Фота kubnews.ru.

Гэтая традыцыя непрадказальна шкодзіць прыродзе, таму і прапануюць знайсці ёй альтэрнатыву.

Распачала ініцыятыву ў Маладзечне ўдзельнік Рэспубліканскага моладзевага грамадскага аб’яднання «Нэкст Стоп – Нью Лайф» Ганна Сафонава ў межах дзейнасці арганізацыі. Актывісты збіраюць подпісы тых, хто прапануе адмяніць запуск шароў. За два дні актывісты сабралі каля 70 подпісаў. Агулам збіраць подпісы будуць каля тыдня, пасля накіруюць старшыні Маладзечанскага райвыканкама і начальніку аддзела адукацыі.

Пра тое, што традыцыю з запускам шароў варта замяніць, Ганна задумалася год таму. Яе сын заканчваў дзіцячы садок, і на выпускным захацелі выпусціць шарыкі. Частка бацькоў былі супраць акцыі, але ўсё ж большасць перамагла. Ганна з сынам таксама прынеслі шарык, але надзімалі яго самі, на выпускным не выпускалі, а пасля занеслі дадому і праз нейкі час выкінулі ў сметніцу:

– Так ён будзе ўтылізаваны на палігоне, дзе праз пяць год раскладзецца. Страшна, калі шары ляцяць невядома куды, трапляюць у прыроду, дзе іх могуць з’есці птушкі, заблытацца ў парэштках. Калі ж шар занесці назад дадому і выкінуць у сметніцу, шкоды будзе менш.

У гэтым годзе жанчына вырашыла патлумачыць большай колькасці людзей, што гэтае дзеянне прыносіць вялікую шкоду прыродзе. Натхніў прыклад барысаўскіх актывістак з клуба «Будзь сабою», з якімі пазнаёмілася на мерапрыемстве «InspiredBY».

Летась яны звярнуліся з подпісамі ў райвыканкам, пасля чаго ўлада рэкамендавала школам так скласці сцэнары выпускных, каб момант выпуску шароў у неба замяніць нечым іншым.

Ганна разглядае варыянты, якія могуць замяніць выпуск шароў. Напрыклад, дзеці могуць самастойна змайстраваць малыя архітэктурныя формы, закласці капсулу, пасадзіць дрэвы, зрабіць лаўкі. Магчыма, для былых школьнікаў будзе асаблівай фраза «сустрэнемся на нашай лаўцы».

Жадаючыя падтрымаць ініцыятыву могуць падпісаць зварот. Сёння і заўтра ён будзе ў «Крафт Кафэ» па Скарыны, 23а.

Чаму выпускаць шары шкодна

Актывісты звярнуліся да Міністэрства прыроды з просьбай патлумачыць стаўленне да запуску шароў у неба. Міністэрства адказала: «Лічым, што такія шкодныя для навакольнага асяроддзя традыцыі набылі масавасць і папулярнасць у першую чаргу ад недастатковасці адпаведнай інфармацыі. Таму Міністэрствам будуць прыняты адпаведныя меры па павышэнню інфармаванасці насельніцтва аб негатыўных наступствах для навакольнага асяроддзя ад выпуску паветраных шароў у атмасфернае паветра і рэкамендаванню замены такіх мерапрыемстваў на іншыя, больш экалагічныя».

Актывісты тлумачыць, у чым шкода шароў. Латэкс і капронавая нітка ад шароў забруджваюць асяроддзе і доўга раскладаюцца. Латэкс – пяць год, капрон – сто. Птушкі паміраць, калі заблытваюцца ў стужках ад шароў. Гелій, якім надзімаюць шары, гэта неаднаўляемы прыродны рэсурс, які можа знікнуць праз дзесяць год. Птушкі могуць успрымаць шары як ежу, з-за чаго паміраюць. Нярэдка шары заблытваюцца ў дратах, з-за чаго ўзнікаюць пажары.

Дырэктар гімназіі: падтрымліваю актывістаў

Кіраўнік гімназіі №6 у Маладзечне Ала Ярашэвіч станоўча ставіцца да ініцыятывы:

– Канешне, запуск шароў можна замяніць нечым іншым. Мы абмяркоўвалі гэта ў мінулым годзе, але бацькі закупілі шары, і было позна адмаўляцца. Нашы старшакласнікі самі гатовыя падпісаць зварот. Так што гэтую ініцыятыву падтрымліваю. Неяк у адным з суседніх раёнаў запускалі не шары, а кітайскія ліхтарыкі. Адзін з іх патрапіў у стог сена, і пачаўся пажар. Так што варта падумаць не толькі пра прыгожы момант, але і пра наступствы.

Прадавец шароў: не хочацца губляць кліентаў

Мы распыталі ў аднаго з прадаўцоў геліевых шароў пра стаўленне да ініцыятывы:

– Шары – адна з традыцый для выпускнога. Заўсёды будуць людзі, якія супраць нечага. Канешне, не хацелася б губляць кліентаў. І свята дзецям псаваць таксама не хацелася б.

Старшакласнікі: ужо думаем, чым замяніць шары

Тым часам самі старшакласнікі таксама абмяркоўваюць, ці варта запускаць шары на выпускным.

– Я лічу, што выпускаць шары неэкалагічна, – расказвае Ганна Пашкевіч са школы №5. – Мы разважалі наконт гэтага. Шары можна замяніць галубамі, як на вяселлі. Але, здаецца, ад гэтага будзе яшчэ больш праблем. А наогул можна нічога не выпускаць.

Насця Дземеш са школы №14 мяркуе так:

– Я за тое, каб на выпускным не выпускалі шары ў неба. Таму што цалкам разумею, наколькі яны шкодныя для прыроды. І не бачу сэнса ў гэтым, лепш сабе яго пакіну. Замест выпуска шароў можна кідаць каменчыкі або манеткі ў фантан і загадаць жаданне.

Ліза Яблонская са школы №14 падтрымлівае ініцыятыву:

– Я таксама думаю, што варта адмовіцца ад геліевых шароў, паколькі яны наносяць шкоду наваколлю. Замест гэтага трэба пасадзіць, напрыклад, якія-небудзь расліны. Будзе і прыгожа, і чыста.

• Текст доступен на языке: Русский