Мінскі палац дзяцей і моладзі, фота з Вікіпедыі.

18 лютага ў Мінскім палацы дзяцей і моладзі адбылося надзвычайнае здарэнне: педагог Андрэй С. прыйшоў у кабінет да дырэктара, дастаў нож і пачаў біць і рэзаць сабе жывот. 

Калегі па Палацы дзяцей і моладзі ў размовах з «Нашай Нівай» апісваюць Андрэя як «выдатнага мужчыну» і не могуць падабраць словаў, каб апісаць здарэнне, бо прычыны ім не ясныя.

Пацярпелы працаваў у аддзеле тэхнічнай творчасці і спорту, яму было троху за 50 год.

Медыкі на выклік прыехалі хутка. Андрэй С. выжыў, цяпер ён у рэанімацыі.

Адміністрацыя не каментуе здарэнне, звязацца з самім Андрэем пакуль немагчыма — у месенджарах апошні раз ён быў у дзень здарэння, хатні тэлефон адключаны.

Крымінальную справу пакуль не завялі. Міліцыя праводзіць праверку, паведамілі «Нашай Ніве» ў Міністэрстве ўнутраных спраў.