Міхаіл Чарняўскі. Фота забяспечанае Максімам Чарняўскім.

Рака Кубля мае даўжыню 13 км. Пачынаецца яна паўднёвей вёскі Суднікі і паўночней засценка Кухальскія.

Спачатку яна цячэ на ўсход, затым агінае з усходу марэннае ўзвышша з Сцюдзяніцай, выходзіць на заходні ўскраек пракатлавіны Дзягілеўскага возера і паварочвае на поўдзень, пераразаючы марэну, а затым увыходзіць у нізіну, што прымыкае да возера Баторына.

У мезалітычны час у вярхоўях Кублі знаходзілася возера, якое на поўдні даходзіла да цяперашняй дарогі Мядзел – Ваўкалата ў раёне «Курынага маста». Зараз тут тарфянік. У гэты ж час узбярэжжы воз. Баторына былі яшчэ не зарослыя і паміж сённяшняй вёскі Трыданы і «Нівасельскім борам» існавала доўгая затока возера, зараз моцна забалочаная і слаба дрэніраваная зарастаючай тут Кубляй.

Сляды знаходжання старажытнейшага чалавека на Кублі выяўлены аўтарам на паўднёва-ўсходнім краі пясчанага ўзвышша «Нівасельскі Бор». Матэрыял, сабраны тут, адносіцца да свідэрскай культуры і можа датавацца фінальным палеалітам, або раннім мезалітам. Напэўна да позняга мезаліту можна аднесці месцазнаходжанні расшчапаных крамянёў, выяўленыя Э. Зайкоўскім на невялікіх жвірова-пясчаных павышэннях на ўзбярэжжах колішняга возера (зараз тарфянік) у вярхоўях Кублі. Пакуль што нічога пэўнага нельга сказаць пра неалітычнае жыхарства на ўзбярэжжах Кублі.

Магчыма, неалітычнымі можна лічыць некаторыя крамянёвыя знаходкі (даволі плоскія скрабкі), знойдзеныя ва ўрочышчы Сялішча пры паўночна-усходнім краі «Трыданаўскага Бору» (М. Чарняўскі). Выглядае, што жыхары неалітычнага часу, у гаспадарцы якіх значнае месца займала рыбалоўства, не знаходзілі сабе дастаткова спажывы на невялікай рэчцы, якая зараз у верхнім і сярэднім цячэнні летам перасыхае цалкам.

Больш злюднелі ўзбярэжжы Кублі ў бронзавым веку, а дакладней – у яго позні перыяд. Сляды паселішчаў са штрыхаванай керамікай выяўлены на левабярэжжы Кублі паўночней «Курынага маста» (Э. Зайкоўскі) і на паўднёва-усходнім пясчаным схіле «Нівасельскага бору» (М. Чарняўскі).

У жалезным веку берагі Кублі абязлюдзелі. Жыхарства перамясцілася на гарадзішчы. На сёння вядомыя гарадзішчы «Чорная гара» каля Мікасецка (1,4 км на поўнач ад Кублі ў раёне Мікасецка) і «Дзягілеўская гара» на заходнім краі вёскі Дзягілі (у месцы былога панскага двара), што праз 1,5 км на усход ад Кублі. Не выяўлена гарадзішчаў у ніжнім цячэнні Кублі. Ва ўрочышчы «Нівасельскі бор» найбольшыя ўзгоркі (на адным з іх магло быць гарадзішча) знішчаныя кар’ерамі пры будаўніцтве дарогі-абводкі вакол Навасёлак, гарадзішча ж паўночней навасёлак на гары «Копаніца» не было дабудавана і не ўтрымлівае культурнага пласта. Каля «Чорнай гары» і «Дзягілеўскай гары» ў пачатку ранняга сярэднявечча (5-8 стст) існавалі неўмацаваныя селішчы.

У Полацкую эпоху чалавек зноў перамясціўся на берагі Кублі. У выніку ўзнікла вёска там, дзе сёння знаходзіцца навасельскае селішча. Хутчэй за ўсё вёска, як дамінуючы пасяленчы цэнтр на рэчцы, мела аднаназоўную ёй назву – Кубля. Пры гэтай вёсцы меўся вялізны курганны некропаль з крывіцкімі племяннымі матэрыяламі. Прыкладна ў гэты час, а можа і некалькі пазней, узнікла другое паселішча на Кублі – каля Сцюдзяніцы. Тут курганоў пакуль не выяўлена. Да таго ж мясцовых памерлых маглі хаваць на адзначаным курганніку каля Навасёлак.

Цікава, што ў Полацкую эпоху гарадзішчы каля Мікасецка і Сцюдзяніцы былі зноў заселеныя. Яны сталі ўмацаванымі феадальнымі цэнтрамі. Бачна толькі ў познім сярэднявеччы спынілася гарадзішчанскае жыццё, і пепадалёку ад іх узніклі феадальныя неўмацаваныя двары – двор у Сцюдзяніцы і двор у Мікасецку, якімі маглі валодаць нашчадкі рода-племянных нобіляў з гарадзішчаў.

У познім сярэднявеччы адбыўся перанос (магчыма, у выніку зямельнай рэформы Жыгімонта Старога) вёсак з берагоў Кублі на вызначаныя месцы пры гасцінцу Глыбокае – Мядзіла. Пры гэтым вёска пры курганішчы страціла сваю назву і стала «Навасёлкамі». Дарэчы, гадоў 15 назад і «Навасёлкі» зніклі з геаграфічных картаў. Вёска была ўключана ў межы гарадскога пасёлка Мядзел і стала проста вуліца ў імя партызанскага асабіста Бычка. Недзе ад 13-га стагоддзя колішнія навасельцы перасталі хаваць памерлых на курганішчы і ўгрунтавалі могільнік сцісла хрысціянскага выгляду праз 0,4 км заходней курганоў. Вельмі старадаўні могільнік з каменнымі надмагіллямі з архаічнымі выбітымі крыжамі захаваўся каля паўночна-усходняй ускраіны Сцюдзяніцы. Гэта могільнік у сённяшніх вяскоўцаў, якія маюць сучасны могільнік паўднёвей вёскі, ужо стаў «шведскім».

Найбольшая кольскасць населеных пунктаў у вадазборы Кублі існавала ў 18-19 стагоддзях. Паабапал вусця Кублі знаходзіліся вёскі Буклаі (нешматлюдная) і Круці (апошняя была таксама перанесена з «Сялішча» над возерам і мае старадаўнія могілкі, пры ёй на ўзбярэжжы возера стаянкі каменнага і бронзавага веку і штрыхаваная кераміка на селішчы). Вышэй па правабярэжжу Кублі паўднёва-заходней Навасёлак захаваліся сляды феадальнага двара з паліванай керамікай (адкр. Максім Чарняўскі). Затым ужо воддаль ад ракі (каля 1 км) знаходзіліся самі Навасёлкі, насупраць іх у левабярэжжы ракі размяшчалася таксама старадаўняя вёска з вялікім і старым могільнікам Трыданы.

Праз 1 км ад Трыдан па левабярэжжу Кублі знаходзіўся двор Закубелле, насупраць яго па дарозе з грэбляй ў правабярэжжы размяшчаўся двор Мікасецк (Мікасецка), з некалькімі будынкамі службы (у 70-х гадах 19-га стагоддзя двор Мікасецк, верагодна, быў канфіскаваны ва ўласніка (за ўдзел у паўстанні?), а землі прададзеныя сялянам з бліжэйшых і далёкіх вёсак (найбольш з Чарвячова), у выніку ўзнікла невялікая вёска, а ў панскім мураваным палацы на 18 пакояў размясцілася адміністрацыя Мядзельскай воласці. Праз 2 км на ўсход ад Мікасецка была ўжо ўспомненая Сцюдзяніца, паўночней і паўночна-усходней якой у левабярэжжы Кублі  ўзніклі дробныя шляхецкія засценкі Бялявіна, Кухальскія. Насупраць Сцюдзяніцы ў левабярэжжы Кублі раскінуліся хутары. На сёння ж захаваліся толькі Сцюдзяніца і Мікасецк.