Каля 50% памерлых ад раку звярнуліся да доктара на позніх стадыях. Аб гэтым паведаміў журналістам галоўны доктар Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера Віктар Кандратовіч.

— У структуры прычын смяротнасці анкалагічных пацыентаў каля 50% прыпадае на занядбанасць або несвоечасовае выяўленне анкалагічнага працэсу. Гэта значыць, з усіх памерлых 50% паміраюць па прычыне позняга звароту або позняга ўстанаўлення дыягназу, адпаведна, неспрыяльных вынікаў лячэння, — сказаў Кандратовіч.

Кандратовіч таксама паведаміў, што хворых на анкалогію становіцца больш. За апошняе дзесяцігоддзе гэты паказчык павялічыўся амаль у тры разы.

За 2019 год у Мінску захварэлі больш за 11 тысяч чалавек, а па Беларусі колькасць хворых дасягнула 52584.