У Ільянскай сярэдняй школе імя Адама Грымаця ад пачатку гэтага года стартавала патрыятычная акцыя «Ілья памятае», прысвечаная 75-годдзю Перамогі.
Акцыю пачалі, каб паглыбіць і пашырыць веды школьнікаў пра вайну на аснове вывучэння ваенных лёсаў сваякоў, блізкіх, землякоў – удзельнікаў вайны. Педагогі імкнуцца прыцягнуць увагу маладога пакалення да ваеннай гісторыі сваёй сям’і, роднага краю.
Кожны школьнік можа выступіць на агульнашкольнай лінейцы з паведамленнем пра свайго блізкага чалавека – удзельніка вайны, расказаць яго ваенную біяграфію.
Вучні ўжо слухалі паведамленні Максіма Ерашонка, Антона Гайчука, Дар’і Гулецкай. А нядаўна на лінейцы выступілі пяцікласнік Аляксандр Сцепановіч і першакласнік Раман Шапуцько. Саша распавёў пра свайго прадзеда Мікалая Сцепановіча, які служыў у пяхотнай дывізіі кулямётчыкам. У складзе Першага Прыбалтыйскага фронту Мікалай Макаравіч удзельнічаў у ваеннай аперацыі па ўзяцці Кёнігсберга.

Раман Шапуцько прыйшоў на лінейку з мамай Анастасіяй. Іх дзед і прадзед Фёдар Шачыкаў вярнуўся дадому з ордэнам Айчыннай вайны 1 ступені і ордэнам Славы 3 ступені, медалямі «За перамогу над Германіяй», «За ўзяцце Берліна». Пасля вайны Фёдар Ягоравіч заслужыў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга і дзесяць медалёў. Гэтыя ўзнагароды, якія беражліва захоўваюцца дома, Раман з гонарам паказаў на лінейцы. У заключэнне хлопчык прачытаў верш, прысвечаны прадзеду.
• Текст доступен на языке: Русский