Сёлета вясной жыхар Крэва Сяргей Гапон з аднадумцамі вырашыў зладзіць у старажытным мястэчку фотавыставу ля сцен Крэўскага замка. А ў жніўні актывісты плануць тут вялікую фэст-майстэрню з майстар-класамі і музыкай.

Фотавыстава ля сцен замка

– З першымі вясновымі кветкамі і да зімы – пакуль снягі не замятуць сцяжынкі, ля слаўнага Крэўскага замка расквітнее выстава фатаграфіі: мікрагісторыі з мястэчка, якое залатымі літарамі ўпісана ў старонкі сусветнай гісторыі, – распавядае Сяргей пра вясновую выставу.

Актывісты лічаць гэты праект  адным з крокаў на шляху вяртання Крэва на турыстычную карту Беларусі.

Вясновае Крэва. Фота Сяргея Гапона.

Сяргей з сябрамі зладзіў ужо некалькі актыўнасцей у Крэве – прыборку яўрэйскіх могілак, арт-пікнік, штогадовыя традыцыйныя святы.

Вы таксама можаце паўдзельнічаць у стварэнні вулічнай фотавыставы. Сродкі на яе збіраюць molamola.by.

У жніўні – вялікая фэст-майстэрня

Неяк у гутарцы з карэспандэнтам «Рэгіянальнай газеты» Сяргей распавёў, што родам ён з Крэва.  А ў Мінску жыў 13 год. Гэта, па словах суразмоўцы, было трэба яму, каб атрымаць адукацыю, прафесійны і жыццёвы досвед.

 – Падумаў: усе едуць у сталіцу. Калі ўсе паедуць, хто ж застанецца ў Крэве, – падзяліўся Сяргей.

На яго думку, па форме, па тэрыторыі, Крэва засталося такім, як сто год таму. Аднак змест яго мяняецца. Людзі ў пошуках лепшага жыцця і працы выязджаюць у горад. Бо праца ў Крэве, па словах Сяргея, – гэта або калгас, або лясгас, або нідзе.

Але ў Крэва і ваколіцы прыязджаюць іншыя людзі. І не толькі для таго, каб садзіць бульбу. А з мэтай ладзіць тут культурніцкія праекты.

Такім культурніцкім праектам можа стаць фэст-майстэрня, запланаваная на 15-16 жніўня. З ёй актывісты ўдзельнічаюць у штогадовым конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend. І тут шмат залежыць ад народнага галасавання.

Каб падтрымаць праект, трэба даслаць смс з кодам 2296 на нумар 7755.

Галасаванне скончыцца 9 сакавіка ў 21.00.

• Текст доступен на языке: Русский