гульнях, яны змагаліся за MVP і ніколі не размаўлялі. Яны сапернічалі дзесяцігоддзе, гэта супрацьстаянне цэнтравых было самым цікавым шоу у 2000-х.

Перадгісторыя: суперзорка Ліза і маладая Лорэн

У 1997 годзе стварылі WNBA як жаночы аналаг NBA. Адной з трох галоўных баскетбалістак, пра якую казалі перад стартам першага сезона ў лізе, стала Ліза Лэслі. Лэслі адыграла перад WNBA за універсітэт Паўднёвай Каліфорніі ўжо ў статусе зоркі – у школе яна выйгравала чэмпіянат штата з дабл-даблам, ужо тады магла забіваць зверху, а таксама гуляла ў валейбол і займалася лёгкай атлетыкай.

Яшчэ Лэслі стала першай баскетбалісткай ў WNBA, якая дакранулася да баскетбольнага мяча: выйграла стартавае ўкіданне ў першым матчы лігі паміж «Нью-Ёркам» і «Лос-Анжэлесам». Яна была ў першым Матчы ўсіх зорак, узяла са «Спаркс» тытул пасля развалу дынастыі «Х’юстан Кометс», а цяпер яе імем названая ўзнагарода цэнтравым ў студэнцкім баскетболе. Прасцей кажучы, Лэслі на працягу ўсёй кар’еры падтрымлівала статус элітнага гульца. І, вядома ж, яна выступала за зборную ЗША.

У 1998 годзе ЗША і Аўстралія адкаталі спарынг ў Японіі перад пачаткам чэмпіянату свету. Амерыканкі прадказальна перамаглі, а трэнер аўстралійскай зборнай адзначыў, што Ліза Лэслі спецыяльна ўдарыла локцем у нос Карлу Портэр.

З гэтага пачалося супрацьстаянне Лэслі і зборнай Аўстраліі. Праз год, у 1999-м, у Лізы з’явіўся персанальны праціўнік з аўстралійскай каманды ў асобе Лорэн Джэксан. Лорэн нарадзілася ў сям’і баскетбалістаў. Яе бацька, Гэры Джэксан, выступаў за мужчынскую зборную ў 1975-м. Маці, Мэры Бэні, гуляла за аўстраліек з 1974 па 1982 гады. Нават дзед Лорэн гуляў у баскетбол на прафесійным узроўні. У гонар мамы яна ўзяла №15, пад ім прайграла ўсю кар’еру.

«Не дазволю нейкай Лізе Лэслі мяне абыгрываць»

Такім чынам, у 1999 годзе аўстралійская зборная прыехала на спарынгі ў ЗША. Пра Лорэн ужо тады казалі і пісалі многія. У 1998 годзе яна выступіла за зборную Аўстраліі на чэмпіянаце свету. Ёй тады толькі стукнула 17 гадоў – Джэксан стала самай маладой, хто ў той час гуляў за «нацыяналкі».

На JockBio ёсць цудоўная гісторыя пра першую гульнявую сустрэчу Джэксан і Лэслі, тады ў 1999-м:

«Любы, хто задаваўся пытаннем, як жа выступіць Лорэн супраць ЗША, атрымаў адказ вельмі хутка. Джэксан і Лэслі змагаліся за пазіцыю, Лорэн ударыла локцем у рабро Лізу і атрымала персанальную заўвагу. Лэслі пасля гэтага пагразіла пальцам прама ў твар Джэксан. А тая абрынула нецэнзуршчыну на галоўную баскетбалістку свету. Усе на пляцоўцы проста стаялі і маўчалі. Джэксан і Лэслі працягвалі штурхаць адзін аднаго цішком на працягу ўсёй гульні, а на прэс-канферэнцыі не выбачаліся. Так і нарадзілася вялікае саперніцтва»

Аўстралійкі завяршылі турнэ па Штатах, а 18-гадовая Лорэн Джэксан вырашыла выказацца ў San Jose Mercury News:

— Я не буду проста сядзець склаўшы рукі і дазваляць нейкай там Лізе Лэслі мяне абыгрываць. Мне пляваць, што яна кажа пра мяне, таму што аднойчы я буду лепш яе.

Інцыдэнт з хвастом

А потым пачалася Алімпіяда ў Сіднэі. Пра Джэксан казалі шмат, а яшчэ больш пра яе казала Ліза.

— Перад пачаткам Алімпійскіх гульняў ужо куча хайпа. Кажуць пра мяне і Лорэн. СМІ пішуць, паміж намі саперніцтва, а фанаты спрачаюцца, хто з нас лепш гуляе ў баскетбол.

Перад галоўным стартам абедзве зборныя згулялі таварняк ў Мельбурне. Джэксан апекавала Свупс, а Лэслі ўдарыла Лорэн ззаду. Аўстралійка павярнулася і спытала: «Хочаш са мной пабіцца?». Інцыдэнт быў вычарпаны і да канца матча яны не канфліктавалі. Джэксан пасля гульні сказала, што больш не збіраецца цярпець такія паводзіны Лэслі.

Ліза пацвердзіла The Times Leader, што саперніцтва паміж ёй і Джэксан сапраўды існуе, але толькі ў межах баскетбольнай пляцоўкі, а ў звычайным жыцці яны нават не размаўляюць. А крыху пазней у сваёй аўтабіяграфіі пра той матч пісала:

— Мы не абараняліся адзін супраць аднаго. Нашы трэнеры ведалі, што можа адбыцца, калі мы будзем персанальна гуляць, — гэта ці фалы, ці яшчэ што горш. Але мы ўсё адно з Лорэн згулялі. Яна мяне шмат абзывала. Пастаянна казала: «Адвалі ад мяне, с*ка!» Я ніколі ёй не адказвала, а яна працягвала мяне абражаць. Усё думала, што з ёй не так.

На Алімпіядзе ў матчы за залатыя медалі сустрэліся ЗША і Аўстралія. Амерыканкі разграмілі аўстраліек, але гэта не стала самым характэрным момантам турніру і сустрэчы найлепшых зборных свету. Уся справа — у прычосцы Лэслі.

Ліза Лэслі разам з Ніккі МакКрэй (таксама гуляла за Штаты) уклалі свае сапраўдныя валасы і начапілі накладныя хвасты. Лэслі тлумачыла, што яны зрабілі гэта для прэс-канферэнцыі пасля матчу: каб не марнаваць час і не ўкладваць валасы лішні раз.

Усё пачалося са штрафных і падбору. Пасля недакладнага кідка каля кольца Лэслі і Джэксан апынуліся побач. Але Лорэн не цягнулася да мяча, а вырвала і кінула ў бок аўту накладны хвост Лэслі. Прынамсі, менавіта так апісвае сітуацыю сама Лэслі.

Журналіст The Daily News апісваў «інцыдэнт з хвастом» так:

«Гэта быў вясёлы, няёмкі і самы дзіўны момант гэтых Алімпійскіх гульняў. Калі не можаш абыграць іх — здымі з іх скальп»

Пасля матчу Джэксан выбачалася за свой учынак, а Лэслі працягнула распавядаць журналістам, што Лорэн наўмысна адарвала ёй хвост. Джэксан ж казала, што гэта адбылося не спецыяльна, яна проста спрабавала дабрацца да мяча, але заблыталася ў валасах амерыканкі.

Капітан аўстралійскай зборнай Мішэль Цімс сказала, што ў Джэксан папросту не было часу звярнуць увагу на сітуацыю з валасамі Лэслі, таму што яна — гуляла ў баскетбол. А ўвечары пасля матчу The Daily News напісаў са спасылкай на ананімную крыніцу са зборнай Аўстраліі, што Лорэн спецыяльна сарвала хвост Лэслі.

Праз некалькі гадоў Джэксан распавядала, што Лэслі заслужыла гэта, але пры гэтым перапрошвала і казала, што адбылося гэта зусім выпадкова.

І галоўнай фразай сталі словы Лізы: «Я сказала ёй, каб яна забірала валасы, а я забяру золата». Золата, вядома, амерыканкі забралі.

Іх галоўнай пляцоўкай для саперніцтва стала WNBA

Джэксан прыйшла ў WNBA ў 2001 годзе. Пад першым пікам аўстралійку забраў «Сіэтл Сторм». У гэтым жа сезоне «Лос-Анжэлес Спаркс» выйграў чэмпіёнскі тытул, а Ліза Лэслі стала MVP.

У сезоне-2001 «Сіэтл» выйдзе ў плэй-оф, а ў першым раўндзе сустрэнецца з «Лос-Анжэлес Спаркс». Лэслі і К. лёгка возьмуць дзве перамогі. The Sydney Morning Herald напіша пра адзін з матчаў, «у адным з момантаў яны змагаліся за падбор, а Лэслі ўдарыла каленам у пах Джэксан. Лорэн звалілася на паркет ад болю».

У 2002 годзе «Сіэтл» задрафтаваў Сью Бёрд. Бёрд і Джэксан у выніку стануць самым знакамітым дуэтам лігі. Бонусам у скарбонку Лэслі стаў данк, і яна была першай, хто забіў зверху ў афіцыйным матчы WNBA. Баскетбалісткі засяродзіліся на гульні, а не на асабістым супрацьстаянні супраць адзін аднаго. Джэксан і Лэслі нават былі партнёрамі ў МВЗ. У 2003-м Ліза прапусціла большую частку сезону з-за траўмы, а Лорэн стала MVP.

У 2004-м Лэслі вяртаецца і становіцца Самым каштоўным гульцом лігі — гэта яе другая ўзнагарода. Джэксан адказвае яшчэ больш магутна. «Сіэтл» упершыню ўзяў чэмпіёнства ў WNBA. У прэсе перыядычна мільгаюць навіны, што абедзве баскетбалісткі не размаўляюць адна з адной на пляцоўцы і за яе межамі тым больш.

У 2006 годзе Лэслі першая загаварыла пра спаборніцтва з Джэксан і працяглую адсутнасць канфліктаў з ёй: «Думаю, яна проста стала дарослай». Лорэн з ёй пагадзілася.

У 2007-м Джэксан зноў становіцца MVP, а Леслі — прапускае сезон. У гэты раз з-за нараджэння дачкі, якую яна назвала Лорэн. Праўда, у інтэрв’ю яна казала, што гэта чыстая выпадковасць, а пра Джэксан яна і не думала.

У 2008 годзе Лэслі правяла апошнюю гульню ў складзе зборнай ЗША. Яна выступіла за «зорна-паласатых» у Пекіне, а на цырымоніі ўручэння медалёў надзела ўсе, што выйграла на Алімпіядах. Пазлаваць Джэксан або прыгожа развітацца з міжнароднай кар’ерай — пра гэта Ліза ўмоўчала.

Пасля Пекіна-2008 Джэксан праходзіла рэабілітацыю пасля аперацыі, а «Спаркс» знішчалі ў плэй-оф «Сторм». Наступны постсезон аўстралійка таксама прапусціла і таксама з-за траўмы.

Лэслі ўкінула на гэты конт: «Сторм» небяспечней без Ларэн Джэксан». У 2010-м Лорэн вяртаецца пасля двух траўмаў, у трэці раз становіцца MVP і дапамагае выйграць «Сіэтлу» другі чэмпіёнскі тытул.

А Ліза Лэслі завяршае прафесійную кар’еру. Праз некалькі гадоў сыдзе і Лорэн Джэксан. Лорэн абыгрывала Лізу ў паўночнаамерыканскай лізе, але ні разу не змагла перамагчы амерыканскую зборную з Лэслі ні на чэмпіянаце свету, ні на Алімпіядзе.

Эпоха супрацьстаяння легендарных цэнтравых завяршылася.