Фота gazeta.a42.ru.

Крымінальная гісторыя з удзелам сямейнай пары адбылася ў студзені ў адным з пасёлкаў Астравецкага раёна. У міліцыю звярнулася 42-гадовая жанчына са скаргай на свайго мужа: той незаконна атрымаў пароль да яе акаўнта ў сацсетцы і прачытаў перапіску.

Высветлілася, што муж і жонка разышліся, аднак без афіцыйнага скасавання шлюбу. У 38-гадовага мужа застаўся агульны планшэт, у якім ён знайшоў старонку жонкі ў адной з сацыяльных сетак і вырашыў прачытаць яе перапіску.

– Мужчына незаконна атрымаў пароль, увайшоў ад імя жонкі на старонку і вывучыў яе перапіску. У наступным ён змяніў яе ўліковыя дадзеныя, і падзяліўся паведамленнямі, якія кампраметуюць жонку, з агульнай знаёмай. Са слоў падазраванага, ён пайшоў на злачынства з цікаўнасці: хацеў даведацца, ці не здраджвала яму жонка, – распавялі ў Астравецкім РАУС.

Дзеянням мужчыны следчыя далі прававую ацэнку. Па факце несанкцыянаванага доступу да камп’ютарнай інфармацыі ўзбудзілі крымінальную справу.

Раней мужчына не судзімы, аднак прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за розныя правапарушэнні.

• Текст доступен на языке: Русский