Працавітыя, адукаваныя, актыўныя, упэўненыя ў сабе і ў асноўным задаволеныя жыццём – такі сярэднестатыстычны партрэт беларускіх жанчын, прыведзены ў перадсвяточным аглядзе Белстата, паведамляе БЕЛТА.

Па дадзеных перапісу 2019 года, у Беларусі пражываюць 5,1 мільёна жанчын. Гэта 53,8% насельніцтва краіны. 84,7% ад усіх жанчын працуюць.Яны дамінуюць у такіх галінах, як ахова здароўя і сацыяльныя паслугі (85,6%), адукацыя (81,2%), фінансавая і страхавая дзейнасць (75%), паслугі па часовым пражыванні і харчаванні (71,6%).

А менш за ўсё іх прадстаўлена ў будаўніцтве (18,6%), транспартнай дзейнасці, складзіраванні, паштовай і кур’ерскай дзейнасці (35,9%), сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы (39,4%).

Адукацыйны ўзровень жанчын вышэйшы, чым у мужчын.

Напрыклад, сярод беларусак, занятых у эканоміцы, 39,2% маюць вышэйшую адукацыю, 27,2% – сярэднюю спецыяльную (сярод мужчын – 27% і 19% адпаведна). Выбарачнае абследаванне хатніх гаспадарак па ўзроўні жыцця паказала, што кожная чацвёртая жанчына ад 16 гадоў і старэйшая прысвячала вольны час заняткам фізкультурай і спортам, кожная шостая з іх надавала гэтаму час штодня. Хоць яшчэ больш часу жанчыны адводзяць інтэрнэту, асабліва маладыя беларускі (16-24 гадоў). Сярод іх 97,6% у мінулым годзе заходзілі ў інтэрнэт штодня.

Як і жыхаркі многіх еўрапейскіх краін, прадстаўніцы Беларусі ўсё часцей аддаюць перавагу адкладаць замужжа на больш позні перыяд жыцця. Стала больш жанчын, якія выйшлі замуж у 60 гадоў і пазней: у мінулым годзе было 1095 такіх беларусак, а ў 2018-м – на 156 менш. Усяго ж у мінулым годзе ў шлюб ўступілі 62,7 тысяч жанчын, з іх 41,7 тыс стварылі сем’і ўпершыню. А мамамі сталі 86,8 тыс. жанчын. З усіх народжаных дзяцей 39% – першынцы, на долю другіх нараджэнняў прыпадае 38%, трэцяе – 16%, чацвёртае і больш – 7%.

Паводле аднаразовага выбарачнага абследаванне хатніх гаспадарак, 90% беларускіх жанчын ва ўзросце 15-49 гадоў адчуваюць сябе шчаслівымі і задаволены жыццём у сярэднім на 7 балаў з 10. Яны маюць усё больш магчымасцяў рэалізоўвацца не толькі як жонкі і маці, але і як прафесіяналы, як асобы – па індэксе гендэрнай роўнасці сярод 162 краін свету Беларусь у 2018 годзе займала 27-е месца.

• Текст доступен на языке: Русский