Ён быў першым мужам маёй бабулі па бацьку – Надзеі Данілаўны. Доўгія пошукі дазволілі з большага даведацца пра яго ўжо далёкае жыццё. Раскажу пра тое, што вядома дакладна.

Леанард Сігізмундавіч Рэут нарадзіўся ў пешай палове 1870-х гадоў у Віцебскай губерні. Скончыў Віленскае юнкерскае вучылішча ў 1898 годзе. У 1899 годзе яго прызначылі падпаручнікам 99 пяхотнага Івангародскага палка. Напярэдадні руска-японскай вайны, ужо штабс-капітанам, Леанард Рэут ажаніўся ў Омску з сястрой міласэрнасці Надзеяй Зяньковіч і разам з ёй пайшоў на вайну. Пасля вайны муж і жонка жылі ў Омску, у іх нарадзіліся два сыны і дачка.

Як ваяваў і памёр капітан Рэут

На пачатку Нарачанскай аперацыі на Першай сусветнай вайне капітан Рэут камандаваў першым батальёнам другога сібірскага стралковага палка першай Сібірскай стралковай дывізіі. Штатная колькасць батальёна – ад васьмісот да тысячы чалавек.

У першы дзень аперацыі, 5 сакавіка 1916 года па старым стылі, загінула каля двухсот афіцэраў і больш за 15 тысяч салдатаў рускай арміі. Раніцай 8 сакавіка ля населенага пункта Лясныя Муляры, што ў Пастаўскім раёне, капітан Рэут пад шквальным кулямётным і ружэйным агнём спрабаваў падняць у атаку залеглую перад калючым дротам зводную роту з байцоў свайго батальёна, ад якога заставалася 180 чалавек. Капітана цяжка паранілі і ў хуткім часе ён памёр у першым лазарэце першай Сібірскай стралковай дывізіі. Пахавалі яго ў населеным пункце Дунілавічы на мясцовых могілках. На яго магіле быў усталяваны помнік.

За дзесяць дзён Нарачанскай аперацыі загінула амаль 80 тысяч салдат і больш за тысячу афіцэраў рускай арміі. Ля Дунілавічаў могілак стала значна болей.

Воінская служба Леанарда Рэута была адзначаная мноствам узнагарод. У архівах знайшліся дакладныя звесткі пра ордэны Святой Ганны другой ступені і Святога Станіслава другой і трэцяй ступеняў.

Савецкая ўлада забрала пенсію і павесіла кляймо

За загінулага мужа Надзея Данілаўна атрымлівала ад рускай дзяржавы на сябе і на дзяцей годную пенсію. Новая ўлада пенсіі яе пазбавіла, затое з’явілася кляймо: удава царскага афіцэра. Згадваць капітана стала небяспечна. Новае жыццё адбілася і на дзецях Рэутаў – памерла дачка. Выхаваць сыноў бабулі дапамагло замужжа за былым даручэнцам капітана, маім будучым дзедам, бальшавіком. У самастойным жыцці сыны царскага афіцэра таксама пазбягалі ўспамінаць свайго бацьку і аддалі свае жыцці на франтах Другой сусветнай. Памяць пра капітана не захавалі і яго ўнукі і праўнукі.

У другім шлюбе Надзея Данілаўна нарадзіла яшчэ двух сыноў, але дакументы аб першым шлюбе і ўзнагароды першага мужа захавала. І гэта выратавала ёй жыццё.

На пачатку Другой сусветнай па даносе суседзяў аб тым, што яна жонка і маці камуніста, па яе прыйшлі немцы. Убачыўшы захаваныя пасведчанні і ўзнагароды, бабулю забралі ў камендатуру, а потым вывезлі ў Аўстрыю.

Жонка ўпотайкі ездзіла на магілу першага мужа

Пасля вайны яна з малодшымі сынамі апынулася ў Мядзеле. Пакуль дазвалялі сілы, яна ўпотайкі ездзіла ў Дунілавічы на магілу першага мужа. У сярэдзіне 1950-х мае стрыечныя браты знайшлі схаваную бабуляй скарбонку з узнагародамі Леанарда Рэута. Іх бацька тую шкатулку адабраў, і яна знікла назаўсёды. Для яго, камуніста, дырэктара школы і франтавіка, камандзіра артылерыйскай батарэі, што прайшоў ад Сталінграда да Берліна, у той час узнагароды царскага афіцэра-героя маглі стаць сур’ёзным кампраматам.

Адзін з бабуліных унукаў яшчэ пры яе жыцці пачаў служыць на стартавай пляцоўцы касмадрома Байканур – вышэйшая ступень сакрэтнасці, якая патрабуе спецыяльнага допуску – і даслужыўся да падпалкоўніка. Яму таксама не варта было памятаць пра капітана Рэута.

Незадоўга да смерці Надзея Данілаўна наказала сынам усе дакументы і фотаздымкі з яе жыцця спаліць, каб яны не перашкаджалі ўнукам і праўнукам жыць. І мой бацька, і мой дзядзька, бязлітасна бітыя жыццём мужыкі ва ўзросце далёка за пяцьдзясят, не паслухацца яе не адважыліся. Вось чаму з такімі цяжкасцямі даводзіцца здабываць звесткі векавой даўніны пра лёс капітана Рэута Леанарда Сігізмундавіча – героя з наканаваным забыццём.

Шчыры дзякуй супрацоўнікам Пастаўскага раённага краязнаўчага музея за ўвагу, разуменне і дапамогу ў пошуках. Нізкі паклон гісторыку і краязнаўцу Аляксандру Іванавічу Кузняцову за дакладную інфармацыю.

• Текст доступен на языке: Русский