8 студзеня ў Будславе адбыўся пажар – згарэў дом 90-гадовай пенсіянеркі Крысціны Хацяновіч. Вяскоўцы неўзабаве арганізавалі збор сродкаў на набыццё ёй новага дома.

«Рэгіянальная газета» сустрэлася з жыхарамі Будслава і сваякамі Крысціны, каб яны распавялі гісторыю здарэння і дабрачыннай акцыі.

Жанчыну выратавалі аднавяскоўцы

Жанчыну выратавалі відавочцы здарэння Алег Бізуновіч і Пётр Ласіца. Яны ўбачылі, што гарыць дом жанчыны, і самі дасталі яе з полымя яшчэ да прыбыцця пажарных разлікаў.

– Убачыў дым з-пад даху, набраў экстранную службу. Потым паглядзеў, ці ёсць у доме людзі, але зайсці ўжо было немагчыма. Падаспеў яшчэ адзін таварыш, мы спрабавалі выбіць вокны. Потым убачыў бабулю, якая абаперлася на падаконнік, мы яе і выцягнулі, – распавядаў Ласіца прадстаўнікам МНС.

Пляменнік Кацярыны Станіслаў Янавіч успамінае, што быў на працы, калі загарэўся дом цёткі. Ён убачыў дым у баку дома сваячкі і як панесліся пажарныя машыны.

– Я працаваў, а Пётр Ласіца і Алег Бізуновіч проста праходзілі міма. Хлопцаў варта было б узнагародзіць медалём. Без іх, пэўна, адбылася б трагедыя.

Выратавальнікі прыбылі хутка і патушылі полымя, але дом моцна пашкодзіў пажар. Жыць у ім было ўжо немагчыма.

Фота Настассі УТКІНАЙ.

«Дом згарэў, маці жывая»

У Крысціны двое дзяцей: дачка Марына жыве ў Мінску, а сын Віктар у Старадарожскім раёне. Пасля пажару жанчыну да сябе забраў сын. Да лета 90-гадовая цётка Станіслава будзе жыць там.

– У яе ёсць там свой куточак, але спадзяюся, што ўлетку цётка будзе жыць у новым доме ў Будславе, – расказаў Станіслаў.

Марына ўспамінала, што даведалася пра здарэнне пасля званка Станіслава.

– Стась пачаў з навадных пытанняў: як я сябе адчуваю, ці магу прыехаць, ці працуе машына. Зразумела, што нешта здарылася. І потым ён кажа: «Дом згарэў, маці жывая».

Марына з мужам адразу выехалі ў Будслаў. Жанчына вырасла ў доме, які згарэў. Яна распавяла, што неаднаразова яго рамантавалі. Летам зрабілі печ, якая ў выніку і стала прычынай пажару.

Дачка Крысціны Марына. Фота Настассі УТКІНАЙ.

Станіслаў распавёў, што кожны год адзначае Каляды разам з братам Паўлам і цёткай Крысцінай у яе доме – гэта сямейная традыцыя. У гэты раз забылі сфатаграфавацца: не думалі, што можа штосьці адбыцца.

Дачка жанчыны кажа, што Кацярына не была знямоглай бабулькай і хацела жыць не з дзецьмі ў Мінску, а ў Будславе.

– Ад сацыяльнай службы адмаўлялася, не хацела, каб да яе нехта прыходзіў чужы. Яна вельмі актыўная нават у 90 гадоў. Можа, і дроў насекчы, і ў лес па грыбы схадзіць. Але вось здарылася бяда.

Сабралі дзве тысячы рублёў на новы дом

Неўзабаве пасля здарэння Тэрэза Вайнілка прапанавала арганізаваць збор сродкаў па вуліцах аграгарадка, каб кожны змог далучыцца да дабрачыннай акцыі. На імшы ксёндз Дзмітры заклікаў прыхаджан ахвяраваць грошы на набыццё новага жылля для жанчыны. Кіраваў аперацыяй па збору Іван Пятроўскі, які потым перадаў грошы дачцэ пагарэльцы.

Іван Пятроўскі арганізаваў людзей, разбіў Будслаў на шэсць зон, у якіх людзі збіралі грошы ў аднавяскоўцаў:

– Практычна ўсе прынялі ўдзел у зборы сродкаў. Абышлі двароў 150. Ніхто не адмаўляўся, хто мог, той і ахвяраваў грошы.

Аліна Рудзік, Данута Гапанёнак, Соф’я Рагоўская, Людміла Ермаковіч таксама ўдзельнічалі ў зборы сродкаў і актыўна дапамагалі Івану Пятроўскаму ў арганізацыі гэтай працы.

– Дапамагалі, таму што так трэба. А што, калі ты апынешся ў такой сітуацыі? Ды і мы ведалі Крысціну, разам сядзім на імшы, – падзялілася Данута.

Фота Настассі УТКІНАЙ.

Марына ўдзячная жыхарам Будслава, якія дапамаглі маці з жыллём. Дабрачынны збор пакрыў частку новага дома, палову ўзялі са страхоўкі за згарэлую хату, а таксама далучыліся і сям’ёй.

– Сабралі практычна дзве тысячы рублёў, і дом ужо купілі. Ён знаходзіцца недалёка ад мяне, будзем з ёй суседзямі, – сказаў Станіслаў.

Новы дом Крысціна Хацяновіч. Фота Настассі УТКІНАЙ.

Дачка 90-гадовай жанчыны, якая хутка зноў будзе жыць у Будславе, ужо рыхтуецца да працы па доме: унутры трэба зрабіць касметычны рамонт.

– Думалі купіць дом бліжэй да Мінска, але ж яна пражыла ў Будславе столькі год. Разумееце, тут яна ходзіць на могілкі, тут у яе ўсе ляжаць, і ў касцёл. Яна прывязаная да гэтага месца.