Якаў Радына. Фота nn.by.

На вечары сустрэчы ў валожынскай школе №1 былы вучань Мяфодзій Радына звярнуўся да прысутных у сваім выступленні. Ён прапанаваў назваць школу імем свайго брата, доктара фізіка-матэматычных навук, члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі навук Якава Радыны. Школу Якаў Валянцінавіч скончыў у 1964 годзе.

Сваякі, аднакласнікі, БДУ – за наданне імя навукоўцы яго роднай школе

Па словах Мяфодзія Валянцінавіча, большасць прысутных прапанову падтрымалі. Пачалі збіраць подпісы за тое, каб родная школа навукоўцы насіла яго імя. На сёння сабралі больш за 50 подпісаў. З выпускнікоў школы, аднакласнікаў, калег з БДУ, дзе працаваў навукоўца, стварылі ініцыятыўную групу.

Звярнуліся ў Валожынскі райвыканкам з заявай пра наданне імя Якава Радыны яго роднай школе №1. Сябры групы лічаць, што гэта паспрыяе папулярызацыі навукі і захаванню памяці ў маладога пакалення. Пазначылі, што фінансавыя выдаткі ініцыятыўная група возьме на сябе.

Падключыўся і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Адсюль у Валожын накіравалі хадайніцтва аб наданні імя школе, падпісанае першым прарэктарам універсітэта Дзмітрыем Мядзведзевым.

Ёсць прапанова надаць школе імя Героя Савецкага Саюза

Аднак у Валожынскім райвыканкаме ініцыятыву не падтрымалі. Мяфодзій Радына атрымаў афіцыйны адказ. У ім паведамляюць, што за ўсе гады працы школы, ад 1958 года, – больш за тры тысячы выпускнікоў. Сярод іх шмат вядомых. Ва ўстановах адукацыі раёна рэалізуюць праект «Знакамітыя выпускнікі». Школьнікі вывучаюць іх біяграфіі і бяруць з іх прыклад.

«Ва ўстанове адукацыі аддаюць даніну павагі воінам і партызанам Вялікай Айчыннай вайны» – пішуць у адказе. Як доказ прыводзяць тое, што піянерская дружына школы названая ў гонар Васіля Шчарбіны – камандзіра разведвальна-дыверсійнага партызанскага атрада. Атрад дзейнічаў на тэрыторыі Валожыншчыны, а Шчарбіна пахаваны на валожынскай плошчы.

«У 2018 годзе да нас звярталася грамадскае аб’яднанне «Ветэраны ваеннай разведкі» таксама з просьбай аб наданні сярэдняй школе №1 імя Героя Савецкага Саюза Васіля Шчарбіны, імя якога носіць вуліца, дружына і бюст якога ёсць каля школы» – адзначаюць у дакуменце.

Школа такіх рашэнняў не прымае. Райвыканкам не лічыць неабходным

Таксама звяртаюць увагу на тое, што на сайце школы праводзілі галасаванне. Згодна з ім, больш за 85 працэнтаў, а гэта 118 чалавек, не падтрымліваць ідэю даць школе імя навукоўцы.

Абапіраючыся на ўсе гэтыя акалічнасці, у райвыканкаме не лічаць неабходным надаваць школе імя аднаго з выпускнікоў.

У валожынскай школе №1 карэспандэнту патлумачылі, што рашэнне аб наданні імя сваёй установе яны не прымаюць. Гэта не кампетэнцыя школы – установы дзяржаўнай, а не прыватнай. Мы толькі галасаванне на сваім сайце правялі, адказалі тут.

Сябры ініцыятыўнай групы з такім рашэннем не згодныя. Са сваёй заявай яны звярнуліся ў больш высокія інстанцыі.

– Чаму так: нам адразу адмовілі ў наданні імя, а аб’яднанню, што выступае за імя Шчарбіны, не адмаўляюць да гэтага часу? – не разумее брат Якава Радыны.

Як заўважыў Мяфодзій Радына, ён сутыкнуўся яшчэ і з тым, што ў Беларусі няма ніякіх нарматыўных дакументаў, якія б рэгламентавалі такую працэдуру як наданне імя ўстанове.

Даведка «РГ»

Якаў Валянцінавіч Радына нарадзіўся 1 снежня 1946 года ў вёсцы Брылькі на Валожыншчыне. У 1964 годзе скончыў з залатым медалём Валожынскую сярэднюю школу №1, у 1969 годзе – БДУ. Пасля вучобы тут адпрацаваў усё жыццё, прысвяціўшы сябе навуцы і педагагічнай дзейнасці. На працягу жыцця Якаў Валянцінавіч падтрымліваў сувязь з роднай школай і настаўнікамі.

Памёр 9 снежня 2016 года, пахаваны на валожынскіх могілках. Якаў Радына – беларускі матэматык, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, загадчык кафедры функцыянальнага аналізу БДУ, ганаровы прафесар Брэсцкага і Гродзенскага ўніверсітэтаў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

Якія ўстановы адукацыі рэгіёна, якія маюць імёны

Сярэдняя школа №1 імя Янкі Купалы ў Маладзечне

Імя народнага паэта школе надалі ў 1957 годзе. У 1960 годзе адкрылі пакой імя Янкі Купалы, дзе размясціліся матэрыялы аб жыцці і творчасці песняра. Пакой узначаліла педагог Зінаіда Уласава. Вучні двойчы сустракаліся з жонкай паэта Уладзіславай Луцэвіч. Як вядома, Янка Купалы быў цесна звязаны з Маладзечаншчынай. Нарадзіўся ў Вязынцы, працаваў у Радашкавічах і Яхімоўшчыне.

Ільянская сярэдняя школы Адама Грымаця

Імя свайго выпускніка 1955 года школа носіць ад 2004 года. Адам Грымаць – заслужаны работнік адукацыі, прафесар педагогікі, аўтар навуковых прац, вучэбных дапаможнікаў, манаграфій. Стаяў ля вытокаў сучаснай сістэмы работы вышэйшай школы. Памёр у 2000 годзе. Пахаваны на ільянскіх могілках. У школьным народным музеі «Ільянскія далягляды» ёсць экспазіцыя, прысвечаная Адаму Грымацю. Школа падтрымлівае сувязь з БДПУ імя Максіма Танка, дзе працаваў прафесар Грымаць.

Сярэдняя школа №1 імя Уладзіміра Дубоўкі ў Мядзеле

Імя паэта, празаіка, перакладчыка, лаўрэата літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы Уладзіміра Дубоўкі школа носіць ад 1990 года. У школе ёсць мемарыяльная зала, прысвечаная творцу. У мядзельскай школе Уладзімір Дубоўка вучыўся ў 1912-1914 гадах.

Будслаўская школа імя Паўліны Мядзёлкі

Педагог, актрыса, пісьменніца, заслужаны дзеяч культуры БССР Паўліна Мядзёлка нарадзілася ў Будславе. Доўгі час яна настаўнічала ў мясцовай школе. Паўліна Мядзёлка вядомая як першая выканаўца ролі Паўлінкі ў аднайменным спектаклі Янкі Купалы і як каханая паэта. Імя Паўліны Мядзёлкі школе надалі ў 1994 годзе. Ёсць у Будславе і аднайменная вуліца.

Жупранская школа імя Францішака  Багушэвіча

Імя грамадскага дзеяча, паэта, публіцыста і перакладчыка Францішака Багушэвіча школа ў Жупранах на Ашмяншчыне носіць ад 1962 года. У 1970 у школе стварылі музей Багушэвіча. У Жупранах паэт пахаваны.

Сакаўшчынскі дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Віктара Каваленкі

Гэтая школа на Валожыншчыне названая ў гонар навукоўца, акадэміка, пісьменніка Віктара Каваленкі. У Сакаўшчыне ён нарадзіўся ў 1929 годзе. Вучыўся ў мясцовай школе, педвучылішчы на Гродзеншчыне, педінстытуце ў Мінску. Пасля заканчэння аспірантуры працаваў у  Інстытуце літаратуры Акадэміі навук навуковым супрацоўнікам. Лаўрэат дзяржпрэмій, доктар філалагічных навук. Вядомы і як празаік. Імя школе прысвоілі у 2006 годзе.

Слабадская школа імя Адама Гурыновіча

Знаходзіцца на Мядзельшчыне. Імя паэта і фалькларыста, ураджэнца Мядзельшчыны носіць ад 1991 года. У школе існуе музей, прысвечаны паэту.

Старлыгскі дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Івана Аніські

На Мядзельшчыне ў аграгарадку Старлыгі ёсць школа, названая ў гонар выпускніка, воіна-інтэрнацыяналіста Івана Аніські. Ён нарадзіўся ў 1968 годзе ў вёсцы Конціненты Мядзельскага раёна. Загінуў у красавіку 1987 у Афганістане.

• Текст доступен на языке: Русский