Ёнас Таль. Фота ostrovets.by.

2 сакавіка ў Астравецкім райвыканкаме прайшла рабочая нарада.

У тым ліку на нарадзе абмяркоўвалі каранавірусную інфекцыю ў Беларусі.

Як распавёў галоўны дзяржаўны санітарны доктар раёна Ёнас Таль, у Гродзенскай вобласці, у тым ліку і на Астравеччыне, выпадкаў захворвання няма.

— Медыцынская і санітарна-эпідэміялагічная службы раёна гатовыя. Усе грамадзяне, якія прыбываюць да нас з Кітая, Паўднёвай Карэі, Ірана і Італіі, праходзяць праверку і кантроль. Усяго ад 27 студзеня абследавана 86 чалавек, — праінфармаваў доктар.

На думку спецыялістаў, самы лепшы сродак прафілактыкі — гэта гігіена. Дактары рэкамендуюць падтрымліваць чысціню рук, не чапаць імі вочы, нос і рот, захоўваць дыстанцыю ў грамадскіх месцах.