Фота Бенуа Тэсьер для Reuters.

Сёння Міністэрства аховы здароўя правяло брыфінг з нагоды выяўлення трох выпадкаў каранавірусу.

На ім прысутнічалі намеснік міністра аховы здароўя Наталля Жукава, галоўны інфекцыяніст Ігар Карпаў і начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі, экспертызы, зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб Міністэрства аховы здароўя Алена Багдан. На брыфінгу таксама прысутнічаў прадстаўнік СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў.

На брыфінгу пацвердзілі, што ў Беларусі выяўлены тры выпадкі каранавіруса, але вынікі тэстаў будуць правяраць у СААЗ.

На дадзены момант пад наглядам у каранціне знаходзіцца 271 чалавек.

У кантакт-цэнтры змяшчаюць усіх, хто знаходзіўся ў чатырох краінах (Кітаі, Італіі, Іране і Паўднёвай Карэі), на 14 дзён. Калі ў каго-небудзь выяўляюцца сімптомы вострай ВРВІ, то іх змяшчаюць у інфекцыйную бальніцу. І ўжо там праводзяць верыфікацыю дыягназу.

Усім, хто знаходзяцца ў кантактных цэнтрах, выдадуць: студэнтам – даведкі; а тым, хто працуе, — лісткі непрацаздольнасці.

Дактары адмовіліся называць імёны тых, хто захварэў на каранавірус, спаслаўшыся на медыцынскую тайну, і пацыенты не пагадзіліся называць свае імёны.

Аднак дактары назвалі месцы, дзе выявілі каранавірус. Гэта Мінск, Мінская вобласць і Віцебск.

Для жыхароў Мінска адкрытая гарачая лінія па пытаннях каранавіруснай інфекцыі +375(17)334-34-68.