Краязнаўца і пісьменнік з Маладзечна Уладзімір Садоўскі расказвае, як здабыў сканы некалькіх фотаальбомаў з рэдкімі фотаздымкамі горада 1950-х гадоў.

У Расіі існуе сайт Госкаталог.рф, які з’яўлецца дзяржаўным электронным каталогам музейнага фонду Расійскай Федэрацыі і пастаянна папаўняецца фотаздымкамі і апісаннем экспанатаў з музеяў усёй краіны. У Беларусі ёсць падобны сайт dkmf.by, але ён амаль не абнаўляецца. За апошнія 10 месяцаў, згодна са статыстыкай сайта, беларускі музейны каталог папоўніўся на 508 экспанатаў, а ўсяго іх там каля 17 тысяч.

У той жа час расійскі каталог за 2019 год апрацаваў 4,5 мільёна музейных прадметаў, а ўсяго на дзяржкаталогу ўтрымліваецца 18,5 мільёна экспанатаў. Сярод гэтага мноства ёсць тысячы аб’ектаў, звязаных з Беларуссю. Я перыядычна манітору абнаўленні на сайце і шукаю экспанаты па назвах нашых гарадоў: Мінск, Гомель, Гродна і, канешне ж, Маладзечна.

Як адшукаў кантакт з Находкай

Аднойчы пошук па слову «Молодечно» выдаў мне пяць новых экспанатаў. Гэта былі фотаальбомы 1950-х гадоў, падпісаныя «Экіпажу танкера «Маладзечна» ад Маладзечанскага Дома піянераў» або «ад працоўных горада Маладзечна». Сайт не даваў магчымасці пабачыць цалкам змест альбомаў, там размяшчаліся толькі фотаздымкі вокладак і інфармацыя, у якім музеі захоўваюцца.

Аказалася, гэтыя фотаальбомы знаходзяцца ў музейна-выставачным цэнтры расійскага горада Находка, што месціцца на беразе Японскага мора «ўсяго» ў 7200 кіламетрах ад Маладзечна.

Ідэю паехаць у Находку паглядзець на фотаздымкі я адкінуў адразу і прыняўся шукаць кантакты музейнага цэнтра ў інтэрнэце. Электронную пошту знайшоў хутка, напісаў у музей ліст з просьбай адсканаваць альбомы і даслаць мне як краязнаўцу, для якога старыя здымкі горада будуць каштоўнай крыніцай гістарычнай інфармацыі. Пасля месячнай перапіскі сканы альбомаў перадалі мне з адной умовай – пры публікацыі здымкаў паўсюль узгадваць, што іх ўзялі з фондаў музейна-выставачнага цэнтра Находкі.

Танкер «Маладзечна»

Якім чынам фотаздымкі беларускага горада апынуліся на Далёкім Усходзе Расіі? Адказ ёсць – гэта танкер «Маладзечна». Згодна з даведнікам па марскіх суднах, танкер з назвай «Маладзечна» быў пабудаваны на ленінградскай верфі ў 1956 годзе. Чаму яго назвалі ў гонар нашага горада, дакладна не ведаю, але падазраю, што прычынай быў абласны статус Маладзечна ў 1944-1960 гадах.

Многія танкеры гэтай серыі назвалі ў гонар абласных гарадоў Савецкага Саюза, напрыклад, Гродна, Вініцы, Жытоміра, Іванава, Растова і іншых. Усяго танкераў тыпу «Казбек» пабудавалі 62 судны. Першапачаткова «Маладзечна» размяшчаўся ў Туапсэ пры Чарнаморскім марскім параходстве. У 1966 годзе перадалі ў Дальнеўсходняе параходства, дзе знаходзіўся спачатку ў порце Уладзівастока, а затым ад 1972 года – у Находцы.

У 1979 годзе танкер прадалі ў Японію на ўтылізацыю, якая адбылася ў 1980 годзе.

У расійскім музеі мне не змаглі адказаць, калі і якім чынам альбомы з танкера аказаліся ў іх. Але, падазраю, адбылося гэта тады, калі судна рыхтавалі да ўтылізацыі і нехта з экіпажу вырашыў перадаць у музей альбомы, што захоўваліся на караблі.

Альбом з жыццём 1950-х

Што ж у тых альбомах, запытаецеся вы? Тры з пяці падрыхтавалі выхаванцы гарадскога Дома піянераў у 1957, 1958 і 1959 гадах. У іх змясцілі фотаздымкі з заняткаў у гуртках, якія ў той час былі ў Доме піянераў. Шмат здымкаў удзельнікаў гуртка суднамадэлявання.

Я чуў, што ўдзельнікі гуртка зрабілі мадэль танкера «Маладзечна», якая захавалася дагэтуль. Ёсць здымкі з пастановак драматычнага гуртка, выявы ўдзельнікаў шахматнага, танцавальнага, турыстычнага і іншых гурткоў. Найбольшую каштоўнасць уяўляе піянерскі альбом 1959 года. Ён амаль напалову складаецца са здымкаў вуліц Маладзечна, якія зрабілі ўдзельнікі фотагуртка Дома піянераў.

На гэтых аматарскіх фотаздымках можна пабачыць горад без афіцыёзнага лоску, які характэрны для газетных кадраў.

Там ёсць выявы самога Дома піянераў – у гэтым будынку па вуліцы Віленскай, каля СШ №3, цяпер месціцца крама будматэрыялаў. Ёсць кадры будаўніцтва бібліятэкі, універмага і камбіната «Бярозка», фотаздымкі новых вуліц у цэнтры і старой забудовы на Старым Месце.

Дзякуючы гэтым здымкам я даведаўся, што будынак, у якім цяпер знаходзіцца гандлёвы цэнтр на Валынца, а раней размяшчалася гармонная фабрыка, напрыканцы 1950-х быў двума асобнымі будынкамі, якія аб’ядналі ў адзін у 1960-я. У альбомах ёсць шэраг здымкаў, падпісаных, як «піянеры атрымліваюць падарункі ад экіпажа танкера «Маладзечна». Відаць, у 1950-я гады паміж чарнаморскімі маракамі і маладзечанцамі ішла актыўная перапіска, якая пасля скасавання Маладзечанскай вобласці прыпынілася, альбо проста пазнейшыя альбомы не захаваліся.

Наколькі я ведаю, у Маладзечне захоўваецца адзін фотаальбом, дасланы экіпажам танкера ў адказ маладзечанскім школьнікам.

Два іншыя альбомы з пяці, што захоўваюцца ў зборах находкінскага музея, падпісаныя ад імя працоўных горада Маладзечна і аформленыя работамі фотакарэспандэнтаў маладзечанскай абласной газеты «Чырвоны сцяг» у альбоме 1957 года і раёнкі «Святло камунізму» ў альбоме 1963 года – адзінага альбома, які даслалі на танкер ужо пасля скасавання вобласці. Там размясцілі ідэалагічна вывераныя здымкі з перадавікамі вытворчасці, першамайскімі шэсцямі і відамі горада на паштоўках.

Але і сярод такіх здымкаў былі цікавыя краязнаўчыя знаходкі, напрыклад, у альбоме за 1957 год быў змешчаны фотапартрэт настаўніцы школы ў пасёлку Крывічы Паўліны Вінцэнтаўны Мядзёлкі. Той самай Мядзёлкі, якая ў 1913 годзе выконвала ролю Паўлінкі ў пецярбурскай прэм’еры аднайменнай п’есы Янкі Купалы.

Дадайце да архіва свае фота

Які будзе далейшы лёс гэтых здымкаў? Пры дапамозе маладзечанскага фатографа Яўгена Стэльмаха я планую зладзіць выставу ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі, дзе выставім раздрукаваныя старонкі з фотаальбомаў, рэпрадукцыі здымкаў 1950-х з фондаў нашага музея.

Пасля выставы збіраюся выкласці альбомы ў інтэрнэт на новым краязнаўчым сайце molodechno.net, дзе кожны ахвотны зможа азнаёміцца з фотаздымкамі. Калі ў вас ў сямейным архіве захаваліся старыя здымкі Маладзечна, я быў бы рад зрабіць іх копію, каб папоўніць гістарычную калекцыю выяў нашага горада. Пакідайце кантакты ў рэдакцыі «Рэгіянальнай газеты» на пошту regionnews@rh.by.

Фота з фондаў музейна-выставачнага цэнтра Находкі. 

• Текст доступен на языке: Русский