Вечар у Мілане. Фота Андрэа Мантавані для The NY Times.

«Рэгіянальная газета» шукала беларусаў, якія цяпер знаходзяцца ў Італіі і могуць распавесці пра сітуацыю з каранавірусам. Мы паразмаўлялі з дзяўчынай, якая жыве ў Італіі.

Яна распавяла, што ў іх горадзе працягнулі каранцін да 8 сакавіка, а дзіцячыя садкі і школы цяпер закрытыя.

— Маскі вельмі складана здабыць, на Амазоне звычайныя каштуюць больш 30 еўра. А дэзінфікуючыя сродкі ёсць.

Яна жыве ў Ламбардыі — гэта рэгіён на поўначы Італіі. Менавіта на поўначы італьянскія ўлады зафіксавалі пераважную колькасць хворых на каранавірус.

Цяпер улады ў Італіі рэкамендуюць пазбягаць вялікай колькасці людзей, мыць часта рукі і іх дэзінфікаваць, пры прыкметах грыпу ці прастуды ні ў якім разе не хадзіць у бальніцу, а тэлефанаваць на тэлефон гарачай лініі. Тады на дом прыедуць медыцынскія супрацоўнікі і зробяць тэст на месцы.

— Мне напісала мая італьянская сяброўка. Усёй сям’ёй захварэлі: у яе з мужам тэмпература 37.4, а ў свёкра пад 38. Тэст да іх не прыедуць рабіць, бо недастаткова сімптомаў. Так ім адказалі праз тэлефон гарачай лініі сёння: няма кашлю — значыць, тэст рабіць не прыедзем.

***

Нагадаем, што ў Беларусі зафіксавалі тры выпадкі захворвання на каранавірус. На брыфінгу Міністэрства аховы здароўя 2 сакавіка заявілі, што цяпер на каранціне знаходзяцца 271 чалавек.

На 3 сакавіка ў свеце пацверджаны 90 тысяч выпадкаў захворвання. Афіцыйна вядома, што ад каранавіруса памерлі 3117 чалавек, а больш за 48 паправіліся.

Анлайн-статыстыку можна адсочваць на мапе.