Рамантычную оперу «Сон» паставяць у Маладзечанскім музычным каледжы імя Агінскага.

Прэм’еру прызначылі на 19 гадзін 6 сакавіка. У гонар Міжнароднага жаночага дня артысты робяць падарунак гораду – уваход для ўсіх бясплатны. Але каб утульна размясціць усіх гледачоў, просяць загадзя рабіць бронь па нумары (8-029) 606-25-68.

Опера без італьянцаў немагчымая

«Сон» – другая опера, якую ў Маладзечне ставіць італьянскі маэстра Паола дэ Напалі. Два гады таму пад кіраўніцтвам італьянца паставілі оперу «Служанка-гаспадыня». Твор двойчы паказалі ў Беларусі і двойчы ў Італіі. Вырашылі, што паспяховую працу варта працягваць і ствараць новыя праекты.

Міжнароднае творчае супрацоўніцтва ўдалося дзякуючы знаёмствам і добраму паразуменню паміж удзельнікамі праекта. Маладзечанец Андрэй Мікульчык займаецца з Паола дэ Напалі некалькі год, і ў выніку калегі вырашылі рэалізаваць смелы праект. Пасля першай удалай спробы стала зразумела, што справу варта працягваць. Сюзана Ерабкова з Чэхіі выступала і ў «Служанцы-гаспадыні», і працягнула працу над новым праектам.

– Паставіць оперу не так і проста, – тлумачыць Мікульчык. – У працэсе абавязкова павінны быць задзейнічаны італьянец. Немагчыма адпрацаваць усе дэталі без тлумачэння носьбіта мовы і культуры. Нам пашанцавала, маэстра карэктуе нашу дыкцыю, шліфуе акцёрскі складнік, трымае ўвесь працэс.

Як абралі п’есу

Твор з’яўляецца свабоднай трактоўкай оперы «Дзанэтта». Так як сюжэт арыгінала мае крыху сюррэалістычныя ноткі, вырашылі зрабіць сюжэт больш зразумелым і замяніць іх на сон.

У оперы распавядаюць гісторыю куртызанкі Сільвіі. Нягледзячы на тое, што жанчына абрала няправільны шлях, яна застаецца звычайным чалавекам са сваімі пачуццямі і перажываннямі. Аднойчы яна сустракае наіўнага хлопцы Дзанэтта, да якога ў жанчыны прабуджаецца каханне. Хлопец нават не разумее яе пачуццяў, а Сільвія лічыць, што не вартая чыстага пачуцця нават у сне.

Опера будзе на італьянскай мове, але пры гэтым цалкам зразумелай.

– Тут вельмі прыгожая музыка, якая лепш за ўсё астатняе перадае сутнасць пачуццяў. У оперы будуць смешныя моманты, і крыху суму. Думаю, яна будзе асабліва цікавай дамам, таму што ў творы шмат увагі надаецца эмоцыям жанчыны.

Оперу ўбачаць не толькі маладзечанцы

Музыканты плануюць пасля паказаў у Маладзечне завезці твор у Італію, магчыма, оперу паставяць і ў Балгарыі.

– Мы робім оперу ў правільным італьянскім стылі, з карэктнай дыкцыяй, – тлумачыць маэстра. – Італьянцы гэта адчуваюць, таму рады нас сустракаць.

Замежныя госці не першы раз у Маладзечне. Яны распавялі пра тое, чым запомнілася Беларусь.

– Крыху падобная на Чэхію ў ранейшыя гады, – распавядае Сюзана. – Падабаецца мясцовая ежа – пельмені, глазураваныя маладзечанскія сыркі. Выдатна, што можна папрактыкавацца ў рускай мове.

Маэстра Паола дэ Напалі падзяліўся сваімі думкамі:

– У першую чаргу Маладзечна важнае тым, што тут у мяне шмат сяброў – у кіраўніцтве музычнага каледжа, драматычнага тэатра. Я адчуваю, што яны вераць у нашы праекты і многім дапамагаюць. Немагчыма паверыць, што можа быць так чыста, як у вас у Беларусі. Падабаюцца і мясцовыя прадукты – сыр, мяса, малочныя вырабы.

Італьянскае свята

Пасля оперы гледачоў чакае канцэрт выступоўцаў з розных краін. Яны будуць выконваць арыі, дуэты, песні. Наведнікаў чакае свята італьянскай музыкі.

• Текст доступен на языке: Русский