Аляксей Лукашэвіч (другі справа) з сябрамі і аднадумцамі падчас адной з сустрэч у Маскве. Фота са старонкі Аляксея ў фэйсбуку.

Некалькі год ураджэнец Ашмянаў Аляксей Лукашэвіч жыве ў Маскве. Працуе менеджарам па ключавых кліентах у адной з кампаній. А яшчэ Аляксей гуртуе вакол сябе тых беларусаў, якія жывуць у расійскай сталіцы.

Як пошукі беларусаў у Маскве ператвараюцца ў расследаванне

– Шукаць зямлякоў у Маскве пачаў ці не адразу пасля пераезду сюды. Неяк патрапіў на канцэрт Belarus Night Party, які арганізаваў хлопец з Ашмянаў. Далей на некалькіх вечарынах выступіў вядучым. А потым нешта сціхла ўсё. І суполка беларусаў Масквы пайшла ў вольнае плаванне, – распавядае Аляксей.

Аляксей падчас аднаго з падарожжаў. Фота са старонкі Аляксея ў фэйсбуку.

І тады наш зямляк вырашыў стварыць сваю суполку беларусаў у сацсетцы «УКантакце». Пачаў шукаць праз знаёмых, сяброў і запрашаць. Некалькі разоў хлопца блакавалі за спам беларусы, якія пераехалі ў Маскву. Каб не згубіць сваю старонку, прыйшлося стварыць яшчэ адну, і з той старонкі запрашаць. У выніку – заблакаваныя на сёння дзве старонкі, з якіх Аляксей запрашаў людзей. Але шмат з тых, хто далучыўся, былі радыя, што іх запрасілі, дзякавалі.

– Часам пошукі беларусаў у Маскве ператвараюцца ў расследаванне, – дзеліцца хлопец. – На старонцы – ні слова пра Беларусь, які-небудзь маскоўскі ўніверсітэт, праца мясцовая. А паглядзіш сяброў па гарадах – там 50% ці болей – Смаргонь, Маладзечна, Мінск, Віцебск.

Пішаш яму ці ёй, запрашаеш у суполку, а людзі пытаюць: «Як знайшоў?».

Сёння дзякуючы Аляксею і яго аднадумцам ёсць некалькі актыўных старонак беларусаў Масквы «УКантакце», адна ў «Фэйсбуку» і чат у «Вацапе». Тут людзі з усёй Беларусі: ад Віцебска да Брэста, ад Гомеля да Гродна.

Нашы сустрэчы – гэта сустрэчы сяброў

Праз сеткі беларусаў збіраюць на сустрэчы. Запрашаюць на піва, каву ці чай звычайна ў пятніцу. Па словах суразмоўцы, сёння не праблема пачуць у Маскве беларускія гурты. Прыязджаюць з канцэртамі «Без Білета», «J-MOPC», іншыя.

– Але канцэрт – гэта паслухаў і пайшоў, – кажа Аляксей. – А нашы сустрэчы – гэта сустрэчы сяброў. Тут усе рады бачыць кожнага новага чалавека. Аб’ядноўваем сталы, садзімся разам, як на свята са сваякамі, і размаўляем, слухаем музыку.

Такім чынам прайшлі сустрэчы з беларускімі музыкамі Сяргеем Башлыкевічам, Андрусём Такіндангам, Раманам Арловым.

Беларускасць, традыцыі, мова – праз усё жыццё

У Ашмянах Аляксей Лукашэвіч цяпер бывае не асабліва часта – раз на тры-чатыры месяцы. А між іншым родны горад і сябе ў ім памятае з часоў дзіцячага садка.

– Памятаю, што вельмі хацеў хутчэй вырасці і перайсці ў старэйшую групу, бо там быў вярстак і сапраўдная піла, якой можна было пілаваць, – прыгадвае хлопец.

Бацькі Аляксея спачатку працавалі ў тым жа садку: маці – выхавальніцай, а бацька – музычным кіраўніком. Потым бацькі перайшлі ў культуру. Маці стала загадчыцай Дома культуры ў Будзёнаўцы. Бацька ў розныя часы працаваў дырэктарам раённага Дома культуры, загадчыкам аддзела культуры раёна, мастацкім кіраўніком. Сёння бацькі ўжо няма. У Ашмянах у Аляксея засталася маці, Наталля Мікалаеўна, якая ўжо на пенсіі, але працуе індывідуальным прадпрымальнікам.

– Беларускасць, мова і традыцыі ідуць са мной праз усё жыццё, – кажа Аляксей. – Бацькі працавалі ў культуры. А ў маё дзяцінства, у 1990-х, быў уздым нацыянальнай культуры, мовы, традыцый.

Хлопец удзельнічаў ці не ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзіліся ў Будзёнаўскім клубе. А тады была мода на даўнія традыцыйныя абрады. Ладзілі гуканне вясны, Каляды, вяселлі традыцыйныя. Ды і самі Ашмяны па гаворцы – гэта больш беларуская мова з дадаткамі польскай і крыху рускай, лічыць Аляксей.

А яшчэ кожнае лета бацькі адпраўлялі дзяцей да бабулі ў Докшыцкі раён, дзе ў вёсцы размаўлялі на беларускай мове.

– Вось так кожныя тры летнія месяцы я набіраўся мовы. Да ўсяго, ад 5 да 11 класа класным кіраўніком была настаўніца беларускай мовы Ірына Іванаўна Матусевіч. Яна акрамя любові да роднай мовы развівала нас. Не прачытаць твор было амаль немагчыма, – прыгадвае Аляксей школьныя гады і шлях у беларускасць.

Сядзіба Стругачаў у Будзёнаўцы. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Са школы хлопец цікавіўся палітыкай, гісторыяй, краязнаўствам. Калі прыязджалі госці, то абавязкова паказваў конны комплекс недалёка ад Ашмянаў, сядзібу Стругача ў Будзёнаўцы, сёння занядбаную, касцёл, з яго вежамі і вітражамі.

На беларускую мову лепш пераходзіць разам

Стала на беларускую мову мой суразмоўца перайшоў тады, калі падчас вучобы на юрфаку Полацкага дзяржуніверсітэта пачаў падпрацоўваць у праваабарончым цэнтры «Вясна»:

– Хацелася даўно, але аднаму пачынаць было цяжка, разам – лягчэй. Да таго ж, там у нас стварылася суполка Задзіночання беларускіх студэнтаў. Пачалі ладзіць мерапрыемствы, ездзіць на трэнінгі разам з такімі ж студэнтамі, якім цікава была і Беларусь, і гісторыя, і мова. Гэта працягнулася і пасля заканчэння ўніверсітэта.

Пасля юрфака ў Полацку быў курс паліталогіі ў Варшаўскім універсітэце і Вышэйшая школа публічнай адміністрацыі ў Беластоку. Потым – Мінск, грамадская дзейнасць, працяг супрацоўніцтва з Задзіночаннем беларускіх студэнтаў.

Паехаў у Маскву, хоць у бок Расіі ніколі не глядзеў

– Паралельна, як і большасць ашмянцаў, займаўся аўтабізнесам – перагонам аўто з Літвы. Дзейнасць у грамадскай арганізацыі была больш для душы, грошай яна не прыносіла. А ў 2011 годзе павысіліся мытныя падаткі, і аўтамабільны бізнес скончыўся. Да 2012 года падпрацоўваў у розных месцах. А тут неяк паразмаўляў з сябрам, які таксама з Ашмянаў і які ўжо колькі год жыў і працаваў у Маскве. Той паклікаў да сябе. І хоць у бок Расіі ніколі не глядзеў, вырашыў паспрабаваць. І ў 2012 годзе з’ехаў, – распавядае Аляксей гісторыю свайго пераезду.

На маё пытанне, ці стаў ён большым беларусам у Маскве, адказ у Аляксея адназначны – не:

– У Мінску ў мяне было сталае кола сяброў і знаёмых, з кім мы размаўлялі на мове. І ў штодзённым жыцці тады было дзесьці 50/50. Цяпер добра, калі 10/90.

Але стараюся падтрымліваць мову на добрым узроўні. Чытаю навіны па-беларуску, перапісваюся з сябрамі на мове, стараюся па магчымасці размаўляць.

• Текст доступен на языке: Русский