Акушэры-гінеколагі, педыятры і іншыя дактары абмеркавалі разам з будучымі мамамі і татамі пытанні цяжарнасці, родаў і догляду за немаўлятамі.

Рэспубліканскі кангрэс «MamaPRO» прайшоў у Маладзечне 20 лютага.

У якасці спікераў выступалі дактары як з Маладзечна, так і запрошаныя госці з Мінска. Перад выступленнямі асноўных спікераў з вітальным словам выступіў намеснік міністра аховы здароўя Вячаслаў Шыла, акушэр-гінеколаг і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Марына Шкроб, галоўны акушэр-гінеколаг Мінскай вобласці Вольга Каспяровіч, галоўны доктар Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы Дар’я Калядзіч, кандыдат медыцынскіх навук Марына Шчавелева.

Заснавальнік праекта MamaPRO акушэр-гінеколаг Дыяна Мардас расказала, што ёй спадабалася маладзечанская радзільня. У ён нават бясплатна існуе паслуга партнёрскіх родаў. А праз некалькі тыдняў плануюць зрабіць відэаэкскурсію па радзільні – каб будучым мамам было спакайней класціся ў месца з ужо знаёмымі сценамі, хай сабе і па відэа.

Настройвайцеся на добрае

Акушэр-гінеколаг маладзечанскай жаночай кансультацыі Вера Шалаева распавяла пра тое, як вядуць цяжарнасць і як класціся ў радзільню.

Як толькі вы даведаліся пра цяжарнасць, неабходна стаць на ўлік у жаночай кансультацыі. Калі вы зробіце гэта да 12 тыдняў цяжарнасці, будзеце рэгулярна наведваць доктара і выконваць рэкамендацыі, пасля нараджэння дзіцяці атрымаеце дадатковую грашовую дапамогу. Нячаста, але былі выпадкі, калі камісія вырашала адмовіць жанчынам у выплаце гэтай дапамогі.

На кожную афармляюць «Індывідуальную карту цяжарнай і парадзіхі», на рукі вам выдаюць «Абменную карту». Абменную карту неабходна захоўваць, каб пасля ўзяць з сабой у радзільню.

Цяжарным давядзецца прайсці шэраг дактароў і здаць нямала аналізаў. Усе яны надзвычай важныя для здароўя і мамы, і дзіцяці. Перад кожным візітам да гінеколага трэба рабіць аналіз мачы – менавіта ён дапаможа доктару дакладна сачыць за станам вашага арганізма і цячэннем цяжарнасці. У доктара вам будуць мераць ціск і правяраць вагу.

Цягам цяжарнасці жанчына праходзіць тры ўльтрагукавыя даследаванні. Часам пасля іх могуць накіраваць на дадатковыя кансультацыі.

Пасля 28-30 тыдняў накіроўваюць на кардыётакаграфію – менавіта там вы будзеце добра чуць сэрца будучага сына або дачкі.

Некаторыя будучыя мамы перажываюць, калі іх накіроўваюць на захаванне цяжарнасці. Доктар параіла ў такой сітуацыі настройвацца на добрае, супакойваць сябе тым, што гэта часова, што гэта магчымасць адпачыць ад побытавых клопатаў, пазнаёміцца з іншымі будучымі мамамі.

Што ў радзільні адбываецца з немаўлятамі

Доктар-неанатолаг Любоў Лыско распавяла пра тое, як дактары даглядаюць за нованароджанымі. У радзільні за тыя некалькі першых дзён жыцця неанатолагі паспяваюць даведацца ўсю патрэбную інфармацыю пра стан дзіцяці.

Праводзяць скрынінг, які дазваляе праверыць слых, праводзяць аналіз на прыроджаныя захворванні, дзіця аглядае артапед. У першыя 12 гадзін дзіцяці робяць вакцыну супраць гепатыту В, на 3-5 суткі – супраць туберкулёзу.

Усе прышчэпкі робяць з дазволу бацькоў. На думку доктара, іншай абароны ад гэтых хваробаў не існуе, таму вакцынацыя неабходная. Яшчэ ў радзільні праводзяць аналіз на групу крыві.

Гіпнароды могуць дапамагчы

Магістр псіхалагічных навук Сяргей Драбышэўскі распавёў пра важнасць псіхалагічнай настройкі будучай мамы. Падзяліўся досведам – ён дапамагаў сваёй жонцы ў перадродавым перыядзе гіпнозам.

Адмысловы спосаб, па меркаванні псіхолага, дапамог скараціць роды. Калі звычайна яны доўжацца 10-12 гадзін, то яны справіліся за пяць з паловай.

Што кажуць удзельнікі

Падчас кангрэса з залы было шмат пытанняў. Выходзячы, будучыя мамы дзяліліся, што вельмі здорава атрымаць столькі інфармацыі пра самае хвалюючае ад дактароў за адзін дзень.

Маладзечанка Марыя Такарэвіч прыйшла на кангрэс па рэкамендацыі гінеколага. Жанчына адзначыла, што ўсё прайшло выдатна, даведалася шмат карыснага. Яна чакае першае дзіця, таму з будучым сынам давядзецца многае спазнаваць. Добра, што ёсць мерапрыемствы, якія рыхтуюць да гэтых перамен.

У Маладзечне праходзіць кангрэс Мама Pro (Фота)

• Текст доступен на языке: Русский