Падчас STEM-вечарынкі. Дырэктар школы №3 Мікалай Гіро (злева) і адзін са спонсараў Аляксандр Хоміч. Фота Аксаны Ярашонак.

Сёння, 28 лютага, у Вілейскай сярэдняй школе №3 вучні дэманстравалі робатаў, паказвалі фізічныя і хімічныя доследы і мультфільмы, якія самі малююць і здымаюць. Тут адчынілі STEM-цэнтр.

У гонар адкрыцця цэнтра вучні і педагогі зладзілі STEM-вечарынку. На ёй другакласнікі разам з настаўніцай Наталляй Андрыеўскай расказалі пра заняткі з канструктарам LEGO і паказалі, што ўмеюць рабіць з яго.

Запраграмаваны робат-шпіён рэагаваў на ўзмах рукі, вітаўся і запрашаў у трэцюю школу. Круціліся ветракі, працаваў цацачны пад’ёмны кран, а з цукерніцы, калі націснуць на кнопку, вывальваліся цукеркі.

Маленькі робататэхнік.
На выставе ў другога класа.

– Я заўважыла, што дзеці любяць канструктар LEGO. Вырашылі адкрыць гурток. Пачыналі з маленькага – вывучэння і складання дэталяў. А калі кіраўніцтва школы купіла нам вялікі канструктар, тут пачалося сапраўднае жыццё. Цяпер мы ствараем робатаў і праграмуем іх, – раскзала настаўніца.

Старэйшыя вучні на STEM-вечарынцы паказвалі хімічныя доследы, правяралі якасць пітной вады і расказалі, як  з пластыкавай бутэлькі, слоіка, кары івы і пяску самастойна зрабіць фільтр.

Дар’я Жаўняровіч і Глеб Грынь паказалі, якія мультфільмы, ролікі і выпускі школьных навін яны ствараюць самастойна.

Філіп Сак расказаў, як з пластыліну, салёнага цёста і палімернай гліны стварае фігуркі казачных персанажаў.

Доследы.

– Для нас адкрыццё класа – важная падзея, бо ІТ – тая галіна, якая дынамічна развіваецца. Дзякуючы STEM-цэнтру нашы вучні змогуць акунуцца ў інжынерыю, фізіку, мастацтва. Каб у школе з’явіўся гэты клас, нам трэба было выйграць рэспубліканскі конкурс «Хачу вучыцца ў STEEM-класе», што каштавала бяссонных начэй і часу. Але мы гэта зрабілі. Хацелася б, каб у цэнтры працавалі не толькі нашы вучні, але і дзеці з інваліднасцю, – сказаў на адкрыцці дырэктар школы Мікалай Гіро.

Вядучыя – вучань Андрэй Смолка і настаўніца Наталля Ахрэм.

Па словах дырэктара на цэнтр пайшло каля 25 тысяч рублёў. Закупілі ноўтбукі апошняга пакалення, базавыя і рэсурсныя наборы па робататэхніцы LEGO, тэлевізар, планшэты, 3D-прынтар.

На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму Вілейскага райвыканкама, настаўнікі інфарматыкі з іншых гарадоў, спонсары – прадстаўнікі замежнага таварыства «Эксадел», якое з’яўляецца рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій, і Асацыяцыі «Адукацыя для будучыні». Быў на ўрачыстасці і  прадстаўнік Вілейскага хлебазавода – прадпрыемства, якое таксама падтрымала адкрыццё класа.

На Вілейшчыне шмат таленавітых дзяцей, таму адкрыццё STEM-цэнтра ў Вілейцы вельмі патрэбнае, падсумаваў начальнік упраўлення адукацыі спорту і турызму Вілейскага райвыканкама Аляксандр Пуцэйка.

Апошнія прыгатаванні.

У новым цэнтры.

Фота аўтара.

 

• Текст доступен на языке: Русский