Пра тое, як жанчыне настроіцца на роды, паводзіць сябе ў гэты адказны перыяд і наладжваць жыццё са з’яўленнем сына або дачкі, распавялі на кангрэсе «MamaPRO».

Рэспубліканскі кангрэс «MamaPRO» – гэта сустрэча, на якой дасведчаныя дактары дзеляцца з будучымі мамамі і татамі ведамі і сакрэтамі, якія дапамогуць стаць абазнанымі бацькамі.

Не бойцеся шпіталізацыі

У 30 тыдняў цяжарнасці акушэр-гінеколаг афармляе ліст непрацаздольнасці на 126 каляндарных дзён. У выпадку ўскладненых родаў, у тым ліку калі нараджаеце двух і больш дзяцей, лісток афармляюць на 140 дзён.

Не палохайцеся, калі доктар прапануе легчы на захаванне. Гэта не заўсёды значыць, што вам або дзіцяці нешта пагражае. Часта гэта неабходна для прафілактыкі. Асабліва калі ў папярэднія цяжарнасці былі складанасці з цяжарнасцю і родамі.

Шпіталізацыя паказаная цяжарным жанчынам, якія выношваюць двух і больш дзетак, каму зрабілі працэдуру ЭКА, у каго першыя цяжарнасці скончыліся выкідышамі або заўчаснымі родамі, жанчынамі з рубцом на матцы ад аператыўнага ўмяшальніцтва.

Звычайна жанчын шпіталізуюць у самыя крытычныя перыяды цяжарнасці – 8-12 тыдняў, 18-22 тыдні, 28-32 тыдні.

Як зразумець, што пачаліся роды

Першая прыкмета родаў – рэгулярнае скарачэнне мускулатуры маткі, ці схваткі. Пры гэтым жанчына можа адчуваць цягнучыя болі ўнізе жывата і паясніцы.

Спачатку схваткі слабыя, доўжацца некалькі секунд, прамежак паміж імі складае 10-12 хвілін. Часам схваткі адразу пачынаюцца праз 5-6 хвілін, але не вельмі моцныя. Паступова становяцца больш моцнымі, частымі, працяглымі і балючымі. У перыяд паміж схваткамі жывот расслаблены, трэба старацца адпачываць.

Звычайна ў першыя роды схваткі доўжацца 10-12 гадзін, у наступныя – 6-8. Калі схваткі праз 20-30 хвілін, яны яшчэ не родавыя, а прадвеснікі родаў.

Несапраўдныя схваткі нерэгулярныя, праходзяць або слабеюць пасля змянення становішча цела, не балючыя, без выдзяленняў. Сапраўдныя схваткі з часам становяцца рэгулярнымі, не праходзяць пасля змянення становішча цела, інтэнсіўнасць нарастае, яны становяцца балючымі, магчымыя кравяністыя выдзяленні.

Другая прыкмета родаў – выдзяленне слізістай пробкі. Яна можа адысці за два тыдні да родаў, а можа за 3-4 дні.

Трэці званочак пра роды звініць, калі адыходзяць воды. Каляплодныя абалонкі могуць разарвацца раптоўна, тады воды хлынуць патокам. Гэта можа здарыцца да таго, як пачне скарачацца матка. У гэты момант боль не адчуваецца. Калі воды адышлі да пачатку рытмічных схватак, варта адразу ж ехаць у радзільню.

Калі трэба тэрмінова ехаць у радзільню

Існуе шэраг сітуацый, пры якіх трэба неадкладна ехаць у раддом:

  • вельмі моцныя болі, матка паміж схваткамі не расслабляецца,
  • перасталі адчуваць, як варушыцца дзіця,
  • кравяністыя выдзяленні,
  • моцны галаўны боль, высокі ціск, мушкі перад вачыма і страта рэзкасці зроку.

Як падрыхтавацца да радзільні

  1. Зрабіць поўную дэпіляцыю інтымнай зоны.
  2. Коратка пастрыгчы пазногці на руках і зняць гель-лак.
  3. Сабраць з сабой халат, шкарпэткі, бялізну. Абавязкова два станікі для кормячых мам, аднаразовыя трусікі, начную кашулю і тапкі, якія можна мыць.
  4. Ручнікі, мыла, шампунь, расчоска, гель для душа, пракладкі з максімальнай ўсмоктвальнасцю, зубная паста і зубная шчотка.
  5. Мабільны тэлефон з падзарадкай.
  6. Аптэчка з неабходнымі вам лекамі.
  7. Накладкі для тых, хто корміць грудзьмі.
  8. Індывідуальны набор для родаў.
  9. Дакументы: пашпарт, абменная карта са звесткамі ўсіх аналізаў, заключэннямі дактароў і рэкамендацыямі. Калі плануеце партнёрскія роды – неабходныя даведкі аб стане здароўя партнёра.

Як паводзіць сябе падчас родаў

Парадзісе варта быць актыўнай у родах. Хадзіць, стаяць, выконваць спецыяльныя практыкаванні. Лепш быць у вертыкальным становішчы і трымаць ногі на шырыні плячэй.

Дапамагаюць дыхальныя тэхнікі. Якую з іх абраць, можа падказаць доктар.

Эфектыўна абязбольвае масаж. Яго можна рабіць самастойна або з дапамогай партнёра. Пры моцных схватках рэкамендуюць інтэнсіўна расціраць бакавыя аддзелы жывата, вобласць крастца, унутраную паверхню сцёгнаў.

Пасля родаў

Адразу пасля родаў аглядаюць мяккія родавыя шляхі, палавыя органы. Калі ёсць разрывы, іх зашываюць. Першыя дзве гадзіны парадзіха знаходзіцца ў радзільнай зале, каб медперсанал сачыў за яе станам. Пасля жанчыну пераводзяць у пасляродавае аддзяленне, дзе жанчына можа выспацца. Не пазней як праз 4-6 гадзін трэба пачаць падымацца, каб палепшыць кровазварот, нармалізаваць функцыі мачавога пузыра і кішэчніка.

Пасля звычайных родаў выпісваюць на пятыя суткі, пасля кесарава – на сёмыя.

Стан брушной сценкі паступова адновіцца да канца шостага тыдня пасля родаў. Калі будзе разыходжанне прамых мышцаў жывата, знайдзіце час для прэса. Калі ёсць складанасці з мочавывядзеннем, дапамогуць практыкаванні Кегеля.

Не саромейцеся ўдакладняць інфармацыю ў дактароў. Чым больш вы ведаеце, тым больш упэўнена будзеце адчуваць сябе ў такі адказны момант.

Платныя палаты і кесарава па жаданні

Доктар акушэр-гінеколаг акушэрскага аддзялення маладзечанскай бальніцы Вікторыя Волах расказала пра тое, як рыхтавацца да паездкі на роды.

Калі пачынаюцца схваткі, няпроста зразумець, калі варта ехаць у радзільню. Сучасным мамам у гэтым дапамагае дадатак на мабільны тэлефон «Лічыльнік схватак».

Як толькі прыйшло 37 тыдняў цяжарнасці, цяжарным варта зняць гель-лак. За манікюр з пакрыццём у радзільні дактары будуць незадаволеныя.

У маладзечанскай радзільні бясплатна існуе паслуга партнёрскіх родаў. Разам з парадзіхай на родах можа прысутнічаць муж, маці, сястра, але ім трэба загадзя здаць аналізы, якія сапраўдныя месяц. Тэрапеўт дасць даведку, гэта заключэнне будзе дзейнічаць тры дні. Пры жаданні падчас партнёрскіх родаў тата дзіцяці можа перарэзаць пупавіну.

Некаторыя жанчыны цікавяцца, ці могуць рабіць кесарава сячэнне па жаданні парадзіхі. У Беларусі кесарава робяць толькі па медыцынскіх паказаннях. Гэта аперацыя, і, як любая аперацыя, яна мае асаблівасці.

Пасля родаў жанчыну перавозяць у палату да іншых маладых мам. Пры жаданні жанчына можа папрасіцца ў платную палату. Калі маюцца свабодныя месцы, то вас пакладуць туды.

У платнай палаце ёсць свой санвузел, вы будзеце адна, вас могуць наведваць сваякі.

У звычайныя палаты таксама могуць прыходзіць наведнікі, але толькі ў тым выпадку, калі не супраць іншыя жанчыны.

Ці можа жанчына нараджаць у любым медыцынскім цэнтры? Гэта пытанне цікавіць многіх будучых мам. І сапраўды, жанчына можа абраць любую ўстанову для родаў.

• Текст доступен на языке: Русский