Ілюстрацыя ru.gauzeroll.com.

Прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Беларусі Юлія Барадун пацвердзіла, што каранцін у школе ўвялі ў сувязі з выпадкам захворвання на каранавірус у супрацоўніцы кампаніі «Марка», піша Радыё свабода. 

Пра тое, што ў жыхаркі Віцебска пацвердзіўся выпадак захворвання на каранавірус, у панядзелак 2 сакавіка афіцыйна паведамілі на прэс-канфэрэнцыі Міністэрства аховы здароўя. Паводле інфармацыі Свабоды, у гэты ж дзень у абласным цэнтры ўвялі дадатковыя меры бяспекі. У прыватнасці, вучні некалькіх класаў віцебскіх школ былі пераведзеныя на дамашняе навучанне. Гэта пацвердзіў дырэктар адной з навучальных устаноў.

«Адзін клас так, займаецца дома, — сказаў у размове са Свабодай дырэктар віцебскай школы № 44 Сяргей Піталенка. — З учарашняга дня. Дзеці вучацца праз інтэрнэт, праз вайбер. У залежнасці ад таго, якія сродкі даступныя вучням. Настаўнікі дасылаюць ім неабходную інфармацыю. Каранцін датычыць аднаго з восьмых класаў, 22 чалавекі там вучацца. Прычыны назваць вам не магу. Скажу толькі, што гэта не мая прыдумка, не кіраўніцтва школы гэтае рашэнне прымала».

Па словах дырэктара, панікі ў школе № 44 няма, сёння ўсе вучні іншых класаў прысутнічаюць на занятках.

«У нас сітуацыя цяпер не адрозніваецца ад той, якая ўзнікае падчас іншых хваробаў у вучняў, — запэўніў дырэктар. — Настаўнікі таксама ўсе працуюць. Пакуль мы не прымалі дадатковых мед бяспекі. У нас ёсць у дастатковай колькасці сродкі дэзінфекцыі. Дадатковых рэкамендацый пакуль няма».

У віцебскай гімназіі №1, дзе, паводле інфармацыі Свабоды, у адным з класаў таксама можа быць уведзены каранцін у сувязі з падазрэннем на каранавірус, сітуацыю каментаваць адмовіліся.