У рэдакцыю Свабоды даслалі копію ліста ад бацькоў першакласнікаў Ракаўскай сярэдняй школы. У школе заўсёды выкладалі па-беларуску, але цяпер там збіраюць подпісы, каб з другога класа дзеці вучыліся па-руску. Дырэктар школы і чыноўнікі Валожынскага райвыканкама кажуць, што пра гэта не чулі.

«Мы і нашы дзеці не валодаем беларускай мовай…»

Копію ліста, які з’явіўся ў бацькоўскім чаце, даслала Свабодзе маці аднаго з вучняў пачатковай школы.

«Мы і нашы дзеці не валодаем беларускай мовай, што прыводзіць да непазбежнага паніжэння ўзроўню адукацыі нашых дзяцей… Дзеці дрэнна засвойваюць матэрыял, паколькі ён падаецца на беларускай мове, узнікаюць цяжкасці пры падрыхтоўкі дамашніх заданняў, паколькі дзеці не разумеюць гэтых».

І яшчэ адзін аргумент у лісце: «у бацькоў адсутнічае сістэма кантролю за выкананнем дамашніх заданняў, бо яны не валодаюць беларускай мовай».

Таму бацькі просяць даць магчымасць навучаньня з другога класа навучацца «на роднай рускай мове».

Паводле «Нашай Нівы», у снежні ў Ракаўскую сярэднюю школу прыяжджалі чыноўнікі Валожынскага райвыканкама, каб сустрэцца з бацькамі будучых першакласнікаў. Нібыта бацькі прасілі ў наступным навучальным годзе зрабіць рускі клас, і раённае начальства хоць і зацікаўленае, каб школа заставалася беларускамоўнай, але вымушана будзе рэагаваць, калі бацькі будуць настойваць.

«Ракаўская школа — умоўна беларускамоўная»

Жанчына, якая даслала ліст у рэдакцыю, не хоча называць у публікацыі сваё імя. Яе дзіця вучыцца ў пачатковай школе.

«Калі мы прынеслі дакумэнты ў Ракаўскую школу, у нас адразу запыталіся: „А ці вы ведеце, што школа беларускамоўная?“ Адказваю: „Вядома, ведаем, вельмі гэтаму рады!“

Але папраўдзе ўсё аказалася не зусім так. Ракаўская школа — умоўна беларускамоўная, скажам так. Усе дадатковыя заняткі праводзяцца па-руску, некаторыя прадметы, да прыкладу, замежная мова, выкладаюцца праз рускую мову. Усе святы, кшталту Новага года, усе ранішнікі таксама па-руску. Днямі дзіцяці даручылі вывучыць два вершы для віншавання мам на ранішнік 8 сакавіка — на рускай мове», — расказала жанчына.

Наконт ліста з просьбай паставіць подпіс, каб з другога класа дзеці вучыліся па-руску, яна кажа, што пакуль усё робіцца «ціха», подпісы збіраюць праз бацькоўскія чаты.

Яе сям’я збіраецца пісаць петыцыю, каб Ракаўская сярэдняя школа засталася беларускай і не было такіх «паэтапных» пераводаў класаў на руску мову. Пагатоў у Ракаве беларускамоўны дзіцячы садок, падкрэсьлівае жанчына.

«Мы таксама будзем збіраць подпісы і адстойваць беларускамоўнае навучанне. Каму не падабаецца вучыцца па-беларуску — няхай райвыканкам арганізуе падвоз дзяцей у бліжэйшыя рускамоўныя школы. Да таго ж сталічная Каменная горка недалёка ад Ракава», — кажа яна.

Мясцовыя чыноўнікі: «Першы раз чуем. Калі будуць заявы ад бацькоў — будзем разглядаць»

Дырэктар Ракаўскай сярэдняй школы Ганна Віктаровіч паведаміла Свабодзе, што яна першы раз чуе пра збор подпісаў за перавод ракаўскіх першакласнікаў на навучанне з наступнага навучальнага году па-руску.

«Пакуль у мяне такой інфармацыі няма. У нас цалкам беларускамоўная школа, няма ніводнга рускамоўнага клама. Школа даволі вялікая — па тры-чатыры паралелі ў кожным класе, усе прадметы выкладаюцца па-беларуску. Пакуль у мяне ніякіх зваротаў ад бацькоў першакласнікаў няма. Калі будуць заявы ад бацькоў — будзем разглядаць. Рашэнне будзе прымаць райвыканкам. Але пакуль заўчасна казаць пра гэта», — сказала Ганна Віктаровіч.

Аднак ці будзе ў новым навучальным годзе прыём у рускамоўны клас, пакуль невядома, вынікае з адказу дырэктара Ракаўскай школы Ганны Віктаровіч.

«Заявы ў першы клас будуць прымацца толькі ад чэрвеня. Так што пакуль казаць пра набор у рускі першы клас таксама заўчасна», — кажа Ганна Віктаровіч

Паводле папярэдняй інфармацыі, набіраць у Ракаўскую сярэднюю школу будуць тры-чатыры першыя класы.

Намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама Ігар Шакун заявіў Свабодзе, што пакуль не гатовы адказаць, ці з’явяцца ў наступным годзе рускамоўныя першы і другі класы.

«У мяне зараз ніякіх заяваў бацькоў, подпісаў няма. Калі з’явяцца — будзем разбірацца. Пакуль гэта ўсё на ўзроўні чутак. У Ракаве цалкам беларускамоўная школа, і наогул пакуль не разглядаецца пытанне, каб зрабіць там рускія класы», — кажа Ігар Шакун.

Фелікс Янушкевіч: «Не думаю, што тутэйшыя будуць змагацца за рускую мову»

Ракаў — мястэчка за 25 кіламетраў ад сталіцы. Заўсёды Ракаў быў беларускамоўны сваім духам, школа і дзіцячы садок там беларускія.

Мастак Фелікс Янушкевіч, стваральнік Арт-галерэі «Янушкевічы», нарадзіўся і ўсё жыццё жыве ў Ракаве. Кажа, што такія захады — стварыць рускамоўныя класы — рабіліся ўжо не адзін раз.

«Але ніколі да адкрыцця рускамоўных класаў не даходзіла. Нават калі я вучыўся. Заўсёды Ракаўская школа была беларускамоўнай.

У Ракаве моцная беларускамоўная сытуацыя, гэта ж вёска, а не горад і нават не гарадскі пасёлак.

Я жыву ў цэнтры, мае суседзі ўсе тутэйшыя. Не думаю, што мясцовыя будуць змагацца за рускую мову. На ўскраіне ёсць вуліца з новымі катэджамі, але, як мне падаецца, тыя, хто перасяліліся ў Ракаў і пабудаваліся тут, маюць бізнэс у Мінску і сваіх дзяцей возяць у прэстыжныя сталічныя гімназіі, а не аддаюць у вясковую школу. Нават не ведаю, хто ініцыяваў збор подпісаў», — выказаў думку мастак Фелікс Янушкевіч.

ІТ-шнік, шматдзетны бацька Максім Капран раней стала жыў у мястэчку, ягоныя старэйшыя дочкі вучыліся ў Ракаўскай сярэдняй школе. Цяпер сям’я прыяжджае ў Ракаў толькі на выхадныя і на лета, а цягам працоўнага тыдня жыве ў сталічным мікрараёне Сухарава — у малодшых дзяцей шмат гурткоў, заняткаў у спартовых секцыях у сталіцы.

«Я цалкам дапускаю, што людзі могуць дамагацца пераводу класаў на рускую мову. Я не думаю, што гэта „наяжджомыя“ ці тыя, у каго „русский мир“ у галаве. Бацькі арыентуюцца на тое, што дзеці вышэйшую адукацыю ў Беларусі на беларускай мове атрымаць ня змогуць. Людзі проста з прагматычных меркаванняў могуць пераводзіць дзяцей у рускія клясы», — разважае Максім.

Фота з сайта Івянецкай школы.

• Текст доступен на языке: Русский